Minecraft, Skyrim, крыжаванкі і яшчэ 600 гульняў на беларускай мове

https://www.youtube.com/@strymler
6 хв.

У гэтую сонечную суботу мы зноў паглынаемся ў entertainment, а дакладней у gamedev на беларускай мове.

Так, сёння мы сабралі для вас відэа-гульні, якія ўжо маюць сапраўдную беларускамоўную лакалізацыю і гэта той выпадак, калі перад беларусамі яшчэ незлічоная колькасць праектаў для якіх неабходна зрабіць беларускі пераклад. Але ўжо зараз мы можам атрымаць сапраўдную асалоду ад культавых гульняў, што перакладзеныя беларусамі для беларусаў.

Minecraft — скрафці дыяментавую кірку!

Легендарная індзі-камп’ютарная гульня з адкрытым светам, што створана шведскім праграмістам «Нотчам» Маркусам Персанам.

Гульня афіцыйна дасяжная на беларускай мове і як пазначана пры запуску, беларуская лакалізацыя ўжо зроблена на 95%, і ў гэтай справе кожны можа прыняць удзел і дапамагчы перакладчыкам.

Запісалі нават крыху геймплэю, дзе паказваем як атрымаць варштат і драўляную кірку. Добра-добра, ідзем далей.

Спампаваць Minecraft з падтрымкай беларускай мовы можна тут.

The Elder Scrolls V: Skyrim

Ну гэта проста падарунак для аматараў серыі The Elder Scrolls. Skyrim — адна з найпапулярнейшых гульняў на планеце.

Беларусы зрабілі ўнутраны пераклад кніг, подпісаў, дыялогаў, усяго меню і мапы. Вядома, што ў перакладзе бярэ ўдзел больш за 15 асобаў, якія ўжо пераклалі не менш за 90 000 радкоў тэксту.

Спампаваць Skyrim на беларускай мове можна тут.

Легенды Айзэнвальда

Напэўна, гэта ўвогуле першапраходца ў справе беларускамоўных відэа гульняў. Бо гэта беларускамоўная гульня ад самага свайго стварэння.

«Легенды Айзэнвальда» — адзінаасобная тактычная ролевая гульня ад беларускай кампаніі «Aterdux Entertainment». Дзеянне адбываецца ў выдуманым княстве Айзенвальд у сярэднявечнай Нямеччыне часоў Святой Рымскай імперыі.

Дарэчы сродкі на гульню збіралі праз Kickstarter і з 2015 году яе можа сцягнуць на Windows праз Steam.

Спампаваць гульню можна тут.

Тры ёсць, а дзе яшчэ 600?

Мы ўжо распачалі гаворку аб Steam дык вось, каб далёка не адыходзіць ад тэмы хочам нагадаць, што летась пляцоўка дадала афіцыйную падтрымку беларускай мовы і заклікала распрацоўшчыкаў да 1 кастрычніка дадаць свае моўныя пакеты ў гульні.

І, на самой справе, гэта вельмі істотны крок для падтрымкі беларускай мовы, бо ўжо сёння — у траўні 2023 г. — у Steam ёсць 617 гульняў, якія маюць беларускамоўную лакалізацыю. Так, безумоўна, большасць з іх гэта простыя tower defense ці ўзровень сапёра, але справа ідзе.

Паглядзець гульні з падтрымкай беларускай мовы ў Steam можна тут.

Крыжаванкі — класіка на беларускай мове

Вядома ж, ствараючы такую падборку мы проста не маглі не звярнуць увагу на беларускамоўныя мабільныя гульні. Так, іх пакуль ня шмат і тут справа ў афіцыйнай падтрымцы распрацоўшчыкаў кантэнту з боку Apple і Google.

Акурат зараз беларусы збіраюць подпісы за даданне беларускай мовы на iOS у якасці сістэмнай, што моцна палепшыла б сітуацыю.

Падпісаць петыцыю можна тут.

А пакуль можам звярнуць увагу на класіку. Самая распаўсюджаная ў свеце гульня са словамі ёсць і на беларуская мове і дасяжная на iOS і Android.

Спампаваць Крыжаванкі на iOS тут.
Спампаваць Крыжаванкі на Android тут.

Размаўляйце на беларускай, гуляйце на беларускай!

Папярэдні матэрыял
Вучэнні УС РБ/РФ у Беларусі прадоўжаныя мінімум да 15 траўня
Наступны матэрыял
Загінулы кіроўца Прылепіна – адзін з вагнераўцаў, затрыманых у Беларусі ў 2020 годзе

Iншыя матэрыялы