Працягвае паступаць інфармацыя аб падрыхтоўцы бамбасховішчаў на розных аб’ектах краіны. Так, паведамляюць, што апроч школ і ВНУ, вызваляюць хованкі таксама і ў паліклініках, а ў адным з будынкаў Акадэміі Навук у бамбасховішчы падводзяць ацяпленне і ваду.
Акрамя таго, крыніцы паведамляюць, што рабочым аднаго з заводаў Мінска на сённяшнім сходзе праводзілі інструктаж па эвакуацыі ў прытулак і сказалі: «тым, у каго ёсць дзеці, у абавязковым парадку нашыйце на адзенне біркі з нумарамі тэлефонаў бацькоў».
Дарэчы, у папярэдняй публікацыі мы ўжо ўзгадвалі, што, па ўсёй бачнасці, спіс адрасоў сховішчаў – гэта закрытая інфармацыя, якую не выдаюць. Дык вось – гэта праўда, бо гомельскае выданне «Флашток» паспрабавала азнаёміцца са спісам бамбасховішчаў Гомеля і патэлефанавала ва ўпраўленне МНС па Гомельскай вобласці, спытаўшы: дзе гэты спіс атрымаць?
Адказ дзяжурнага быў наступным: «Нідзе. Гэта інфармацыя для службовага карыстання. … [Збудаванні] гатовыя, сам факт у тым, што спрацоўвае сірэна, вы ўключаеце радыёпрыёмнікі, тэлевізары, вы атрымліваеце інфармацыю, што трэба рабіць. А потым мы ўжо самі будзем запрашаць, прывозіць, завозіць, таму… адрасы вы не знойдзеце. Яны [бамбасховішчы] ёсць на кожным прадпрыемстве, арганізацыі. У залежнасці ад таго, дзе вы працуеце, вы будзеце ведаць, дзе яны [хованкі] маюцца».