In English:
Investigation: Coca-Cola produced in Belarus is being sold in Crimea
На русском языке:
Расследование: в Крыму начали продавать Кока-Колу произведённую в Беларуси
Рэдакцыя motolko.help высветліла, што прынамсі з сярэдзіны лістапада ў крамах акупаванага Крыма пачала прадавацца арыгінальная Кока-Кола, разлітая на заводзе УП «Кока-Кола Бевриджиз Белоруссия» ў в. Калядзічы ў Рэспубліцы Беларусь. Размова можа ісці пра кантрабандныя пастаўкі з Беларусі праз РФ для далейшай рэалізацыі.
Першыя паведамленні пра продаж беларускай Кока-Колы ў Крыме нам паступілі ў другой палове лістапада. Крыніцы паведамлялі, што з’явілася яна зусім нядаўна – у сярэдзіне лістапада.
У доказ былі прадстаўленыя фотаздымкі напою ў двух абʼёмах: 1,5 л. у пластыкавай бутэльцы і 0,33 л. у бляшанай банцы.
Беларуская Кока-Кола, якая прадаецца ў крамах Крыма / motolkohelp
Адразу правядзем першасны агляд. На ўпакоўках сказана, што прадукт выраблены з дазволу The Coca-Cola ўнітарным прадпрыемствам «Кока-Кола Бевриджиз Белоруссия». Прыводзіцца і юрыдычны адрас: 223056, Рэспубліка Беларусь, Мінскі раён, в. Калядзічы 147/2, і адрас самой вытворчасці. Юрыдычны адрас цалкам супадае з адрасам, пазначаным на сайце coca-cola.by.
Кантактная інфармацыя на сайце coca-cola.by / motolkohelp
Супадае і нумар тэлефона, які пазначаны на абедзвюх бутэльках. Дадатковым пацвярджэннем арыгінальнасці з’яўляецца і сімвал зарэгістраванага таварнага знака – ®, які прысутнічае на бутэльках.
Аднак цалкам скапіяваць упакоўку, у тэорыі, можна. Таму глядзім і на штрых-код, пазначаны на бляшанай банцы. Правяраем першыя 7 лічбаў праз дадатак «Крама», і пасля гэтага няма сумневаў, што перад намі беларускі арыгінал.
Праверка штрых-кода на бляшанцы з Колай / motolkohelp
Ці ёсць доказы, што Кола прадаецца менавіта ў Крыме?
Паводле інфармацыі крыніцаў, Кока-Кола беларускага разліву пачала паступаць у продаж у розных крамах, прынамсі ў Сімферопалі і Алушце. Прычым гаворка ідзе не пра рынкі, а пра невялікія сеткавыя крамы.
Бясспрэчным доказам набыцця гэтага напою ў Крыме служыць касавы чэк. Для бяспекі мы схавалі шэраг звестак.
Касавы чэк пра набыццё беларускай Кока-Колы ў Крыме / motolkohelp
Дзякуючы чэку можна зразумець, што тавар быў набыты ў краме па адрасе Крым, г. Сімферопаль, вул. 60 гадоў Кастрычніка, 22. Там знаходзяцца адразу некалькі прадуктовых крамаў: універсам «Яблык», «Прывоз» і «Араматы чай і кава».
Як праверыць, у якой з гэтых крамаў быў набыты напой? На самім чэку назва крамы не пазначаная, але ёсць ІНП і назва юрыдычнай асобы – ТАА «Сінап». Праверка па ІНП пацвярджае, што такая юрыдычная асоба існуе, і валодае ёй Булгакава Алена Дзмітрыеўна, якая з’яўляецца ўладальніцай яшчэ мінімум 7-мі кампаній.
Адрасы рэгістрацыі большасці з юрыдычных асобаў Алены Дзмітрыеўны паказваюць на адрасы буйной сеткі крамаў у Крыме – «Яблык». Дадатковым пацверджаннем зʼяўляецца інфармацыя пра адну з яе кампаній на Е-Дасье, дзе сказана: «Фірмовая назва кампаніі – Яблык».
Скрын з сайта Е-Дасье з дадзенымі кампаніі ТАА «Грын Айс», якая таксама належыць Алене Булгакавай / motolkohelp
Такім чынам, гаворка ўжо ідзе пра нелегальную рэалізацыю прадукцыі кампаніі The Coca-Cola Company не дробным прыватнікам, а дастаткова буйной сеткай прадуктовых крамаў у Крыме.
Па інфармацыі на 2gis, у сеткі «Яблык» не менш за 30 крамаў у Крыме, а на іх старонцы ў VK сказана, што яны прысутнічаюць не толькі ў Сімферопалі.
Адрасы крамаў «Яблык» у Крыме / motolkohelp
«Нашыя крамы размешчаныя ў многіх населеных пунктах Крыма: Сімферопаль, Севастопаль, Еўпаторыя, Ялта, Алушта, Белагорск, Чарнаморскае, Партэніт, Судак, Сакі, Джанкой», – сказана на старонцы Яблыка ў ВК.
Акрамя гэтага, нам таксама вядома, што Кока-Кола беларускай вытворчасці паступіла ў продаж і ў іншай сетцы прадуктовых крамаў у Крыме – «7М Безцэн».
Ці маем мы справу з абыходам санкцыяў?
Вельмі падобна на тое. Яшчэ ў чэрвені 2022 года Reuters са спасылкай на заяву The Coca-Cola Company паведаміў, што ў Расіі спыніцца вытворчасць і продажы Кока-Кола і іншых прыналежных гэтай кампаніі брэндаў.
На сайце прадстаўніцтва Coca-Cola Company ў РФ таксама сказана, што кампанія прыпыняе сваю дзейнасць у Расіі.
Скрын з сайта Кока-Кола Расія / motolkohelp
Ключавое пытанне толькі ў тым, ці звязаная УП «Кока-Кола Бевриджиз Белоруссия» з пастаўкамі арыгінальнага напою ў Крым?
Верагодна, крамы крымскай сеткі «Яблык» праз сваіх пастаўшчыкоў набываюць газіроўку беларускай вытворчасці і вязуць яе на продаж нават не ў РФ, а на акупаваную тэрыторыю Украіны – ці так гэта? Нам пакуль невядома.
Тым не менш, гаворка можа ісці не пра некалькі соцень бутэлек, а мінімум пра дзясяткі тысячаў. Нялішнім будзе нагадаць, што ў верасні 2022 года Мінск і Севастопаль заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве, нягледзячы на тое, што афіцыйны Мінск не прызнаў Крым расійскім.
Для высвятлення сітуацыі хацелася б атрымаць каментары ад кампаніі «Кока-Кола Бевриджиз Белоруссия». Ці вядома кампаніі пра тое, што яе прадукцыя прадаецца на тэрыторыі акупаванай часткі Украіны, і ці будуць яны рабіць крокі, каб спыніць ланцужкі паставак у Крым?
Калі вам вядомыя падрабязнасці пра пастаўкі беларускай Кока-Колы ў Крым ці вы ведаеце, у якіх яшчэ крамах Крыма прадаецца прадукцыя The Coca-Cola Company, вырабленая ў Беларусі – пішыце ў @motolko_bot або праз ананімную форму для сувязі ніжэй. Просьба адразу дасылаць фота/відэа з пацверджаннямі, калі праз форму, то залівайце на telegra.ph і прымацоўвайце спасылку.
Што вам вядома пра пастаўкі беларускай прадукцыі The Coca-Cola Company ў Крым?
Апішыце ўсё максімальна падрабязна. Пацверджанні ў выглядзе фота/відэа можна заліць на telegra.ph і дадаць спасылкай. Дзякуй!