У беларускіх кінатэатрах зноў паказваюць прэм’еры Галівуду

Wikimedia common files
4 хв.

На русском языке: В беларусских кинотеатрах вновь показывают премьеры Голливуда

Чытачы звярнулі ўвагу, што ў кінатэатрах Беларусі пачаўся паказ новага фільма студыі Walt Disney Pictures – «Чорная Пантэра: Ваканда навекі».

Гэтая навіна не заслугоўвала б увагі, калі б 28 лютага 2022 г. кампанія Walt Disney не заявіла, што спыняе выпуск фільмаў у РФ, а значыць і ў Беларусі.

Пачнём з таго, што на найбуйнейшай у свеце базе дадзеных аб кінематографе IMDb прадстаўлены спіс дат рэлізу гэтага фільма ў розных краінах. У асноўным гэта 9-11 лістапада 2022 г. і ні Беларусі, ні РФ у гэтым спісе няма, а вось Украіна, да прыкладу, ёсць. Больш за тое, роўна такую ж інфармацыю нам дае і расійскі «Кінопоіск».

Тым не менш на розных сайтах з афішамі бачна, што паказ новай «Чорнай Пантэры» ужо стартаваў не толькі ў Менску і абласных цэнтрах, але таксама і ў Мазыры, Рэчыцы, Оршы і г.д.

▪️ Як гэта магчыма, калі кінастудыя сышла/спыніла працу на рынках РФ/РБ? 

У канцы лістапада выданне Onliner пыталася ў гендырэктара «Кінавідэапракату» Вольгі Дзюльдзі якім чынам галівудскія прэм’еры зноў зʼявіліся на экранах беларускіх кінатэатраў. Па словах Дзюльдзі:

«Прапанова папрацаваць з блокбастарамі паступіла ад праваўладальнікаў… Падыход да пракату гэтых фільмаў нічым не адрозніваецца ад усіх іншых. Фільмы праходзяць рэгістрацыю ў дзяржрэгістра, атрымліваюць узроставае абмежаванне і выходзяць на экраны нашых кінатэатраў».

Гэта значыць кінакампаніі Walt Disney Pictures, Columbia Pictures, Warner Brothers, 20. Century Fox, Universal Studios, Sony і іншыя, якія заяўлялі аб тым, што спыняюць / прыпыняюць працу ў РФ – самі вырашылі вярнуцца і нікому пра гэта не сказалі?

Сумняваецца ў гэтым і кінажурналіст Тарас Тарналіцкі, які ў каментары выданню Радыё Свабода сказаў:

«Гэтыя фільмы – «Чорны Адам», «Хутчэй за кулі», «Чорная пантэра 2. Ваканда назаўжды» – наогул не маглі зʼявіцца на расійскім і беларускім кінарынку. Тут, як і з Макдональдсам, сітуацыя зусім незразумелая. У мяне такое адчуванне, што лагістыка змянілася. Офісы, якія працавалі ў Расіі і Беларусі, пачалі працаваць з СНД».

Тарналіцкі таксама адзначыў, што неафіцыйна крытыкі і журналісты кажуць: «гэта пірацкія паказы».

▪️ Ёсць і больш паказальны прыклад

Пытанні датычна захавання аўтарскіх правоў узнікаюць і да паказаў іншых замежных карцін, якія круцяць у беларускіх кінатэатрах. Вельмі паказальны прыклад – мультфільм вытворчасці Walt Disney Pictures «Я чырванею». Згодна з афішай, паказы гэтай стужкі на снежань запланаваны ў Мінску, Оршы і Магілёве. Але ж у заяве Walt Disney ад 28 лютага кампанія падкрэслівала, што не будзе выпускаць менавіта гэты мультфільм у РФ, а значыць пераводзіць яго на рускую мову.

«Мы прыпыняем выпуск тэатральных фільмаў у Расіі, у тым ліку будучы »Я чырванею« ад Pixar», – заяўлялі ў кампаніі The Walt Disney Company.

Хацелася б даведацца ў прадстаўнікоў «Кінавідэапракату»: Фільмы замежных кінакампаній паказваюць у Беларусі нелегальна ці той жа Walt Disney сапраўды даў нейкія правы на паказ?

Калі вы можаце адказаць нам на гэтае пытанне, то просьба перадаць інфармацыю ў @motolko_bot праз вашых сваякоў/сяброў замежжам.

Папярэдні матэрыял
Дуда: «Мы будзем і далей падтрымліваць вас, каб вы здабылі сваю вольную незалежную радзіму»
Наступны матэрыял
Чэхія можа прызнаць КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі

Iншыя матэрыялы