«Усе мацней, калі мы вольныя, і гэта залог свабоды Малдовы, Грузіі і Беларусі». Зяленскі ўзгадаў Беларусь падчас выступу ў Варшаве

Суспільне Новини
10 хв.

In English: «Everyone is stronger when we are free, and this is the key to freedom of Moldova, Georgia and Belarus.» Zelensky mentioned Belarus during his speech in Warsaw
На русском языке: «Все сильнее, когда мы свободны, и это залог свободы Молдовы, Грузии и Беларуси». Зеленский упомянул Беларусь во время выступления в Варшаве

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы з прамовай у Каралеўскім замку ў Варшаве, згадаў Беларусь. На яго думку, перамога Украіны – гэта гарантыя свабоды для Малдовы, Грузіі і Беларусі. На гэта звярнула ўвагу выданне Reform.by.

«Калі мы з вамі вольныя – гэта гарантыя таго, што свабода будзе моцнай ва ўсіх нашых краінах-суседзях, суседзях у Еўрасаюзе. Румынія і Славакія, Літва і іншыя краіны Балтыі – усе мацней, калі мы вольныя. Калі мы вольныя – гэта гарантыя таго, што свабода выстаіць у Малдове, не пакіне Грузію і прыйдзе, абавязкова прыйдзе ў Беларусь. Чым больш свабоды будзе ў нас з вамі, вакол нас, тым больш гарантый будзе і ў справядлівасці, у таго, што наш агульны вораг будзе адказваць справядліва, адказваць справядліва за Бучу, за Катынь і Смаленск. Адказваць будзе да канца свайго жыцця тут і навекі – перад богам», – сказаў Зяленскі.

Уладзімір Зяленскі заклікаў палякаў працягваць падтрымліваць Украіну. Ён падкрэсліў, што без незалежнай Украіны не будзе незалежнай Польшчы, і выказаў упэўненасць у перамозе сваёй краіны.

«Падзе і гэты рэжым, які пайшоў вайною супраць нас. Ён прынёс магілы Украіне, каб прынесці потым магілы зноў і Польшчы, і ўсім нашым братам і сёстрам свабоднай Еўропы. А мы змагаемся плячом да пляча. Яны прынеслі дэпартацыі ўкраінцам, каб зноў дэпартаваць іншых, чыя свабода дыхае на землях, якія Расея збіраецца скрасці, а мы абараняемся плячом да пляча. Вораг хацеў пахаваць нашую з вамі незалежнасць і растварыць у расійскім абшары нашы нацыянальныя культуры. А мы стаім моцна, мы з вамі, украінцы і палякі, разам плячом да пляча абгорнем усё гэта зло эпітафіяй расійскаму імперыялізму. Мы з табой, Польшча, плячо да пляча, зацвердзім свабоду ў Еўропе назаўжды. Тыранія прайграе ў гісторыі, калі Масква прайграе ва Украіне», – сказаў ён.

Зяленскі заклікаў не спыняцца ў салідарнасці. Па ягоных словах, калі бітва патрабуе артылерыі, то яе трэба перадаваць, а калі перамога патрабуе танкаў, то і яны павінны быць. Прэзідэнт Украіны таксама намякнуў, што для незалежнасці Украіны ёй трэба прадаставіць самалёты, у тым ліку на літару F. Пры гэтым не трэба аглядацца на тое, што думае Расія.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адзначыў, што Пуціну не ўдасца падзяліць саюзнікаў.

«Мы зрабілі шмат памылак, за якія заплацілі драматычна высокі кошт. Падзяляючыя сілы і акупанты часта спрабавалі нас разлучыць, наладзіць адзін супраць аднаго па прынцыпе «падзяляй і пануй». Сёння таксама спрабуюць, палохаючы палякаў украінцамі і ўкраінцаў – палякам. Але я глыбока вераю і не сумняваюся, што ў іх нічога не атрымаецца. Таму разам з гэтага месца мы дасылаем выразны сігнал у Маскву, у Крэмль: у вас нічога не атрымаецца! Вам не зламаць нас. Вам не ўдасца нас падзяліць. Ніколі больш!» – сказаў Анджэй Дуда.

Ён таксама падкрэсліў, што Польшча аказвае ўсялякую падтрымку Украіне, у тым ліку ваенную. Дуда таксама назваў Зяленскага героем вольнага свету.

Папярэдні матэрыял
Украінскія памежнікі ўсталявалі праектар і БЧБ на мяжы з Беларуссю
Наступны матэрыял
У Мінску праверылі боегатоўнасць падраздзяленняў па ліквідацыі разліву аміяку пры ДТЗ

Iншыя матэрыялы