На русском языке:
Светлана Тихановская: «Русский язык – не наш выбор. Беларусов насильно русифицируют несколько веков»
Сёння, у Дзень роднай мовы, нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў:
«Сёння – Дзень роднай мовы. Якую мову вы лічыце роднай? А на якой размаўляеце? Думаю, большасць беларусаў у адказ на апошняе пытанне назаве рускую. Хтосьці можа сказаць, што гэта не яго выбар, што ён так прызвычаіўся, што бацькі так навучылі, што з маленства чуў толькі рускую мову. Як і шмат хто з беларусаў, я калісьці таксама пра гэта не задумвалася.
Але руская мова – не наш выбар. Гэта не выбар нашых бацькоў. Гэта не выбар нават нашых дзядуляў з бабулямі, бо калісьці іх прымусова пераводзілі з беларускай мовы на рускую. Гэта не выбар беларускай нацыі, якую некалькі стагоддзяў сістэматычна русіфікуюць. «Што не зробіць рускі штык, тое зробіць рускі поп, рускі чыноўнік і руская школа» – так нібыта казаў Мураўёў-Вешальнік, які жорстка задушыў паўстанне Кастуся Каліноўскага. Беларусаў гвалтам прымушалі адмовіцца ад роднай мовы і родных сімвалаў, ад сваіх каранёў і сваіх герояў. Таму пагадзіцца з русіфікацыяй – гэта не толькі нібыта здрадзіць справе каліноўцаў, але і не даць шанец нашым нашчадкам на свабоднае жыццё.
Хтосьці можа сказаць – але навошта нам беларуская мова? Рускую разумеюць больш людзей, хіба гэта не зручней? Жывуць жа некаторыя нацыі з чужой мовай і нічога. І, увогуле, няма нічога дрэннага ў рускай мове, бо не руская ж мова забівае людзей.
Так, гэтыя довады часта можна пачуць. Безумоўна, некаторыя нацыі так жывуць. Безумоўна, забіваюць не літары. Але за гэтыя літары зараз ваююць людзі. Расія напала на Украіну, бо вырашыла, нібыта Украіна, яе народ і мова не павінны існаваць. У знішчаным учшэнт Марыупалі ў першую чаргу акупанты замянілі шыльды – з украінскіх на рускія.
Бо мова мае значэнне. Мова – гэта не проста сродак камунікацыі паміж людзьмі. Гэта яшчэ і свабодны доступ да інфармацыйнай прасторы. Ведаеце, гэты прыклад дакладна зразумеюць менавіта беларусы. Мову можна параўнаць з візай.
Калі ў вас ёсць еўрапейская віза, вы можаце прыехаць у ЕС, павандраваць па розных краінах, даведацца бліжэй іх культуру і зразумець, ці падобныя гэтыя людзі на нас. Праз мову вы далучаецеся да іншай інфапрасторы. І гэта працуе з любой іншай мовай – англійскай, нямецкай, іспанскай, якой заўгодна.
А у Беларусі – бязвіз з Расіяй. Беларусь апошнія стагоддзі непрапарцыйна моцна знаходзіцца ў расійскай культурнай і інфармацыйнай прасторы. Але я радая бачыць, што ўсё часцей беларусы абмяркоўваюць інтэрв’ю Мелказёрава, аналітыку Чалага ці Шрайбмана – а не іх расійскіх калег. Усё часцей з машынаў беларусаў гучаць Naviband, Nizkiz і Вольскі. Часцей беларусы глядзяць нашыя фільмы і чытаюць нашыя кнігі – а не расійскія.
Беларусаў больш за 9 мільёнаў чалавек. У Еўропе ёсць краіны, дзе колькасць жыхароў значна меншая, але людзі там на сваёй мове абмяркоўваюць сваіх спевакоў, сваіх футбалістаў, сваіх палітыкаў – а не суседніх. Давайце абмяркоўваць беларускіх спевакоў, беларускіх футбалістаў, беларускіх палітыкаў. Абмяркоўваць па-беларуску. Пішыце тэксты і музыку, здымайце відэа, малюйце, вядзіце свае старонкі ў сацсетках – рабіце гэта на роднай мове.
Пашырайце вакол сябе беларушчыну. Бо беларуская мова – не толькі мова, на якой размаўляюць беларусы. Беларуская мова – гэта яшчэ і наш супраціў цяпер. І запавет тым, хто будзе пасля нас».