Меркаванне. «Беларускі парадак» пра палітычнае махлярства, або пра прыгоды Юрыка

Ілюстрацыя: тэлеграм-канал «Беларускі парадак»
3 хв.

На русском языке: Мнение. «Белорусский порядок» о политическом мошенничестве, или о приключениях Юрика

Тэлеграм-канал «Беларускі парадак» апублікаваў пост, у якім распавёў пра спробы Юрыя Васкрасенскага наладзіць кантакты з Украінай. Прыводзім іх словы без зменаў.

На днях аднаму непаразуменню, якое па збегу абставін пачало называць сябе палітыкам, забаранілі ўезд ва Украіну. Пішу пра Васкрасенскага не таму, што ён значная фігура або мае ўплыў унутры сістэмы. Яго эпапея – наглядная дэманстрацыя таго, як рэжым спрабуе гуляць у імітацыю прадстаўнічай палітыкі, але атрымліваецца не вельмі.

Махлярства назіралася з самага пачатку, калі на працягу некалькіх месяцаў наганялі ботаў на канал (акуратна па +100 падпісчыкаў у дзень, каб не спаліцца) і тупа закупілі падпісантаў у твітары. Далей былі спробы маніпуляваць на гандлі палітычнымі закладнікамі і гора-партыйнае будаўніцтва.

Украінскі эпізод стаў апафеозам некампетэнтнасці. Гэта максімальна адкрытая краіна, дзе маючы некалькі нумароў тэлефонаў і не самыя вялікія грошы можна прабіцца да каго заўгодна і дамовіцца пра што заўгодна. Але прымудрыліся аблажацца і тут.

Кропкай уваходу стаў дэпутат Рады Яўген Шаўчэнка. Памятаеце, быў такі ўкраінец, які сустракаўся з Лукашэнкам і яго круцілі па ўсіх каналах як сведчанне міжнароднай легітымнасці рэжыму? Дык вось, у самой Украіне ўплыў Шаўчэнкі каля нуля, і адзіная роля, якую ён адыгрывае – ручная апазіцыя для прарасейскага электарату па ўзгадненні з кіраўніком АП Ермаком. Ва Украіне такіх можна закупляць оптам і ў розніцу, але для рэжыму і такое спатрэбіцца, каб паказаць, што з ім яшчэ хоць хтосьці размаўляе.

Пасля выкарыстання Лукой, украінца пазнаёмілі з Юрам. Шаўчэнка, акрылены сустрэчай з цэлым «прэзідэнтам», прапанаваў свае паслугі пасярэдніка ў прасоўванні на ўкраінскі палітычны рынак. І пасля ваяжу на эканамічны форум у Польшчы Васкрасенскі паехаў ва Украіну. 25 верасня ўвечары Юру бачылі ў кіеўскім рэстаране Ватра на Гарадзецкага. Абкашлівалі розныя пытаннечкі, у тым ліку пастаўкі электраэнергіі. Праўда забыліся, што мясцовы энергарынак падмялі такія людзі, з кім дакладна лепш не звязвацца.

Затым быў Кіеўскі міжнародны эканамічны форум, куды Васкрасенскі паехаў нібыта па запрашэнні кіраўніка фракцыі «Слугі Народа», дэпутата Давіда Арахаміі. Але, думаю, Арахамія моцна здзівіцца, калі даведаецца, што клікаў мін’ёна Лукашэнкі ў Кіеў. Асабліва ў тыя дні, калі ў парламенце ішла вайна за адстаўку спікера Рады і прызначэнне новага. Рулёжка непаслухмянай фракцыяй і арганізацыя патрэбнага галасавання самі сябе не зробяць. Так што хтосьці нахабна хлусіць, і хутчэй за ўсё гэта не Арахамія.

Далей падман з форумам. Па-першае, КМЭФ далёка не галоўная інвест-падзея, асноўным форумам ва Украіне з’яўляецца YES Пінчука. Па-другое, на яго трэба запрашэнне, квіток з VIP-праходкай каштуе дзве тысячы даляраў. Вось і калядаваў Юра, падслухваючы размовы, і спрабуючы завязаць камунікацыю з сур’ёзнымі людзьмі, тыпу дырэктара авіякампаніі МАУ. Які калі зразумеў, з кім мае справу, хутка рэціраваўся. А каб «беларускаму палітыку» ніхто не настукаў, калі раптам даведаюцца, яго суправаджаў ахоўнік, прадастаўлены тым жа Шаўчэнкам.

Пасля ад’езду Васкрасенскі стаў гучна заяўляць пра свае «поспехі», нарываючыся на рэакцыю ўкраінскіх ведамстваў. Яна была цалкам заканамернай – забарона на ўезд. Цяпер Юра робіць з сябе ахвяру палітычнага пераследу і спрабуе набіць сабе кошт у беларускай скрыні, прыкрываючы правал сваёй лабісцкай місіі.

Гэта просты прыклад таго, што будзе з іншымі спробамі рэжыму пагуляць у адкрытую палітыку. Інструменты публічнай палітыкі дэградавалі з-за непатрэбнасці, засталіся толькі прапаганда і гвалт. Так атрымаецца і з канстытуцыйнай рэформай, і з ВНС, і з новымі партыямі, і з кіруемым транзітам улады. Не трэба будаваць ілюзіі: такія рэжымы трансфармаваць немагчыма. Яны дэградуюць да пэўнай кропкі, а потым знішчаюцца.

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. Comm Беларусь пра 9 тысяч анкахворых, якіх «вылечыў» каранавірус у 2020 годзе
Наступны матэрыял
Меркаванне. «Рэфлексія і рэакцыя» пра няўдалы час для страйку

Iншыя матэрыялы