На русском языке:
Егор Мартинович на свободе: «Я хочу сказать ОГ-РОМ-НО-Е спасибо тысячам беларусов»
Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч выйшаў на волю і напісаў першае паведамленне.
«У мяне было 2 гады і яшчэ 1,5 месяца, каб прыдумаць арыгінальны допіс на гэтае месца. Але неяк не склалася, пацягнула на філасофію)
Я хачу сказаць ВЕ-ЛІ-ЗАР-НЫ дзякуй тысячам беларусаў, якія падтрымлівалі мяне, дапамагалі мне ці іншым палітвязням альбо хаця б у душы перажывалі за нас. Гуртом шмат што лягчэй) Пастараюся адпісаць ці адзваніцца кожнаму, ад каго атрымліваў вестачкі. Я толькі пераканаўся, што прыстойных, сумленных беларусаў, сапраўдных патрыётаў нашай краіны ў разы больш, чым я мог сабе ўявіць у самых смелых фантазіях.
Балюча ад разумення, колькі дадатковых клопатаў і праблемаў звалілася на нашых родных і блізкіх. Асноўны цяжар выцягнулі на сваіх плячах менавіта яны. Нам што? — сядзі на месцы і падлічвай дні. Але ж родныя не падпісваліся на тое, каб бачыць тэрарыстаў у балаквалах у сваёй кватэры, стаяць у чэргах пад СІЗА, а пасля яшчэ і губляць нервы ў чаканні, выпусцяць ці не выпусцяць. Карацей, занадта шмат розных “але”, каб дакладна сказаць, як усім нам варта было рабіць правільна — каб мінімазаваць магчымыя страты і павялічыць шанцы на перамогу Беларусі і здаровага сэнсу. Па-ранейшаму веру, што гэта адбудзецца.
А персанальна для мяне важна, што я вяртаюся на свабоду з чыстым сумленнем. Мне не сорамна глядзець у вочы людзям, і гэта ўжо нямала».
Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча затрымалі 8 ліпеня 2021 года. Яму і Андрэю Скурко прысудзілі 2,5 года зняволення. Тэрмін яны адбылі цалкам. Ягор Марціновіч знаходзіўся ў бабруйскай калоніі, піша «Наша Ніва».
18 жніўня, цалкам адбыўшы прысуджаныя 2 з паловай гады зняволення, з магілёўскай калоніі вызваліўся Андрэй Скурко.