Меркаванне. «Беларускі парадак» пра інфармацыйны хаос у тэлеграм-асяроддзі

Илюстрация: тэлеграм-канал «Беларускі парадак»
6 хв.

In English: Opinion. Belarusian Order on informational chaos in Telegram environment
На русском языке: Мнение. «Белорусский порядок» об информационном хаосе в телеграм-среде

Тэлеграм-канал «Беларускі парадак» апублікаваў пост, у кім разбірае тое, што адбылося ў тэлеграм-асяроддзі ў апошні час. Прыводзім іх словы без зменаў.

У апошнія тыдні ў ТГ-асяроддзі робіцца інфармацыйны хаос. На фоне пагрому ўсёй экасістэмы крывое інфармаванне, дыскамунікацыя і пошук утоеных сэнсаў спарадзілі такіх кадаўраў, што зажылі сваім жыццём. Іх назапасілася некалькі, таму патлумачу па пунктах:

Першае

З вялікай цікавасцю чытаў канспіралогію, якая разгарнулася вакол у прынцыпе шараговай медыйнай падзеі – інтэрв’ю Ціханаўскай Эху. Хтосьці наштабнаваў палотны аналітыкі па тэме «Крэмль злівае Луку», хтосьці ўбачыў у інтэрв’ю шмат таго, чаго там не было. Па факце, нічога сур’ёзнага за гэтай размовай не хавалася — сітуатыўны выспятак Лукі, і не больш за тое.

Крамлядзь не гатова працаваць з беларускімі дэмсіламі, Лука ў ролі Кадырава іх цалкам задавальняе.

Другое

Страйк Хартыі. Наўмысна не кажу «страйк Дылеўскага», таму што за інфармацыйнай авантурай стаяла менавіта гэтае старажытнае зло. Медыя-навальніца нулявых і дэманы пачатку дзесятых ніяк не маглі злавіць хвалю пасля 2020-га, пакуль не знайшлі прыдатнага спікера з новых асоб. Нажаль, Сяргей стаў для іх расходным матэрыялам. Яго кінулі на амбразуру з галаслоўнымі заявамі, а самі не адсвечвалі.

Вынік бачыце самі – «страйк» стаў падзеяй медыйнай, а не рэальнай. Ведаю выпадкі, калі людзі сапраўды бралі адпачынак ці бальнічны на гэты перыяд, але разрыў паміж пастамі ў некаторых каналах і рэальнасцю занадта вялікі. Спадзяюся, што ініцыятары, што аўдыторыя, зробяць свае высновы.

Трэцяе

Перамовы Шрэдынгера, або «канферэнцыя высокага ўзроўню», яна ж «дыялог», яна ж «насзліваюць». Наколькі разумею, задума арганізатараў наступная: канферэнцыя з удзелам заходніх палітыкаў, дзе можна ўзняць беларускае пытанне, выказаць занепакоенасць (магчыма нават глыбокую) і г.д. Гэта значыць мерапрыемства для ўтрымання і прасоўвання павесткі. Ні пра які гандаль закладнікамі там гаворкі не ідзе.

Запрашэнне дзяржаў і расейцаў — чыста фармальнае, без чаканняў, што яны адправяць кагосьці сур’ёзнага. Каб не было потым плачу, «што нават не паклікалі». Еўрапейцам і дэмсілам трэба недзе абмеркаваць крызіс, выпрацаваць агульныя падыходы да яго вырашэння. Умоўна, як закрыць уразлівасці ў санкцыйным механізме, ці што яшчэ можна зрабіць з таго, што абяцалася, але рэалізавана не было. Такі фармат у прынцыпе выключае перамовы.

Адкуль узялося прадстаўленне канферэнцыі як перамоваў, гэтае пытанне я б адрасаваў Ніку і Майку, хто першымі такое вызначэнне і ўкінуў. А калі кагосьці непакоіць, што рэжым паспрабуе дамовіцца з еўрапейцамі за спінамі беларусаў, дык канферэнцыя для гэтага не патрэбная. Адкрыю сакрэт Полішынэля: БССР з пачатку крызісу засылае ганцоў у розныя ўстановы па ўсім ЕС. У абсалютнай большасці выпадкаў іх сустракаюць зачыненыя дзверы. А сур’ёзныя лабісты не бяруць такога таксічнага кліента.

Выключэннем з’яўляюцца канферэнцыі па тэме бяспекі, дзе пануе канцэпцыя realpolitik, і куды можна ўклініцца са сваёй катрынкай пра «Лукашэнку — гарант суверэнітэту і донар рэгіянальнай стабільнасці». Адной з такіх з’яўляецца Стакгольмская канферэнцыя па бяспецы ад SIRPI, дзе возьмуць удзел беларускія эксперты пры падтрымцы мясцовай амбасады БССР.

Але нешта мне падказвае, што замест спачувальнага ківання, як гэта было раней, будзе халоднае адчужэнне. Бо немагчыма прадаваць даўно пратухлыя тэзісы на фоне здачы часткі суверэнітэту, крызісу з мігрантамі на мяжы і частковага прызнання Крыма.

А калі сур’ёзна, то ўся гэтая візантыйшчына адымае шмат увагі, але не вызначае зыход крызісу. Тут такая ж пена, як і рэферэндум з «пераразмеркаваннем галін улады» паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам.

Вызначальным фактарам з’яўляецца толькі адно: гатоўнасць пратэстнага руху да супраціўлення. Разумею, што на фоне таго, што адбываецца, нават паверыць у працяг барацьбы няпроста, практычна немагчыма.

Хтосьці ўжо ўнутрана капітуляваў і прапануе пачакаць 5 гадоў, хтосьці скалынае паветра галаслоўнымі заклікамі. Рэальнасць жа складаней і супярэчлівей, у ёй ёсць як перашкоды, так і магчымасці.

У нас засталіся нявыкарыстаныя козыры, якія яшчэ можна ўвесці ў гульню. Пакуль не стала запозна.

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. Шрайбман тлумачыць, ці варта падымаць паніку праз дэкрэт аб інтэграцыі
Наступны матэрыял
Аляхновіч і Чалы распавялі, ці атрымаецца «пераседзець» эканамічны крызіс

Iншыя матэрыялы