На русском языке:
За последние 2 недели из Латвии в РБ ввезли 18 вагонов с люксовыми авто в обход санкций
У апошнія дні Латвія і іншыя краіны Балтыі ўводзяць забароны на ўезд у ЕС для беларусаў, аргументуючы іх санкцыямі Еўрасаюза, і ўсталёўваюць дэдлайны, калі гэтыя самыя беларусы павінны пакінуць краіны Балтыі разам са сваімі машынамі.
Вядома ж, вельмі зручна спісаць усе гэтыя недальнабачныя абмежаванні на «змаганне з рэжымам», а яшчэ для мясцовай аўдыторыі можна 100500 разоў паўтарыць байку пра злавесны літвінізм.
Вось толькі ёсць адно тлустае АЛЕ.
Адначасова з увядзеннем абмежаванняў новыя люксавыя аўтамабілі вагонамі вязуць з краін Балтыі ў Беларусь у абыход тых жа санкцый ЕС, на якія апошнім часам усе так часта спасылаюцца.
Па дадзеных Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, толькі за апошнія 2 тыдні з латвійскай чыгуначнай станцыі «Грыва» на беларускую чыгуначную станцыю «Орша-Заходняя» прыбылі 18 вагонаў з новымі дарагімі аўтамабілямі марак Lamborghini, Porsche, Ferrari, Bentley і г.д. Больш за тое, чыгуначнікі высветлілі, што за гэтымі пастаўкамі стаіць «кашалёк лукашэнкі» Аляксей Алексін. Менавіта яго кампанія СЗАТ «ЭНЕРГА-АІЛ» зʼяўляецца атрымальнікам вагонаў з новымі аўто на беларускім баку.
Фармальна схема выглядае максімальна чыста – новыя аўтамабілі масава пастаўляюцца ў Беларусь па пакуль яшчэ не забароненым шляху па чыгунцы. А тое, што ў Оршы гэтыя машыны выгружаюць і далей на фурах вязуць пакупнікам хоць у Маскву, хоць на Сахалін – дык гэта наогул нікога не хвалюе, так?
Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі высветлілі, што прама зараз ужо распрацаваны і пратэставаны два маршруты паставак. Першы прамы са ст. «Грыва» (Латвія) на ст. «Орша-Заходняя» (Беларусь). А вось другі, «запасны» – машыны вязуць з Латвіі праз РФ у Казахстан, а адтуль яны ўжо едуць у Беларусь – гэта значыць дадатковы «крук» больш за 4200 км.
У апісанай вышэй схеме фігуруюць кампаніі:
- Autorail Cargo, UAB – экспедытар па Літве;
- «ТрансАльянс-Цэнтр» – экспедытар па РФ;
- ALPIK CARGO, SIA – адпраўнік і экспедытар па Латвіі;
- СЗАТ «ЭНЕРГА-АІЛ» – атрымальнік аўто ў Беларусі;
- Белясікаў Ігар Ігаравіч – нібыта атрымальнік аўто ў Казахстане;
- «Фортэкс» – экспедытар у Казахстане.
У распараджэнні Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі ёсць розныя дэкларацыі, якія прама пацвярджаюць, што гэтая схема першапачаткова зразумелая латвійскім мытным органам. Сумарна за апошнія 2 тыдні такім чынам у Беларусь было пастаўлена каля 90 новых Lamborghini, Mercedes-Benz, BMW, Porsche, Ferrari, Bentley, а іх агульны кошт перавышае $18 млн.