Па нашай інфармацыі, мігрантаў працягваюць масава прывозіць у Нацыянальны аэрапорт. Літаральна ўчора ўвечары пісалі, што ў MSQ прыляцеў чарговы борт з Сірыі.
Акрамя таго, нам вядома, што грамадзяне з Ірака і суседніх краін прыбываюць на самалётах з Ерэвана, Стамбула, Бейрута і ААЭ.
«Ляцеў на мінулым тыдні, нашых — адсоткаў 10, а астатнія — іранскія турысты з дзецьмі і бауламі…. Па-англійску нi слова, па рэакцыі сцюардэс зразумеў, што гэтая з’ява носіць рэгулярны характар», — распавялі рэдакцыі motolko.help.
На фота — пасажыры з Ірака ў чаканні пасадкі на борт Belavia ў Мінск. Фота з мінскага аэрапорту, на жаль, апублікаваць мы не можам з мэтаў бяспекі для аўтараў фота.
Іх стала настолькі шмат, што афармляць проста не паспяваюць, консульскі аддзел працуе ва ўзмоцненым рэжыме, але і гэта не дапамагае. Толькі ўчора ў транзітнай зале мінскага аэрапорта знаходзіліся каля 450 грамадзян з арабскіх краін.
Наколькі нам стала вядома, гэтая сітуацыя ўтварылася не ўчора-пазаўчора, многія мігранты сядзяць там ужо больш за 5 дзён.
«Ужо другі тыдзень консульскі пункт у аэрапорце акупаваны і немагчыма зарэгістраваць рэальных турыстаў, каб атрымаць візы. Людзі начуюць, каб зарэгістраваць турыстаў. Невядомыя кампаніі здаюць дакументы пачкамі, з памылкамі і, вось цуд, усе прымаюць. Усе мы выдатна разумеем, што там за «турысты», — распавялі нам.
Больш за тое, паведамляюць, што пасажыраў міжнародных рэйсаў сустракаюць «на зямлі», без доступу ў транзітную залу, каб нідзе не ўсплылі фатаграфіі збору людзей, якія, у прамым сэнсе, там жывуць.