На русском языке:
«Изгнать российских военных из нашей страны». Тихановская – армии, чиновникам и силовикам
Нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская звярнулася да беларускай арміі, чыноўнікаў і сілавікоў з нагоды мяцежа кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына.
«У Расіі адбываецца хаос, які ўсё больш становіцца падобны да Грамадзянскай вайны. ПВК пад кантролем Яўгена Прыгожына кінула выклік афіцыйнай уладзе Расіі з-за незадаволенасці тым, што Расія прайграе вайну супраць Украіны. У ФСБ ужо завялі крымінальную справу на Прыгожына, а ў навІнах мы бачым, што «вагнераўцы» занялІ Растоў і Варонеж.
Расійская дыктатура развязала вайну супраць Украіны, а цяпер прынесла яе ў свой уласны дом. Гэты досвед павінен запомніць кожны, хто хоча пачаць або падтрымаць агрэсіўную вайну: вайна паглынае ўсё вакол сябе.
Лукашэнка і Пуцін спрабуюць уцягнуць у вайну і нашую Беларусь. Яны прыкрываюцца Саюзнай дзяржавай. Яны кажуць: Расія – ваш саюзнік. Але гэты саюзнік нясе хаос, вайну, крызіс. Пуцін можа паспрабаваць уцягнуць беларускіх вайскоўцаў у свой унутраны канфлікт, каб ён стаў і нашым канфліктам таксама.
Я хачу заклікаць беларускіх дыпламатаў, вайскоўцаў і сілавікоў памятаць, што ў нас – беларусаў – свае нацыянальныя інтарэсы. Ні Пуцін, ні Прыгожын – не сябры Беларусі, і вы не павінны выбіраць іх бок.
Беларусы павінны бараніць сваю краіну. Як гэтая сітуацыя паўплывае на Беларусь – залежыць толькі ад нас з вамі. Галоўная задача ўсіх беларусаў зараз – захаваць бяспеку і суверэнітэт у Беларусі. Выратаваць нашую краіну ад таго, у што ператварылася Расія. Мы павінны быць гатовыя да любога сцэнара.
Я таксама звяртаюся да беларускай арміі – мы не можам разлічваць на лёс, і спадзявацца, што Расія пакіне Беларусь у спакоі. Зараз найлепшы шанец выгнаць расійскіх вайскоўцаў з нашай краіны. Калі гэты шанец будзе прапушчаны, Расія зробіць з намі так жа, як з Украінай.
Расія не змагла ўцягнуць беларусаў у ваенныя дзеянні ва Украіне. Мы не павінны дазволіць, каб Беларусь была ўцягнутая ў ваенныя дзеянні ў Расіі, і самае галоўнае – мы не павінны дапусціць ваенных дзеянняў Расіі ў нас дома, у Беларусі. Беларусь павінна закрыць мяжу з Расіяй, і пачаць вывад расійскіх войскаў з беларускай тэрыторыі.
Сёння я стварыла аператыўны штаб. Яго кіраўніком я прызначыла Валерыя Сахашчыка. Мы запрашаем да ўдзелу прадстаўнікоў дэмакратычных структураў, Палка Каліноўскага і беларускіх добраахвотнікаў. Мы сочым за сітуацыяй. Мы будзем дабівацца міжнароднай падтрымкі нашых дзеянняў. Нашая вера ў беларусаў моцная – мы ведаем, што беларусы заўсёды абяруць Беларусь».