Сёння беларуская лідарка пачала працоўны візіт у Варшаву з сустрэчы з Дональдам Тускам – прэм’ер-міністрам Польшчы, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай. Гэтая сустрэча становіцца асабліва значнай у сувязі са старшынствам Польшчы ў Радзе ЕС з 1 студзеня і адкрывае новыя перспектывы для ўзаемадзеяння паміж польскімі ўладамі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Цягам гадзіны палітыкі ўздымалі важныя для беларусаў пытанні:
- вырашэнне праблемаў, з якімі часцей за ўсё сутыкаецца беларуская дыяспара ў Польшчы;
- мабільнасць беларусаў унутры краіны, у тым ліку – магчымасці пашырэння выдачы візаў;
- шляхі вызвалення Анджэя Пачобута і ўсіх палітвязняў у Беларусі;
- сітуацыю на мяжы Польшчы і Беларусі.
У тым ліку абмяркоўвалася і далейшае супрацоўніцтва паміж польскімі ўладамі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Туск адзначыў, што падчас старшынства Польшчы ў ЕС Беларусь будзе прыярытэтным напрамкам.
Святлана Ціханоўская:
«Адбылася вельмі цёплая і плённая сустрэча ў фармаце тэт-а-тэт. Удзячная польскаму ўраду і прэм’еру Туску за трывалую падтрымку беларусаў і паслядоўную пазіцыю ў стаўленні да рэжыму Лукашэнкі. Нашае супрацоўніцтва – гэта не толькі знак салідарнасці, але і ўнёсак у агульную барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў рэгіёне».