Лонданскі Barbican абвесціў аб сусветнай прэм’еры спектаклю Беларускага Свабоднага тэатру паводле аднайменнага твора Караткевіча — «Дзікае паляванне караля Стаха».
Рэжысёр і арт-дырэктар Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін паведаміў, што гэта сінтэз оперы і драматычнага тэатра, пазначаны жанрам «гатычны нуар».
А вось, як спектакль прэзентуе Barbican:
«Захапляльны гатычны нуар ад адной з самых смелых тэатральных труп свету па матывах знакамітага рамана […]. «Дзікае паляванне караля Стаха» спалучае ў сабе оперу, тэатр, мультымедыя і жывую музыку, каб распавесці гісторыю, якая бярэ свой пачатак у гісторыі Беларусі і мае надзвычайную актуальнасць для сучаснай Еўропы».
Паведамляецца, што ў «Дзікім паляванні» бяруць удзел артысты з Беларусі і Украіны. Ідзе ён на беларускай мове з англійскімі субтытрамі.
Прэм’ера адбудзецца 14-16 верасня 2023 году. Набыць квіткі можна тут.