Вольга Гарбунова пакідае пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, яе адстаўку прыняла Святлана Ціханоўская.
«Для мяне гэта было няпростым рашэннем, якое я пэўны час абдумвала, і прыйшла да высновы, што хацела б працягнуць сваю дзейнасць не столькі ў палітычным, колькі ў гуманітарным рэчышчы для дапамогі палітзняволеным. Я ўдзячная камандзе Кабінета і іншым структурам дэмакратычных сіл за супрацоўніцтва. Упэўненая, яно працягнецца, але для мяне ўжо ў іншай ролі», — паведаміла Гарбунова.
Святлана Ціханоўская падзяквала Вользе за працу у АПК, у тым ліку за арганізацыю марафону «Нам не ўсё адно!», службы «Адно акно» і пераклад дапаможніка па вызваленні палітзняволеных на беларускую мову.
Вольга Гарбунова займала пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета са снежня 2022 года. Варта адзначыць, што Дзярждэп ЗША ўзнагародзіў Вольгу прэміяй International Women of Courage (IWOC) Awards як праваабаронцу, «якая прысвяціла сваё жыццё абароне правоў жанчын, дзяцей, ЛГБТКІ+ і іншых маргіналізаваных груп у Беларусі».
Да свайго ўдзелу ў палітыцы і працы ў АПК былая палітзняволеная Вольга Гарбунова была вядомай дзяячкай у абароне правоў жанчын. Ейная арганізацыя «Радзіслава» займалася дапамогай жанчынам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. «Радзіслава» таксама аказвала часовы прытулак для жанчын і дзяцей, якія апынуліся ў складаных сітуацыях, і дапамагала ім зноў стаць на ногі. Арганізацыя была заснавана яшчэ да палітычнай дзейнасці Гарбуновай і стала адным з важных праектаў у сферы сацыяльнай падтрымкі ў Беларусі.