На русском языке:
На беларусских предприятиях дефицит упаковки для молока, йогуртов, вина, соков, сырков и других продуктов
Яшчэ ў канцы траўня з’явілася інфармацыя, што на заводзе Tetra Pak, які знаходзіцца ў РФ, сканчваецца фарба для ўпаковак, там перайшлі на рэжым строгай эканоміі, а расійскія вытворцы сокаў, віны, морсаў, што выкарыстоўваюць упакоўку Tetra Pak, зараз будуць выпускаць сваю прадукцыю ў белай упакоўцы з выкарыстаннем мінімальнай колькасці колераў.
Ужо тады стала зразумела, што праблема так ці інакш закране і беларускія прадпрыемствы, якія закупляюць упакоўку для прадуктаў, у тым ліку, і на заводзе Tetra Pak у г. Лобня (Маскоўская вобласць, РФ). Таксама ў беларускіх крамах перыядычна пачалі заўважаць прадукты «не ў сваёй упакоўцы», напрыклад, малако Мінскага малаказавода №1 у пакунку з-пад клубнічнага ёгурту.
У рэдакцыі motolko.help атрымалася высветліць, што праблемы на ММЗ №1 не толькі з пачкамі для малака, але і з упакоўкай для шматлікіх іншых малочных прадуктаў.
Вось невялікі спіс з упакоўкай для якіх пазіцый на заводзе дэфіцыт (як следства, перабоі з пастаўкамі або адсутнасць дадзеных тавараў у крамах):
▪️ Сыр тварожны (няма стаканаў),
▪️ Ёгурты «Yoguru» (няма стаканаў),
▪️ Малако «Мінская марка» 0,5-2 л. (няма каробак),
▪️ Малако дзіцячае «Дэпі» 250 мл. (няма каробак),
▪️ Малако «Славянскія традыцыі» 0,5-1 л. (няма каробак),
▪️ Сырок глазураваны «Малочная краіна» з печывам і начыннем трускаўкі са смакам вяршкоў (няма ўпакоўкі),
▪️ Тварог «Мінская марка» (няма ўпакоўкі).
Акрамя ўпакоўкі, на Малаказаводзе ёсць праблемы і з наяўнасцю напаўняльнікаў (варэння, джэмаў) для ёгуртаў і дэсертаў, а таксама шакаладу для глазураваных сыркоў. Аднак дэфіцыт з упакоўкай назіраецца не толькі на дадзеным заводзе. З праблемай сутыкнуліся і іншыя беларускія прадпрыемствы.
❌ «Беллакт». Адсутнічаюць трубачкі для піцця. Дзіцячае малако, пітныя ёгурты і кефір выпускаюць без трубачак.
❌ «Савушкін прадукт». Ёгурты Teos у аб’ёме 250 гр. і іншыя ёгурты ў шкляначках 350 гр. выпускаюць без пластыкавых вечкаў.
❌ «Агракамбінат «Сноў». Праблемы з Tetra Pak-упакоўкай для малака.
❌ Лідскі малочна-кансервавы камбінат. Малака і кефіру ў скрынках няма, усё толькі ў поліэтылене.
❌ «Мінскі завод вінаградных він». Віно «Старая келля» ва ўпакоўцы Tetra Pak не будзе прадавацца мінімум некалькі месяцаў.
Больш за тое, паведамляюць, што сам завод Tetra Pak значна скараціў пастаўкі ў РБ. Па словах крыніц, з продажу ў Беларусі могуць увогуле знікнуць сокі ў тары 1,95-2 літры, то бок упакоўкі для іх адмовіліся пастаўляць у РБ. У той жа час, замясціць буйную тару літровай, завод пагадзіўся толькі на 40%.
«Акрамя таго, абмежавалі каляровасць пачкаў да 15%, гэта значыць рознакаляровай мусіць быць не больш за 15% ад усёй упакоўкі, што відаць па фота тых жа «Садаў прыдоння». Такімі хутка будуць упакоўкі ўсіх сокаў у РБ. І выключна літровыя. Усё з-за таго, што няма фарбы з-за санкцый», — паведамляюць крыніцы.
Калі вы можаце распавесці, як санкцыі закранулі менавіта вашае прадпрыемства ці кампанію, просьба напісаць нам у @motolko_bot.