На русском языке:
На заводе беленой целлюлозы в Светлогорске произошёл взрыв: погибли минимум три человека
Аднымі з першых пра выбух на заводзе беленай цэлюлозы ў Светлагорску паведамілі праваабаронцы гомельскай «Вясны». Пазней інфармацыю пацвердзілі і МНС.
Па афіцыйных дадзеных, на заводзе ААТ «Светлагорскі ЦКК» адбылася ўспышка газапаветранай сумесі. Вядуцца работы па пошуку двух рабочых прадпрыемства, якія праводзілі рэгламентныя работы.
Па інфармацыі светлагорскага канала @ranak_me, выбух адбыўся ў раёне 15:30-15:40. Мяркуючы па фатаграфіях, каля будынкаў завода выбітае шкло, пацярпела ашалёўка, таксама каля завода бачныя лужыны з нейкай вадкасцю. Як піша «Ранак», «меркавана, з тэрыторыі выцякае нейкая вадкасць, каб спыніць уцечку, засынаюць пілавіннем».
Старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Шабетнік заявіў, што «пагрозы для жыцця і здароўя насельніцтва няма».
«Радыё Свабода» піша, што гук выбуху быў чутны ў суседняй са Светлагорскай вёскай – Якімава Слабада. Паводле інфармацыі розных крыніц, на заводзе мог узарвацца кацёл. Акрамя таго, мясцовыя жыхары ў чатах паведамляюць, што ў горадзе адчуваецца «рэзкі хімічны пах».
«Выбух быў такі, нібыта бомба ўпала. Дарэчы, той чан ужо ўзрываўся ў 2020 годзе, тады загінулі людзі», — паведамілі крыніцы «Радыё Свабоды».
Па непацверджаных звестках праваабаронцаў, у выніку выбуху ёсць загінуўшыя. Гомельская «Вясна» паведамляе, што гаворка можа ісці пра 4 загінуўшых. «Наша Ніва» таксама паведамляе, што паводле папярэдняй інфармацыі пацярпелі ў выніку выбуху чацвёра. Ва ўсіх дыягнаставаны паверхневыя раненні галавы і паверхневыя апёкі рук. Медыцынская дапамога аказана брыгадамі хуткай дапамогі на месцы, ад шпіталізацыі пацярпелыя адмовіліся.
Нагадаем, што ў 2020 годзе на Светлагорскім ЦКК ужо быў выбух. Тады разарваўся трубаправод з наступным выкідам чорнага шчолаку. Пацярпелі двое працоўных, адзін з іх сканаў у лякарні.
Пазней ад начальніка Светлагорскага РАНС Андрэя Высоцкага стала вядома, што загінулі як мінімум тры чалавекі.
Паводле яго слоў, падчас пошукава-выратавальнай работы на месцы аварыі знойдзены астанкі, як мяркуецца, траіх чалавек. Разбор завалаў і пошукавыя работы працягваюцца.