Сёння ў Мінск прыляцеў борт нумар T-751 рэйсам SUI561, які належыць швейцарскім ВПС. Вядома, што на шляху са Швейцарыі борт ненадоўга спыніўся ў Вільні. Маршрут быў наступным: Цюрых – Жэнева – Вільня – Мінск. Прабыўшы ў мінскім аэрапорце усяго 35 хвілін, борт выляцеў.
У інтэрнэце сталі выказваць меркаванні, што на ім магла паляцець грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ, якая цяпер адбывае тэрмін у жаночай папраўчай калоніі ў Гомелі за тое, што зняла балаклаву з АМАПаўца.
Еўрарадыё даведалася, што Наталлі Хершэ на борце самалёта не было. У МЗС Швейцарыі журналістам сказалі, што гэты самалёт быў задзейнічаны ўладамі для правядзення аперацыі па рэадмісіі асоб, якія былі абавязаныя пакінуць тэрыторыю Швейцарыі. У мэтах бяспекі дадзеных, швейцарскія ўлады не маюць права даваць якія-небудзь іншыя дадзеныя.
Рэадмісія — гэта згода дзяржавы на прыём назад на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, якія падлягаюць дэпартацыі з іншай краіны, тлумачыць выданне.