На русском языке:
Журналист-фрилансер Евгений Меркис приговорен к четырем годам лишения свободы
Сёння Гомельскі абласны «суд» вынес прысуд журналісту-фрылансеру і краязнаўцу Яўгену Меркісу. Палітвязня абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса), піша «Вясна».
Палітвязню прысудзілі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Так зараз выглядае Яўген Меркіс / Фота: БАЖ
Палітзняволенага Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года ў Гомелі. Па месцы жыхарства быў праведзены ператрус, у ходзе якога былі канфіскаваныя носьбіты інфармацыі. Канфіскаваныя аўтамабіль, ноўтбук і тэлефон адабраныя судом у даход дзяржавы. Да суда быў змешчаны ў СІЗА № 3 Гомеля.
Яўген асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, вёў стрымы з мітынгаў так званых «дармаедаў». Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Агулам за сваю журналісцкую дзейнасць Меркісу прысудзілі 50 сутак арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.
Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі Яўген займаўся краязнаўчай і гістарычнай дзейнасцю. Аднак неўзабаве ягоны «Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны», дзе размяшчалася багата ўнікальнай інфармацыі па краязнаўстве і гісторыі рэгіёну, перастаў адкрывацца. Цяпер пры адкрыцці старонкі nashkraj.info пазначаецца «сайт недасяжны». Таксама быў выдалены тэлеграм-канал «Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны».