На русском языке:
LUKACOIN? (Не)ждём иксы или что он имел в виду под «созданием криптовалюты в Беларуси»?
Учора Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі працуюць над стварэннем сваёй крыптавалюты, але падкрэсліў, што гэта пакуль закрытая тэма.
«Нам гэта нармальна — разлікі весці ў крыпце. Мы займаемся стварэннем крыптавалюты ў Беларусі. У нас лішкі электраэнергіі ёсць. Мы паспяхова гэта выкарыстоўваем. Але гэта пакуль закрытая тэма», — сказаў ён.
Гучыць, вядома, магутна, пафасна, папулісцку. Хаця, калі падумаць… А што ён увогуле нясе?
Ён кажа аб стварэнні нейкай канкрэтнай крыптавалюты, паўнавартаснага блакчэйна або чарговага мемкоіна (як у Трампа)? Або гаворка аб крыпце для майнінгу, бо ён жа чамусьці згадаў, што «лішкі электраэнергіі ў нас ёсць». Ну, давайце пройдземся па варыянтах.
LUKACOIN - забойца эфіру?
Калі сур’ёзна, то сама думка аб гэтым ужо выклікае ўсмешку. Калі ён сапраўды жадае стварыць самастойны канкурэнтаздольны блакчэйн з магчымасцю выпуску на ім іншых токенаў, то гэта проста бессэнсоўна.
Нават не кажучы пра тое, што любы блакчэйн з заяўкай на папулярнасць павінен вырашаць якую-небудзь актуальную праблему, быць стабільным і буйным (а гэта ўжо дорага), то бок проста факт — крыптавалюта Лукашэнкі дакладна не атрымае допуск на буйныя цэнтралізаваныя біржы, бо санкцыі. І самае галоўнае — да яе не будзе ніякага даверу ў людзей, а без даверу і надзейнасці (каб не -90% за гадзіну) гэта будзе проста смецце.
А так, забыўся, афіцыйны ВУП РБ — $75 млрд, а капіталізацыя аднаго толькі Etherium — $400 млрд.
Словы Лукашэнкі - намёк на CBDC?
А вось ужо сур’ёзна, і вельмі рэальна. CBDC (Central bank digital currency) — гэта лічбавы аналаг нацыянальных фіятных валют, якія выпускаюцца, рэгулююцца і гарантуюцца цэнтрабанкамі.
Груба кажучы гэта крыптадаляр, крыптаеўра, крыптарубль, курс якога прывязаны да курсу нацыянальнай валюты той краіны, у якой ён запушчаны. Гісторыя гэта не новая, такое ўжо ўкаранілі на Багамскіх Астравах і Ямайцы.
У інтэрнэце ўвогуле вельмі шмат апасенняў наконт укаранення CBDC, таму што гэта валюта татальнага кантролю. Дзяржавы, якія яе ўводзяць, могуць цалкам і поўнасцю сачыць (так, і абмяжоўваць) усе фінансавыя патокі грамадзян. А для Лукашэнкі, які нядаўна забараніў беларусам купляць крыпту ўсюды, акрамя беларускіх крыптабіржаў, гэта проста БІНГА.
На гэта, ускосна, можа намякаць яго фраза — «Нам гэта нармальна — разлікі весці ў крыпце». Тым больш, у студзені 2024 г. ужо была інфармацыя, што ў Беларусі пачалася распрацоўка платформы лічбавага рубля, які будзе базіравацца на адкрытым блокчэйне Hyperledger Fabric.
Але ёсць і яшчэ адзін варыянт.
Дагікоіны, трампакоіны, лукакоіны… Карацей, мемкоін
Менавіта! Самы просты і бюджэтны спосаб для рэжыму стварыць свой токен — гэта зрабіць мемкоін. Каштуе гэта, у прамым сэнсе, пару баксаў, а падаць можна як ні*уёвае дасягненне.
Толькі падумайце колькі мільярдаў зарабілі стваральнікі токенаў Трампа і Меланіі. Вядома, з мэмам Лукашэнку яны столькі не запрацуюць, але пампезна аб’явіць, падключыць дзяржслужбоўцаў, каб куплялі. А інфанагода якая… Карацей кажучы, магчыма, яны сапраўды запусцяць яго мемкоін і заробяць вельмі шмат грошай.