In English:
An employee died at Belorusneft, another employee is in a serious condition
На русском языке:
На «Белоруснефти» погиб сотрудник, еще один в тяжелом состоянии
У ноч з 27 на 28 лістапада на прадпрыемстве «Беларуснафта» загінуў памочнік свідроўшчыка Уладзімір Цалуйка. Пра гэта паведамляе блог «Адлюстраванне» са спасылкай на сястру загінулага.
27 лістапада Уладзімір Цалуйка выйшаў на змену. Ён быў памочнікам свідроўшчыка. Па словах яго сястры, у 23:20 з-за павышэння ціску ва ўстаноўцы адбыўся выбух гідракампенсатара, у выніку чаго мужчына загінуў. Яшчэ адзін чалавек зараз знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане — у яго пашкоджаныя ногі. Па словах сястры загінулага, следчыя пачалі працу над устанаўленнем прычын здарэння.
Уладзіміру Цалуйку было 33 гады, у яго засталася жонка і двухгадовая дачка.
.
Фота: тэлеграм-канал «Флагшток»
Тэлеграм-канал «Флагшток» паведамляе, што разрыў цела пнеўмакампенсатара адбыўся на свідравіне №42 Някрасаўскага нафтавага радовішча Светлагорскага ўпраўлення буравых работ кампаніі «Беларуснафта» падчас пробнага запуску.
Яшчэ адзін рабочы зараз знаходзіцца ў бальніцы, у яго адкрыты пералом нагі.
Па словах сястры загінулага, следчыя пачалі працу над устанаўленнем прычын здарэння.
Дапоўнена ў 18:25
Следчы камітэт пацвердзіў выбух на нафтавым радовішчы «Някрасаўскае», пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве.
«Папярэдне ўстаноўлена, што падчас правядзення рамонтных работ помпавага блока адбыўся выбух пнеўмакампенсатара наносу. У выніку выбуху 33-гадовы памочнік свідроўшчыка загінуў на месцы, яго 49-гадовы калега шпіталізаваны з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі», – сказана ў заяве.
Рэчыцкі раённы аддзел СК праводзіць праверку з гэтай нагоды. Таксама спецыяльнае расследаванне праводзіць Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы.