На русском языке:
На учения в Россию отправилась новая группа беларусских военных
Паводле інфармацыі «Беларускага Гаюна», для ўдзелу ў вучэннях на тэрыторыі Расіі зноў адправіліся беларускія вайскоўцы. Гаворка ідзе аб адным з падраздзяленняў в/ч 30677 — 127-й брыгады сувязі (тэрытарыяльнай). Упраўленне брыгады дыслакуецца ў н.п. Калодзішчы (Мінскі раён). Для ўдзелу ў якіх вучэннях адправіліся сувязісты — не паведамлялася.
Нагадаем, што 13 жніўня МА РБ паведаміла, што падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі УС РБ адправіліся ў Расію для правядзення палявога выхаду. Якія менавіта — не ўдакладнялася.
Можна меркаваць, што гаворка ідзе аб падраздзяленнях 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады (в/ч 12180) і 465-й ракетнай брыгады (в/ч 61732), узброеных РСЗА «Паланэз-М» і АТРК «Іскандэр-М» адпаведна.
Таксама 26 жніўня былі апублікаваны кадры пагрузкі тэхнікі аднаго з дывізіёнаў 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады, узброеных 300-мм РСЗА «Смерч». Падраздзяленне адправілася ў Расію «для адпрацоўкі пытанняў баявога прымянення».
На фоне чарговага «абвастрэння» на паўднёвай мяжы адпраўка падраздзяленняў УС РБ на вучэнні за мяжу выглядае нелагічнай. Калі ваенная пагроза з боку Украіны такая сур’ёзная [так сцвярджаюць прапагандысты], то войскі трэба наадварот канцэнтраваць у Беларусі, а не адпраўляць у Расію.
Гэта лішні раз пацвярджае, што вайсковай пагрозы для Беларусі з боку Украіны не існуе. А перакідка войскаў у Гомельскую вобласць — не больш чым інфармацыйная акцыя рэжыму Лукашэнкі.
Адзначым, што падраздзяленні 8-й радыётэхнічнай і 15-й зенітнай ракетнай брыгад, 56-га і 115-га зенітных ракетных палкоў, 56-га асобнага палка сувязі і 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы, якія ўдзельнічалі ў вучэннях на расійскім палігоне «Ашулук », вярнуліся ў пункты пастаяннай дыслакацыі.