Нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская — пра Рамана Бандарэнку, забітага 12 лістапада 2020 года.
«Сёння Раман Бандарэнка мог святкаваць Народзіны. Але тры з паловай гады таму рэжым жорстка і бесчалавечна закатаваў яго да смерці. Час ідзе, але боль трагедыі жыве ўнутры нас.
Немагчыма звыкнуцца з думкай пра тое, што людзей забіваюць за іх перакананні. Матуль кідаюць за краты – і пагражаюць пазбаўленнем бацькоўскіх правоў. Сталым людзям смяюцца ў твар турэмныя ахоўнікі, калі чуюць просьбы пра медычную дапамогу.
Немагчыма змірыцца з тым, што кожны дзень заводзяцца дзясяткі крымінальных справаў за каментары ў інтэрнэце, а вінаватыя ў забойстве, якое здарылася ў цэнтры сталіцы і мела рэзананс па ўсім свеце, дагэтуль не знойдзеныя і не пакараныя.
Немагчыма прыняць тое, што прапаганда здымае пакаянныя відэа з бездапаможнымі людзьмі, якія гатовыя на ўсё, абы зноў убачыць блізкіх, а ўсе расследаванні незалежных журналістаў пра забойства Ромы – з аўдыязапісамі і доказамі, сабранымі экспертамі – выкідваюцца ў сметнік.
Немагчыма ўявіць, што дактары, якія змагаліся за жыццё чалавека, апынуліся за кратамі, бо распавялі нам праўду.
Немагчыма «перагарнуць старонку», якая ў крыві Рамана і другіх беларускіх герояў, забітых за прагу да свабоднай і незалежнай Беларусі. Старонку, якая кожны дзень поўніцца новымі імёнамі тых, каго спрабуюць знішчыць: кідаюць у ШІЗА, ізалююць ад свету ў рэжыме інкамунікада, ціснуць на родных.
Гэта дзень – нагода ўспомніць не толькі Рому, але ўсіх тых, чые адвага і мужнасць сталі сімвалам барацьбы за свабоду Беларусі.
Беларусь памятае сваіх герояў. Бо героі не паміраюць!»
Раман Бандарэнка нарадзіўся 1 жніўня 1989 года. Ён удзельнічаў у пратэстах 2020 года, у тым ліку дапамагаў абсталёўваць Плошчу Перамен. Раман быў збіты ўвечары 11 лістапада 2020 года лукашыстамі, сярод якіх кіраўнік федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў, прэс-сакратарака Лукашэнкі Наталля Эйсмант і інш. Ён памёр, не прыходзячы ў прытомнасць, 12 лістапада.
Пасля смерці прапаганда намагался выставіць «п’яным хуліганам», але апублікаваныя журналісткай Кацярынай Барысевіч факты даказалі, што ён быў абсалютна цвярозым. За гэта рэжым кінуў за краты Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна, які перадаў ёй гэтыя дадзеныя.
Да забойства Рамана Бандарэнкі датычныя:
- Дзмітрый Віктаравіч Шакута (чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу),
- Дзмітрый Юр’евіч Баскаў (кіраўнік федэрацыі хакея),
- Наталля Мікалаеўна Эйсмант (прэс-сакратарка Лукашэнкі),
- Ганна Міхайлаўна Эйсмант (вядучая спартыўных навін, сястра мужа Наталлі Эйсмант – Івана Эйсманта),
- Павел Уладзіміравіч Воўчак (хакеіст, член хакейнай каманды Лукашэнкі),
- Жанета Мікалаеўна Воўчак (псіхолаг, жонка Паўла Воўчака),
- Сяргей Васільевіч Сарман (супрацоўнік САХР),
- Сяргей Міхайлавіч Анцюфееў (супрацоўнік САХР),
- Алег Ігаравіч Буйкевіч (супрацоўнік САХР),
- Раман Вітальевіч Савенка (супрацоўнік САХР),
- Яўген Уладзіміравіч Ціманоўскі (супрацоўнік САХР),
- Руслан Аляксандравіч Куляшоў (супрацоўнік АМАП),
- Раман Аляксандравіч Крывашэін (супрацоўнік АМАП),
- Аляксей Валер’евіч Бабкоў (супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Мінска