На русском языке:
Минобороны совместно с Госпогранкомитетом проводят ИПСО про «Полонезы»
З 21 чэрвеня ва УС РБ праводзіцца праверка гатоўнасці УС РБ. Яна пачалася на наступны дзень пасля заявы Дзяржпамежкамітэта пра нібыта павелічэнне ўкраінскай групоўкі каля беларускай мяжы.
На працягу тыдня МА РБ штодня публікавала паведамленні аб праверцы. Для стварэння ўражання сурʼёзных «манеўраў» нават падрыхтоўка да ваеннага парада выдавалася за праверку. Але сёння сітуацыя абвастрылася.
Гераічная "бітва з РДК"
Раніцай 28 чэрвеня Дзяржпагранкамітэт заявіў:
- У паласе адказнасці Жытомірскага памежатрада знаходзіцца «Рускі добраахвотніцкі корпус» (РДК).
- У Ельскім раёне памежны нарад пасля прымянення «баявой зброі і сродкаў падаўлення» спыніў палёт беспілотніка (БЛА) з Украіны ўглыб Беларусі.
- Напярэдадні «на гэтым жа напрамку» была выяўлена схованка з кампанентамі для вырабу выбуховых прылад.
Характэрна, што Дзяржпагранкамітэт згадаў РДК, які раней праводзіў рэйды ў прыгранічных рэгіёнах Расіі, каля граніцы з Беларуссю, а не падраздзяленні беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Мабыць, для мацнейшага эфекту.
Класіка пастаноўкі, спяшайцеся бачыць!
Прэс-рэліз суправаджаўся відэа з кадрамі «прыгнечання» БЛА, а таксама «схованкай». Матэрыял зроблены ў найлепшых традыцыях беларускіх сілавікоў і мае ўсе прыкметы чарговай пастаноўкі.
- На апублікаваных кадрах бачна, што памежнік страляе па БЛА DJI Mavic з аўтамата. А ягоны калега стрэльбай «Навальніца-Р2» спрабуе пасадзіць беспілотнік. Незразумела, навошта было страляць, калі шанцы збіць БЛА з аўтамата невялікія.
- Дзяржпагранкамітэт заявіў, што на флэшцы з БЛА знойдзены відэа, якія пацвярджаюць вядзенне разведкі «прамысловых абʼектаў і пагранічнай інфраструктуры». Пры гэтым кадры палёту БЛА па тэрыторыі Украіны не былі паказаны. Цікава, чаму?
- Сюжэты са схованкамі зброі зʼяўляюцца ўжо класічнымі, і рэгулярна фабрыкуюцца сілавікамі.
Роўна праз гадзіну МА РБ заявіла, што «дывізіён РСЗА «Паланэз» […] удзельнічае ў выкананні задач па прыкрыцці дзяржмяжы». У каментары камандзір падраздзялення заявіў, што «дывізіён выйшаў у прызначаны раён з поўным боекамплектам» і «гатовы выканаць задачы па нанясенні ракетных удараў […] на працягу 20 хвілін».
Аб удзеле дывізіёна РСЗА «Паланэз» у праверцы было заяўлена яшчэ 21 чэрвеня. Аднак на працягу тыдня МА РБ нічога не паведамляла аб дзеяннях падраздзялення, захоўваючы «смугу вайны». Зберагалі джокера? Але па шчаслівым супадзенні ўспомнілі пра «Паланэзы» падчас выкрыцця чарговага «недружалюбнага кроку» з боку Украіны.
Усё вышэйпералічанае дазваляе канстатаваць, што Дзяржпагранкамітэт сумесна з МА РБ праводзіць скаардынаваную ІПСА.
Маленькая пераможная вайна ў тэлевізары
Варта нагадаць, што 3 ліпеня ў Менску адбудзецца самы маштабны вайсковы парад у гісторыі суверэннай Беларусі. Мерапрыемства павінна прадэманстраваць «моц» беларускага войска, якое гатова супрацьстаяць любым знешнім пагрозам.
Прапаганда ў драбнюткіх падрабязнасцях расказвае пра падрыхтоўку да мерапрыемства. Дык а чаму б у патрыятычным чадзе не правесці «маленькую пераможную вайну» ў інфармацыйнай прасторы? Глядзіце: парады парадамі, а мы яшчэ адначасова напады на мяжы адбіваем. А калі што – і на 300 км можам грымнуць! А там і ў вачах часткі абывацеляў выдаткі на войска і парад не будуць выглядаць неабгрунтаванымі. Ды і пра «ляскаюць гусеніцы» трэба нагадваць перыядычна, каб насельніцтва не расслаблялася.
Рэалізуемае ІПСА вельмі добра ўпісваецца і ў больш глабальную павестку. У сітуацыі, калі расійскі наступ у Харкаўскай вобласці захлынуўся, а Масква «хоць заўтра» гатовая сесці за стол перамоваў, можна панерваваць украінскую інфармацыйную прастору «пагрозай з беларускага кірунку».
Ці працуе гэта ІПСА? Нейкі эфект яно мае. Пацвярджэннем таму зʼяўляюцца паведамленні ў наш чат-бот, куды чытачы дасылаюць паведамленні ўкраінскіх каналаў, якія тыражуюць заяву МА РБ пра «Паланэзы».
Заклікаем не весціся на чарговую ІПСА. На сёння перадумоў паўтарэння ўварвання з тэрыторыі Беларусі (у тым ліку пры ўдзеле УС РБ) няма.