In English:
Will the abandoned 369th Missile Regiment be restored in Belarus?
На русском языке:
В Беларуси восстановят заброшенный 369-й ракетный полк?
Учора ў раёне 16:00 маніторынгавай групай «Беларускі Гаюн» быў зафіксаваны прылёт верталёта Мі-8 ВПС РБ у раён в. Чарацянка (Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць), каля якой з 1959 па 1996 гг. дыслакаваўся полк ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння (РВСН) – 369-ы гвардзейскі ракетны Уладзімір-Валынскі ордэна Багдана Хмяльніцкага полк (в/ч 42691), пад пазыўным «Сад».
Паводле нашай інфармацыі, 12 чэрвеня ў раёне 14:20 верталёт Мі-8 ВПС РБ вылецеў з аэрадрома ў Мачулішчах на тэрыторыю былой в/ч 41738 каля в. Волма (Смалявіцкі раён, Мінская вобласць), дзе знаходзіцца так званая «Пляцоўка 400. Купал» і дыслакуюцца войскі УС РФ.
У 14:50 гэты ж верталёт вылецеў з «Купала» ў напрамку в. Чарацянка, дзе і знаходзіцца закінуты 369-ы полк РВСН в/ч 42691, а ў раёне 17:00 вярнуўся з Чарацянкі ў Мачулішчы.
Што гэта ўвогуле за ракетны полк?
У інтэрнэце можна знайсці зусім няшмат фота гэтага месца і, мяркуючы па стане на 2017 год, уся інфраструктура (у тым ліку платформа для разгрузкі ядзерных ракет, чыгунка, кацельні, казармы і склады) знаходзіліся ў цалкам непрыдатным стане.
Фота для каруселі — крыніца: swalker.org
Раней у склад палка ўваходзілі два дывізіёны з сумарна 8-ю адзінкамі пускавых установак для вадкасных аднаступенных балістычных ракет наземнага базіравання Р-12 SS-4. Таксама на балансе палка стаялі: савецкі рухомы грунтавы ракетны комплекс РСД-10 «Піянер» і ракетны комплекс стратэгічнага прызначэння РТ-2ПМ «Таполя».
Акрамя таго, мяркуючы па тым, што на тэрыторыі палка знаходзілася платформа для разгрузкі ядзерных ракет, можна сказаць, што ядзерныя боегалоўкі там таксама прысутнічалі.
На гэты момант невядома, ці пачаліся там работы па рамонце. Але па наяўных фота і відэа матэрыялах можна сказаць, што бягучы стан аб’ектаў непрыдатны хоць да нейкага выкарыстання, варыянт — толькі зносіць і будаваць на гэтым месцы нанова. У той жа час, не будзе лішнім заўважыць, што за апошні тыдзень у Беларусь прыляталі некалькі пасажырскіх самалётаў ПКС РФ: Ту-134 (RF-66053), які прыляцеў 11 чэрвеня ў 10:10 і паляцеў 12 чэрвеня ў 18:50, а таксама Ту-154Б (RA-85554), які прыляцеў 8 чэрвеня ў 13:30 і паляцеў у той жа дзень у 17:55 у Перм.
Калі вам вядома, у якім стане зараз знаходзіцца 369-ы ракетны полк і ці адбываецца там штосьці — пішыце ў @HajunBYbot або ў ананімную форму для сувязі ніжэй.