«Палітычнае нараджэнне беларускай нацыі»: Ціханоўская выступіла з прамовай на ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863-64 гг.

belamova
5 хв.

In English: «Political birth of the Belarusian nation»: Tsikhanouskaya delivered a speech at the commemoration of the rebels of 1863-1864

У Вільні 21 студзеня ўшанавалі паўстанцаў 1863-64 гг. Цырымонія адбылася на могілках Росы. Беларусь на ёй прадстаўляла лідар дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская, якая выступіла з прамовай. Прыводзім прамову Святланы Ціханоўскай цалкам.

«Паважаныя прэзідэнт Гітанас Наўседа, прэзідэнт Анджэй Дуда, амбасадар Пятро Бешта.

Дарагія сябры, у кожнага народу ёсць гераічныя старонкі ў гісторыі, і для нас, беларусаў, паўстанне 1863 году — адна з іх.

Нашыя продкі адмовіліся жыць пад прыгнётам акупантаў. Яны выбралі годнасць замест пакоры. Свабоду замест рабства. Цывілізаваную Еўропу замест варварскай імперыі.

І хоць паўстанне не скончылася перамогай, яно засведчыла палітычнае нараджэнне беларускай нацыі. А Кастусь Каліноўскі, які кіраваў паўстаннем на нашых землях, — стаў сімвалам нашай супольнай барацьбы за свабоду.

«Палітычнае нараджэнне беларускай нацыі»: Ціханоўская выступіла з прамовай на ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863-64 гг.

Цырымонія на могілках Росы / Позірк

Cёньня чатыры народы — Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны — яднаюць месцы яго нараджэння, ягонага змагання і пакутніцкай смерці. Яднае памяць пра яго ў імені палка, які бароніць сёння Украіну.

У паўстанцкім парыве нашыя паняволеныя народы былі з’яднаныя. Гэтае аб’яднанне дзеля свабоды папярэднічала будучай Аб’яднанай Еўропе.

Нашыя народы змагаліся за свабодную будучыню ўсяго кантыненту. Але тады гэтага не зразумелі, не адчулі ў еўрапейскіх сталіцах. І не прыйшлі на дапамогу.

Нашыя народы паняволілі надоўга. Найлепшых людзей вынішчылі. Справа свабоды пацярпела паразу. І сёння чарговы раз лёс свабоды, дэмакратыі і права народаў на самавызначэнне вырашаецца ў нашым рэгіёне.

І зноў мы супрацьстаім той самай імперыі. І зноў мусім спадзявацца на салідарнасць дэмакратычнага свету.

Тая ж імперыя і цяпер імкнецца разбураць еўрапейскую салідарнасць з Украінай, а паміж нашымі народамі спрабуе сеяць недавер. Але ў іх нічога не атрымаецца. І тое, што мы тут усе разам — таму сведчанне.

Тагачаснай Расійскай імперыі карцела не толькі знішчыць права нашых народаў на самастойнае жыццё, але і самую іхную ідэнтычнасць — мову, культуру, гістарычную памяць і еўрапейскія каштоўнасці. „У нас адно вучаць у школах, каб цябе зусім перарабіці на маскаля“, – выкрываў палітыку „рускага міру“ Каліноўскі.

«Палітычнае нараджэнне беларускай нацыі»: Ціханоўская выступіла з прамовай на ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863-64 гг.

Беларусы на ўшанаванні памяці паўстанцаў / Радыё Свабода

Гэтаксама і цяпер Расія спрабуе сцерці ўкраінскую і беларускую самасвядомасьць, каб палегчыць і апраўдаць далейшую агрэсію. А прарасійскі рэжым у Беларусі выкараняе беларускую мову і закрывае школы польскай і літоўскай меншасцяў.

Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна спрабуюць знішчыць саму памяць пра тое паўстанне. Імя Кастуся Каліноўскага выціраюць са школьных падручнікаў.

Месяц таму ў Лідзе знішчылі надпіс на магіле святара-паўстанца Адама Фалькоўскага. Яго расстралялі за тое, што зачытаў маніфест паўстанцаў і заклікаў сваіх вернікаў да барацьбы.

Тыраны могуць знішчыць помнікі, перапісаць падручнікі, закатаваць людзей у турмах, але ім ніколі не ўдасца знішчыць гераічны паўстанцкі дух.

Гэты дух сёння жыве ў мільёнах беларусаў. У тых, хто выходзіў на вуліцы ў 2020-м. У нашых бясстрашных ваярах, якія бароняць Украіну. У нашых нязломных палітвязнях, якія праходзяць праз здзекі у лукашэнкаўскіх турмах. Ён жыве ў нашых партызанах. У сумленных выкладчыках і музыках. Мастаках і актывістах.

Гэты дух жыве ўва ўсіх нашых свабодалюбных народах.

І наш абавязак — давесці да канца справу, распачатую паўстанцамі.

Я веру, што гэтым разам у нас усё атрымаецца. Тыранія пацярпіць паразу.
Я веру, што гэтым разам дэмакратычны свет не пакіне нашыя народы сам-насам з агрэсарам.

Украіна абавязкова пераможа. А Беларусь вернецца ў Еўрапейскую сям’ю, якой належыць гістарычна.

Жыве Беларусь! Слава Украіні! Niech Żyje! Tegyvuoja Lietuva!», — сказала Ціханоўская.

У цырымоніі ў Вільні таксама ўзялі ўдзел прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і амбасадар Украіны Пётр Бекшта.

Папярэдні матэрыял
Электрычка "Мінск-Пухавічы" загарэлася падчас руху
Наступны матэрыял
З французскага аўкцыёну прададуць яхту "беларускага мільярдэра" за €10 млн?

Iншыя матэрыялы