На русском языке:
Вертолет Лукашенко за €12 млн четвертый год летает без пассажира
Ужо пяць гадоў у Беларусі знаходзіцца верталёт бізнэс-класа AgustaWestland AW139 (цяпер выпускаецца пад імем Leonardo AW139) з бартавым нумарам EW-001PH, які «падарыў» Міхаілам Гуцэрыевым беларускаму народу, але даступны толькі для Лукашэнкі. Увесь гэты час мы пільна назіраем за гісторыяй эксплуатацыі дадзенага верталёта, і нам зноў ёсць што расказаць. Дарэчы, сам верталёт з 2021 года знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Вялікабрытаніі.
Верталёт AgustaWestland AW139 (EW-001PH) у Нацыянальным аэрапорце "Мінск" 19 чэрвеня 2020 года. / Фота: onespotter.com
Учора, 15 красавіка 2024, верталёт у чацвёрты раз паляцеў на штогадовае ТА ў Нацыянальны цэнтр верталётабудавання імя М. Л. Міля ў Таміліна (Маскоўская вобласць, РФ), дзе размяшчаецца сумеснае расійска-італьянскае (італьянскай кампаніі Leonardo Helicopters і холдынгу «Верталёты Расіі» ) зборачная вытворчасць прадпрыемства HeliVert.
За апошнія гады нам вядома толькі пра два выпадкі, калі на AW139 лётаў непасрэдна Лукашэнка, увесь астатні час верталёт стаіць то на ваенным аэрадроме «Мачулішчы», то ў так званым прэзідэнцкім ангары ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Сам Лукашэнка аддае перавагу палётам на верталётах расійскай вытворчасці — серыі Мі-8/17, якія яму рэгулярна абнаўляюць.
Невядома, чым менавіта Лукашэнку не дагадзіла гэтая дарагая цацка. Ці гэта такі жэст недаверу самому Гуцэрыеву? Тым не менш, верталёт застаецца на балансе «Белавіі» і носіць ліўрэю з дзяржсімволікай.
Так выглядае салон верталёта AW139 у VIP-кампаноўцы. / Фота: leonardocompany.com.
І не скажаш, што Лукашэнку раптоўна сталі чужыя элементы раскошы. Зусім нядаўна мы звярталі ўвагу на аздабленне салона бізнэс-джэта Bombardier Challenger 850 (EW-301PJ) сям’і Лукашэнка. Акрамя таго, у 2021 стала вядома аб яго жаданні купіць іншы раскошны верталёт вытворчасці Airbus Helicopters — H175, коштам 17 млн даляраў. Але тая здзелка паспяхова сарвалася не ў апошнюю чаргу дзякуючы ўвазе неабыякавай грамадскасці.
Пакуль жа AW139 за кошт падаткаплацельшчыкаў рэгулярна вэндзіць беларускае паветра падчас навучальна-трэніровачных палётаў у Мачулішчах і пры перагонцы ў Маскву і назад.
А мы ў чарговы раз задамося пытаннем: «Чаму італьянцы з кампаніі Leonardo да гэтага часу дазваляюць абслугоўваць падсанкцыйны верталёт ваеннага злачынца Лукашэнку»? Але, як бачым, за два гады рэакцыі ад іх яшчэ не было.