Пасля пераарыентацыі грузаперавозак з краін Балтыі ў расійскія парты кошт перавозак для БЧ вырас да 98%

7 хв.

На русском языке: После переориентации грузоперевозок из стран Балтии в российские порты стоимость перевозок для БЖД выросла до 98%

Прапаганда разам з чыноўнікамі ўвесь час заяўляюць, што лёгка і нязмушана перавядуць чыгуначныя грузаперавозкі з літоўскіх і латвійскіх партоў у расейскія, бо «браты адкрылі для нас рынак» (і без таго заўсёды адкрыты).

Але як ідуць справы ў рэальнасці?

Пасля пераарыентацыі грузаперавозак з краін Балтыі ў расійскія парты кошт перавозак для БЧ вырас да 98%

Як адзначае Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі, адразу пасля таго, як пайшла гаворка пра поўную пераарыентацыю беларускіх грузаў у Расею, «браты» прыкінулі свае выгады і прыняліся зарабляць на бязвыхаднасці сітуацыі БЧ. Напрыклад, РЖД адмовіла ў перавозках нафтапрадуктаў у вагонах-цыстэрнах, якія належаць БЧ. Памер стратаў БЧ ацаніла каля 30 млн. даляраў ЗША ў год.

Пры гэтым маршруты вывазу праз Расію падаўжэлі ў некалькі разоў у параўнанні з партамі краін Балтыі: з 600-800 км даставак да партоў Літвы ці Латвіі, да 1000 км у парты Балтыйскага басейна і да 2700 км у парты Каспійскага басейна. Гэта прывяло да падаражэння перавозак — ад 11% да 98% у параўнанні з партамі краін Балтыі. Пераплата за перавозку 1 млн. тон складае каля $3,2 млн.

Чыгуначнікі адзначаюць, што пакуль БЧ церпіць страты, Расея наадварот добра зарабляе на праблемах рэжыму — не менш за 100 дадатковых млн даляраў у год.

Напрыклад, з-за таго, што павялічыліся тэрміны дастаўкі з 3-4 сутак да 7-14 і неабходная колькасць вагонаў. У выніку на дарогах РЖД сярэднесутачна знаходзіцца 4916 вагонаў (да 2022 — 2594, рост 189%). У сярэднім беларускія вагоны праводзяць у РФ 20 сутак, да 2022 г. гэты паказчык быў у межах 5-7 сутак. Усё гэта — грошы, якія БЧ плаціць расейцам.

Таксама Супольнасць чыгуначнікаў адзначае, што дзяржава абяцае нарасціць грузаабарот да 16 млн. тон да 2030 года. Забываючыся аб тым, што ў 2019 годзе грузаабарот праз парты Літвы, Латвіі, Эстоніі і Украіны ўжо складаў 19-20 млн тон.

Транзіт

Яшчэ адна вялікая праблема – транзіт праз Беларусь. У параўнанні з паказчыкамі 2019 года ён упаў амаль у тры разы (з 39 да 14 млн тон). Пры гэтым Кітай, для якога па словах прапаганды «Беларусь мае асаблівае значэнне», як раз і скарачае перавозкі. Чыгуначнікі зазначаюць, што ў святле санкцый і магчымай блакады беларускай мяжы з ЕС Кітай пераарыентуецца на іншыя маршруты.

Цалкам з матэрыялам Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі можна азнаёміцца тут.

Папярэдні матэрыял
Новы «эвакуацыйны» рэйс «Белавіі» адправіўся ў Егіпет
Наступны матэрыял
Візіт Лукашэнкі ў Гомель перанесены на заўтра?

Iншыя матэрыялы