У Польшчы і Літве жыве не менш за 106 985 беларусаў

pasporta.org
4 хв.

На русском языке: В Польше и Литве проживают не менее 106 985 беларусов.

Балтыйская служба навін са спасылкай на Дэпартамент міграцыі Літвы паведамляе, што за 11 месяцаў 2022 года беларусы атрымалі ў Літве 22 890 дазволаў на часовае пражыванне (ВНЖ) і было зменена 5 127 дазволаў на часовае пражыванне.

Для разумення, сёлета беларусам выдалі на 49% больш ВНЖ, чым летась (у 2021 г. – 15 318). А вось нацыянальных візаў беларусам выдалі крыху менш – 19 641, у 21-м было 21 360.

Калі скласці колькасць выдадзеных ВНЖ з візамі і дадаць колькасць змененых ВНЖ (гэта можа быць і працяг), то атрымліваецца, што мінімум 47 658 беларусаў уладкаваліся ў Літве на 2022 год. Гэта больш, чым насельніцтва Ваўкавыска ці Калінкавічаў.

Характэрна таксама, што ў ліпені прадстаўнік Дэпартамента міграцыі паведамляў, што на пачатак 2022 г. беларусам было выдадзена 20 500 ВНЖ і 21 300 віз – 41 800 сумарна. То бок, за 2022 год беларусаў у Літве стала на больш мінімум на 5 858 чалавек.

А якія дадзеныя па іншых краінах?

У кастрычніку Цэнтр Беларускай салідарнасці паведамляў, што на 30 верасня 2022 г. у Польшчы пражывала 59 327 беларусаў, якія мелі сапраўдны дакумент на права пражывання ў гэтай краіне: ВНЖ і ПМЖ, дадатковую і часовую абарону, дазвол на знаходжанне доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС, статус рэзідэнта ЕС, а таксама іншыя падставы.

Можна адзначыць, што з 59 327 беларусаў, пастаянны від на жыхарства (ПМЖ) мелі 29 226 чалавек, а часовы від на жыхарства (ВНЖ) – 24 279.

Такім чынам, толькі ў Польшчы і Літве жыве не менш за 106 985 беларусаў – гэта ўжо можна параўнаць з насельніцтвам Салігорска.

Але ж з’ехала значна больш, а значыць, і гэтыя лічбы мінімальныя?

Менавіта, вялізная колькасць беларусаў сутыкаюцца з вымушанай міграцыяй і зʼязджаюць, па-першае, куды могуць, а па-другое, па той візе, якая ў іх ёсць. Напрыклад, ёсць людзі, якія зʼехалі ў Польшчу, а ў іх віза іншай краіны ЕС.

Яшчэ больш паказальная Грузія, куды ідзе масавая міграцыя беларусаў, бо гэта самы даступны варыянт, а адтуль людзі едуць ужо некуды далей ці застаюцца там. Цікава таксама, што на днях дэпартамент статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі апублікаваў удакладненыя дадзеныя па дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі, з якіх выходзіць, што на 1 студзеня 2022 г. у Беларусі жыло 9 255 524 чалавекі – за два гады насельніцтва краіны зменшылася на 154 735 чалавек.

Самае галоўнае, што відаць з нашага невялікага агляду – гэта тэндэнцыя. Бачачы лічбы, можна ўпэўнена сказаць, што змушаная міграцыя беларусаў не проста не спыняецца, а яна расце. Беларусы зʼязджаюць з-за рэпрэсій, якія рэжым Лукашэнкі ўвогуле не спыняе дзень пры дні арыштоўваючы людзей, і з-за вайны. Менавіта таму ніякі візавы бан не павінен закрануць беларусаў.

І апошняе, адзначым, што дакладнай статыстыкі колькі беларусаў зʼехала з краіны – няма. Па-першае, не ўсе, хто атрымлівае візы застаюцца замежжам, а па-другое, за апошнія два гады вялікая (вельмі вялікая) колькасць беларусаў зʼехала на часовае месцапражыванне ці транзітам у краіны не Шэнгенскай зоны: Украіна, Грузія, Ізраіль, Турцыя, Чарнагорыя, Арменія і нават Узбекістан і Кыргызстан.

Папярэдні матэрыял
Экс-камандзір авіябазы ў Баранавічах, які застрэліўся, быў на баку беларускага народа, за гэта яго звольнілі
Наступны матэрыял
У Беларусі могуць увесці смяротнае пакаранне для чыноўнікаў і вайскоўцаў за здраду дзяржаве

Iншыя матэрыялы