Аляхновіч: У Беларусі створаць лічбавы ўрад і будзе дамінаваць прыватны сектар

хв.

27-28 жніўня ў Кіеве прайшоў форум «Бізнэс-Беларусь: TEACH. ASSIST. PROTECT», які арганізавала Association of Belarusian Business Abroad. Адным са спікераў форуму быў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах — Алесь Аляхновіч, які распавёў пра рэформы, якія чакаюць Беларусь у найбліжэйшай будучыні, што сабой будзе ўяўляць новая эканоміка Беларусі і як дэмакратычныя краіны могуць падтрымаць рэформы ў нашай краіне.

Аляхновіч: У Беларусі створаць лічбавы ўрад і будзе дамінаваць прыватны сектар

Якой будзе новая эканоміка Беларусі?

Па-першае, гэта будзе адкрытая эканоміка. Краіна будзе шмат гандляваць, імпартаваць і экспартаваць. Павысіцца канкурэнцыя ўнутры беларускай эканомікі, будзе больш паслуг, больш тавараў, якія будуць паступаць на беларускі рынак, што дасць стымул беларускім прадпрыемствам увесь час павышаць сваю канкурэнцыю, сваю эфектыўнасць. Прадпрыемствам стане лягчэй далучыцца да глабальных ланцужкоў дабаўленага кошту — не трэба будзе ствараць цэлае прадпрыемства, як МАЗ, якое імкнецца вырабляць як мага больш частак цяжкавіка ўнутры Беларусі.

У новай беларускай эканоміцы будзе дамінаваць прыватны сектар.

Сёння прыватны і дзяржаўны сектар дзеляць рынак 50 на 50, што ў сваю чаргу прыводзіць да неэфектыўнасці і гэта адна з прычын, чаму беларуская эканоміка не расла апошнія 10 гадоў. Зараз у Беларусі больш за 3000 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў, якія кантралююцца дзяржавай — гэта вельмі шмат для такой адносна невялікай эканомікі, як у Беларусі.

«Беларускія ўлады па-ранейшаму лічаць, што вытворчасць цукерак з'яўляецца стратэгічным напрамкам. Калі ўсе любяць і ядуць цукеркі, то іх вытворчасць мусіць быць у руках дзяржавы. Насамрэч, гэта шкодна для эканомікі і для грамадства ў цэлым», — кажа Аляхновіч.

Ключавую ролю ў прыватным сектары новай беларускай эканомікі будуць граць малыя і сярэднія прадпрыемствы

Яны больш гнуткія, лягчэй адаптуюцца. Падчас эканамічнай трансфармацыі менавіта малыя і сярэднія прадпрыемствы дазволяць лягчэй наймаць людзей, якія будуць вызваляцца з дзяржсектара і выкарыстоўваць неэфектыўныя капітальныя рэсурсы на дзяржпрадпрыемствах.

Аляхновіч: У Беларусі створаць лічбавы ўрад і будзе дамінаваць прыватны сектар

У новай эканоміцы дзяржава будзе рэгулятарам, а вытворчасць застанецца за прыватнікамі.

Аднак, дзяржава зможа па-ранейшаму дзейнічаць у сферы паслуг (напрыклад, адукацыя), але гэта не азначае, што толькі дзяржава будзе кантраляваць гэтую сферу.

Варта разумець, што ніякія з гэтых рэформаў немагчымыя пры існуючай уладзе. Каб яны пачаліся, мусіць скончыцца цяперашні палітычны крызіс у Беларусі.

«У дзейнай улады было 27 гадоў, каб правесці эканамічныя рэформы, і яны, на самай справе, вельмі мала зрабілі за гэты час. Можна было зрабіць нашмат больш», — кажа Аляхновіч.

Без спынення рэпрэсій, без вызвалення палітвязняў, без правядзення новых свабодных выбараў рэформы не адбудуцца. Калі будуць выкананыя гэтыя тры патрабаванні, то гэта ўжо само па сабе пачне вяртаць давер беларусаў да беларускай эканомікі. Гэта само па сабе адменіць санкцыі. Людзі, якія пакінулі Беларусь, будуць гатовыя вярнуцца.

Як дэмакратычныя краіны могуць дапамагчы Беларусі?

На сённяшні дзень ужо абвешчаны комплексны план эканамічнай падтрымкі для дэмакратычнай Беларусі, які быў прадстаўлены 28 мая 2021 года. План уключае ў сябе 3 млрд еўра, што адпавядае 6% ВУП Беларусі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі такі аб’ёмны план паабяцалі ўжо не дзейнаму рэжыму, а новаму палітычнаму прадстаўніцтву Беларусі ўжо пасля новых, свабодных выбараў, беларускаму грамадству, беларускаму бізнэсу. Беларусь упершыню прыйшла да таго моманту, калі заяўленая Захадам дапамога больш ці, прынамсі, такога ж узроўню, як і дапамога ад Расіі.

Для параўнання, пасля выбараў Пуцін выдзяліў рэжыму ў Беларусі толькі крэдыт на 1,5 млрд даляраў. Ён быў вылучаны ў трох траншах да чэрвеня гэтага года. І пакуль не абвешчана ніякіх іншых крэдытаў, фінансавай дапамогі рэжыму з боку РФ.

Гэта значыць, Пуцін падтрымаў Лукашэнку толькі крэдытнымі рэсурсамі, якія трэба будзе вярнуць. А ЕС гатовы дапамагчы Беларусі на 3,6 млрд даляраў на першыя 2-3 гады. Але акрамя ЕС ёсць яшчэ ЗША, Канада, Вялікабрытанія, МВФ, ЕБРР і вельмі шмат іншых краін і арганізацый, якія таксама будуць гатовыя аказаць дапамогу Беларусі.

«Можна толькі ўявіць, у якой сітуацыі будзе беларуская эканоміка, калі адбудуцца перамены. Хутчэй за ўсё, сітуацыя будзе нашмат-нашмат горшая, чым цяпер, гэта тычыцца і дэфіцыту бюджэту», — кажа Аляхновіч.

Таму, першы пункт плана падтрымкі ЕС для Беларусі — гэта прамая падтрымка бюджэту Беларусі. Акрамя таго, у першым пункце ёсць два важныя мерапрыемствы: арганізацыя інвестыцыйнага форуму ЕС—Беларусь, які дазволіць звярнуць увагу на Беларусь і прыцягнуць больш інвестыцый для аднаўлення эканомікі.

Аляхновіч: У Беларусі створаць лічбавы ўрад і будзе дамінаваць прыватны сектар

Зразумела, што калі ў Беларусі пачнуцца рэформы, то замежны капітал пачне па меншай меры прыглядацца да Беларусі і, магчыма, будзе гатовы інвеставаць, каб быць першым, каб скарыстацца тым, што беларуская эканоміка ў хуткім часе будзе хутка развівацца. Другое мерапрыемства — гэта сустрэча донараў высокага ўзроўню. Гэта сустрэча арганізацый, якія будуць выдзяляць грантавую дапамогу для Беларусі.

Далей будзе ісці тэхнічная дапамога на распрацоўку і ўкараненне рэформаў, не толькі эканомікі, але і іншых напрамкаў, да прыкладу — рэформа правасуддзя, без якой будзе вельмі цяжка развіваць эканоміку, прыватны бізнэс.

400 млн еўра будуць выдзеленыя, у тым ліку, на рэформы ў сферы адукацыі, аховы здароўя, стварэння 4-й улады — незалежных СМІ і развіццё грамадзянскай супольнасці.

Трэцім напрамкам з’яўляецца падтрымка ў стварэнні лічбавага ўрада ў Беларусі, каб як мага больш паслуг можна было атрымаць не выходзячы з дому, каб даць рэальную магчымасць развівацца не толькі Мінску, але і невялікім гарадам і вёскам, каб людзі там атрымалі магчымасць лёгка і даступна карыстацца дзяржаўнымі паслугамі.

Аляхновіч: У Беларусі створаць лічбавы ўрад і будзе дамінаваць прыватны сектар

Апроч гэтага, у трэці кірунак уваходзіць развіццё транспартнай інфраструктуры, падтрымка «зялёнай» энергетыкі і сродкі на танныя крэдытныя рэсурсы для падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі. На трэці кірунак толькі ЕС гатовы выдаткаваць Беларусі 1,1 млрд еўра.

motolko.help

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. «Беларускі парадак» пра гандаль людзьмі
Наступны матэрыял
Меркаванне. Ягор Лебядок пра ваенна-палітычнае становішча ў рэгіёне, на фоне якога праходзяць вучэнні «Захад-2021»

Iншыя матэрыялы