Меркаванне: «Адукацыя — гэта не вайна. Ёй не патрэбныя «байцы студатрадаў» і «байцы БРСМ»

Фота: з асабістага архіва Дзмітрыя Цяслюкевіча
4 хв.

На русском языке: Мнение: «Образование – это не война. Ему не нужны «бойцы студотрядов» и «бойцы БРСМ»

Гісторык і выкладчык Дзмітрый Цяслюкевіч напісаў у Facebook пост аб тым, што ў беларускай сістэмы адукацыі ў яе сённяшнім выглядзе няма ніякай будучыні, бо ёй паставілі задачу замацавацца ў ідэях мінулага. Прыводзім пост без зменаў.

«Чаму ў сістэмы адукацыі няма будучыні?

Учора быў складаны і насычаны дзень – 1 верасня. «Цвіком» дня стаў урок «гістарычнай памяці», які ўжо разляцеўся на мемы і цытаты і працягваўся некалькі гадзін (хоць у нормах санпіна дакладна прапісана, што дзецям патрэбны перапынкі, але не пра гэта).

Летась у траўні Антон Матолька спытаў, чым бы беларусы хацелі займацца ў Новай Беларусі? Які яны яе бачаць?

Дык вось, у сістэмы адукацыі няма ў прынцыпе бачання будучыні. Учорашні дзень гэта добра паказаў. Галоўная задача сістэмы адукацыі зараз – замацавацца ў ідэях мінулага. У лепшым выпадку, у сённяшнім дні. Мінулае і сучаснасць «можна кантраляваць», «пераасэнсаваць». А будучыню не ўтаймаваць. Для стварэння і бачання будучыні патрэбна высокая ступень свабоды і крэатыўнасці.

❗️Будучыні зусім не важныя сцягавыя групы ў школах, якія буду зараз выносіць сцяг кожную чвэрць.
❗️Будучыні не важная школьная форма або валасы правільнага колеру.
❗️Будучыні не важныя сцяжкі, якія стаяць у кожным кабінеце на настаўніцкім стале.

Адукацыя – гэта не вайна. Ёй не патрэбныя «байцы студатрадаў», «байцы БРСМ». За што/каго ваюем?

Адукацыя – гэта не «лад у форме». Лад у форме ў войску, міліцыі і г.д. Адукацыя – гэта не выніковае месца школы/гімназіі ў раённым/абласным рэйтынгу. Гэта колькасць адкрыццяў, патэнтаў, бізнэсаў, якія ў будучыні будуць рабіць вашыя вучні. Можа пачнем глядзець далей за 11 клас?

Адукацыя – гэта не «настаўнік – салдат адукацыйнага фронту». Настаўнік – гэта ваш галоўны патэнцыял. Адзін з ключавых інструментаў для фарміравання той самай выявы будучыні. Можа, падумаем над гэтым?

Адукацыя – гэта не пра фармалізм і жорсткую дысцыпліну. Гэта такая ж крэатыўная прастора, хаб, кам’юніці і далей па спісе. Адукацыя – не пра «трэба толькі так». Хочацца, каб гэта было «а можа быць паспрабуем вось так?» або «давайце разам падумаем, як можна?».

Дык ці ёсць бачанне будучыні ў сістэмы адукацыі?»

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. «Народны дэпутат» пра Дзень ведаў, у які пачалася Другая сусветная вайна
Наступны матэрыял
Меркаванне: «17 верасня – дзень, у якога два бакі, і трэба памятаць, што за ім рушыла ўслед і што папярэднічала»

Iншыя матэрыялы