In English:
Increased military activity is observed in the area of Brest
На русском языке:
В районе Бреста наблюдается усиление военной активности: C-300, Грады и САУ
У апошнія некалькі дзён «Беларускі Гаюн» фіксуе павелічэнне ваеннай актыўнасці ў паўднёва-заходніх раёнах Брэсцкай вобласці. Па ўсёй бачнасці, гэта звязана з правядзеннем запланаваных вучэнняў на палігоне «Брэсцкі» 38 адшбр, якія працягнутыя да 11 верасня.
З канца жніўня ў раён Брэста ідзе падвоз як машын забеспячэння (розныя грузавікі, вадавозы, палявыя кухні), так і больш сурʼёзнага ўзбраення. 30 жніўня ў раёне 19:00 у Брэст прыбыў эшалон з мінімум 20 адзінкамі тэхнікі ВС РБ і 4-ма пасажырскімі вагонамі, сярод узбраення былі дзве пускавыя часткі ЗРК «С-300». Вядома, што гэта быў эшалон з тэхнікай 115-га зенітна-ракетнага палка, які вярнуўся ў Брэст пасля вучэнняў на палігоне Ашулук у РФ. У той жа дзень, у Брэст прыбыў і другі эшалон з больш за 6-ю танкамі Т-72 ВС РБ.
На наступны дзень, 31 жніўня, у Драгічынскім раёне ў бок прымежнай вёскі Адамава рухаліся 5 БМП ВС РБ, а ў Пінску былі заўважаныя 4 КамАЗы з гаўбіцамі ВС РБ.
1 верасня перамяшчэння наземнага ўзбраення ў прыграніччы Брэсцкай вобласці з Украінай – не зафіксавана, чаго не сказаць аб авіяцыйнай актыўнасці. У той дзень над Брэстам праводзіліся інтэнсіўныя трэніроўкі знішчальнікаў, якія ўзляталі з аэрадромаў у Лідзе і Баранавічах, а таксама верталётаў з Мачулішчаў. Трэніроўкі над Брэстам звязаны са зрушэннем трэніровачнай зоны бліжэй да мяжы з Украінай, таксама адзначым, што пілоты знішчальнікаў адпрацоўвалі ракетныя пускі.
Фіксацыя перамяшчэння тэхнікі аднавілася ўжо на наступны дзень. 2 верасня, у напрамку Івацэвічаў з боку Бярозы была заўважаная калона з 20 адзінак тэхнікі ВС РБ, дзе акрамя МАЗаў і Уралаў, рухалася і РЛС. Увечары таго ж дня на ЖД-станцыю «Брэст-Паўднёвы» прыбыў яшчэ адзін буйны эшалон з ваеннай тэхнікай: больш за 13 бартавых Уралаў, больш за 17 РСЗА «Град», больш за 12 Газ-66, 2 САУ 2С5 «Гіяцынт-С» і 3 машыны старэйшага афіцэра батарэі 1В12, а таксама некалькі пасажырскіх і грузавых вагонаў.
Частка тэхнікі магла быць разгружана на чыгуначнай станцыі «Брэст-Паўднёвы», аднак у раёне 20:00 гэты ж эшалон, быў заўважаны ўжо на чыгуначнай станцыі «Маларыта», стаяў у напрамку мяжы з Украінай. Удалося вызначыць, што гэта тэхніка 111-ай гвардзейскай артылерыйскай брыгады ВС РБ. Таксама 2 верасня ў напрамку аг. Мухавец (Брэсцкі раён) рухалася яшчэ адна буйная калона ВС РБ: 8 грузавых машын (МАЗы, Уралы, Зіл-131) і 23 БТР, БРДМ.
Узмацненне ваеннай актыўнасці ў Брэсцкай вобласці
Разам за апошнія некалькі дзён у прымежныя з Украінай раёны Брэсцкай вобласці перакінулі:
🚀 ЗРК «С-300» – 2 адзінкі;
🔫 Т-72 – мінімум 6 адзінак;
🔫 БМП – 5 адзінак;
🔫 Гаўбіцы – 4 адзінкі;
🚀 РСЗА «Град» – больш за 17 адзінак;
🔫 САУ 2С5 «Гіяцынт-З» – 2 адзінкі;
🚘 1В12 – 3 адзінкі;
🔫 БТР/БРДМ – 23 адзінкі;
📡 РЛС – 1 адзінка.
Тое, што мы бачым, безумоўна, зʼяўляецца ўзмацненнем, у тым ліку і шляхам вяртання часткі тэхнікі пасля вучэнняў у РФ. Гэтае ўзмацненне таксама звязана з правядзеннем вучэнняў, і такая колькасць войскаў недастаткова для агрэсіі супраць Украіны. Верагодна, сцягванне дадатковай тэхнікі ў прыгранічныя раёны можа зʼяўляцца чарговай спробай нарошчвання напружання.
Тым не менш, губляць пільнасць нельга: мы працягваем фіксаваць усю ваенную актыўнасць на тэрыторыі Беларусі.