На русском языке:
В школах и вузах по всей Беларуси собирают помощь для Донбасса, а минских детсадовцев подключили к телемосту с буквой «V» и детсадом из т.н. ДНР
Літаральна на мінулым тыдні мы пісалі, што навучэнцаў адразу некалькіх беларускіх ВНУ і каледжаў цэнтралізавана вазілі ў Крым, як высветліўся яшчэ адзін прыклад узаемадзеяння беларускіх устаноў адукацыі з акупаванымі тэрыторыямі Украіны.
Калі раней гэтае ўзаемадзеянне ў асноўным ішло па лініі ВНУ і школ, то цяпер заўважана і супрацоўніцтва нават па лініі дзіцячых садоў. Так, дзіцячы садок №2 г. Мінска прыняў удзел у тэлемосце з аналагічнымі ўстановамі «з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі».
Сярод пералічаных так званых рэгіёнаў Расіі называецца і акупаваная частка Данецкай вобласці. Адметна і тое, што ў аднаго з дзіцячых садоў, які прыняў удзел у дадзеным тэлемосце, на сцяне быў намаляваны расійскі сцяг у выглядзе літары «V», што з’яўляецца адным з сімвалаў расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны.
Яшчэ адным прыкладам узаемадзеяння беларускіх устаноў адукацыі з акупаванымі тэрыторыямі Украіны можна назваць збор дапамогі для Курскай вобласці і Данбаса, якую пачалі збіраць у школах і ВНУ па ўсёй Беларусі. Так, толькі за мінулы тыдзень зафіксавана, што дапамогу для Данбаса збіралі ў школах Ляхавічаў і Вілейкі, дзіцячым садку №395 Мінска, каледжах Бабруйска, Мар’інай Горкі, Пінска і Гомеля, а таксама ў БДУ і ВДАВМ.
«На наш погляд, у бліжэйшыя тыдні мы ўбачым далейшы рост удзелу ўстаноў адукацыі ў зборы дапамогі для патрэб Расіі, што тлумачыцца прымусовым характарам дадзенай акцыі за кошт кантролю з боку «Белай Русі», — лічаць эксперты маніторынгавай групы iSANS Belarus.
Падрыхтавана маніторынгавай групай iSANS Belarus.