На русском языке:
Рихтер: «Ограничения необходимо вводить не по признаку паспорта, а по признаку сотрудничества с режимом Лукашенко»
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр пракаментавала законапраект «Аб увядзенні абмежавальных мер у дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны», які Сейм Літвы 21 сакавіка прыняў у першым слуханні.
«Гэты закон не мяняе візавых абмежаванняў, якія ўжо існуюць для беларусаў. Гэтыя абмежаванні былі ўведзеныя ў сувязі з абвешчаным Надзвычайным становішчам. Гуманітарныя візы выдаваліся з падтрымкай МЗС Літвы, і для людзей, якія трапілі пад палітычныя рэпрэсіі рэжыму, працэс атрымання візаў застанецца нязменным.
Грамадзяне Беларусі, якія ўжо маюць часовыя віды на жыхарства, або нацыянальныя літоўскія візы, або шэнгенскія візы, выдадзеныя Літвой, змогуць прадоўжыць падавацца на атрыманне часовага віду на жыхарства. Дадзены закон таксама абмяжоўвае атрыманне электроннага рэзідэнцтва і подпісу, і пакуль што не да канца зразумела, ці будзе магчымасць у тых, хто ўжо меў рэзідэнцтва, абнавіць яго, калі скончыцца тэрмін дзеяння.
Нельга казаць пра тое, што дадзеныя абмежаванні не адпавядаюць міжнародным стандартам правоў чалавека. Закон абараняе інтарэсы Літвы ў галіне нацыянальнай бяспекі, і мы разумеем непакой краіны.
На наш погляд, закон павінен быць накіраваны на тых людзей, хто, прыехаўшы ў Літву, працягвае супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі фінансава ці шляхам перадачы інфармацыі сілавым структурам. І ў гэтым выпадку асцярогі літоўскага ўрада зразумелыя. Беларускія дэмакратычныя сілы ў гэтым толькі вітаюць намаганні Літвы, разумеючы небяспеку прысутнасці такіх людзей на яе тэрыторыі. Аднак у Літоўскай Рэспубліцы нямала людзей, якія вымушана пераехалі ў краіну з-за палітычна матываванага пераследу і працягваюць супраціў рэжыму, які ўсталяваўся ў Беларусі.
На жаль, гэты закон таксама б’е па тых, хто пражыў у Літве больш за 10 гадоў, бо законам прыпыняецца разгляд заяваў аб прыёме ў грамадзянства Літвы. Гэтае палажэнне тычыцца тых, хто яшчэ да падзеяў 2020 года і нават да анэксіі Крыма апынуўся тут, пабудаваў сваё жыццё тут – вывучыў мову, уладкаваўся на працу або адкрыў сваю справу і робіць істотны ўнёсак у эканоміку Літвы. Такія кампаніі, як FLO, Wargaming і EPAM ужо традыцыйна ўваходзяць у топ IT-бізнесаў па выплачаных падатках, а большасць іх супрацоўнікаў – грамадзяне Беларусі. Больш за тое, пры прыёме ў грамадзянства Літоўскай Рэспублікі прэтэндэнты праходзяць строгі кантроль, у тым ліку з боку службаў бяспекі Літвы.
Для таго, каб пазбегнуць непаразумення з літоўскім бокам, мы гатовыя актыўна працаваць з дзяржавай, каб абмежаванні не закраналі тых, хто выразна і адназначна выказаўся супраць расійскай агрэсіі ва Украіне і супрацьстаіць чалавеканенавісніцкай палітыцы рэжыму Лукашэнкі. Мы можам прапанаваць Літве распрацоўку механізмаў па верыфікацыі і іншай неабходнай падтрымцы, каб прадстаўнікі беларускай дыяспары не сутыкаліся з неапраўданымі абмежаваннямі ў свой адрас, а таксама не адчувалі сябе ў сітуацыі нявызначанасці. Законапраект у прапанаваным выглядзе стварае значныя цяжкасці для законапаслухмяных і лаяльных Літве грамадзянаў Беларусі, у тым ліку тых, якія доўгі час пражываюць у Літоўскай Рэспубліцы. Мы адсочваем рэакцыю нашай дыяспары на дадзены законапраект і ведаем пра ўвесь той непакой, які ўзнікае ў чатах беларусаў у Літве.
Мы лічым, што падобныя абмежаванні неабходна ўводзіць не па прыкмеце пашпарта, а па прыкмеце супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, выключаючы з іх людзей, якія супраціўляюцца рэжыму і вайне ва Украіне».