На русском языке:
Мнение. Тихановской устроили «смотрины» перед диалогом в Кремле?
Учора галоўны рэдактар «Рэха Масквы» Аляксей Венядыктаў узяў інтэрв'ю ў Святланы Ціханоўскай. «Рэха Масквы» лічыцца адносна незалежным СМІ, але Венядыктаў час ад часу адзначае свае сувязі ў Крамлі, згадаў іх і ў размове з Ціханаўскай. Заснавальнік гомельскага выдання «Моцныя навіны» Пётр Кузняцоў апублікаваў у сваім тэлеграм-канале рэфлексію на гэтую тэму.
Прыводзім яго пост без зменаў:
З раніцы ўважліва прачытаў інтэрв’ю Ціханоўскай на «Рэху». Некалькі момантаў, што завецца, нататкі на палях, з якіх, тым не менш, можна зрабіць пару не вельмі далёка ідучых высноў.
Цалкам чаканае інтэрв’ю бачыцца не чыста медыйнай падзеяй, а больш палітычным кейсам. Венедыктаў, па-першае, наўпрост кажа, што выказванні Ціханоўскай прачытаюць людзі, да якіх яна, магчыма, і звяртаецца. Па-другое, ён задае шэраг вельмі прынцыповых пытанняў, пры гэтым падкрэслівае, што размаўляе з ёй, як з лідарам дэмакратычных сіл у цэлым. Гэта значыць, адказы на гэтыя пытанні і іх трактоўкі і маюць на ўвазе некаторае агульнае ўражанне. Па-трэцяе, ён размаўляе з ёй з пазіцыі не абстрактных разважанняў, а вельмі канкрэтна і прагматычна, шматразова падкрэсліваючы моманты цікавасці Расіі. Гэта значыць, ён ставіць яе ў рамку: «Расія — вось такая, ад вашых жаданняў у нас нічога не зменіцца, і што вы збіраецеся з гэтым усім рабіць?»
І я б сказаў, што, нягледзячы на анансаваны «народны» характар інтэрв’ю, кшталту «накідайце пытанняў» і заявы, што размова будзе для расійскай шырокай аўдыторыі, характар некаторых узнятых тэм вельмі далёкі ад інтарэсаў абывацеля.
У некаторых момантах складваецца ўражанне, што Венедыктаў спрабуе Ціханаўскую троліць, ці хаця б выставіць у нявыгадным святле, як, напрыклад, у тэме аб закліках да санкцый. Насамрэч, гэта не зусім так. Галоўрэд «Рэха» — сапраўдны медыйны і воўк, і ліс у адной асобе. Калі б перад ім была задача выставіць яе ў нявыгадным святле, яна была б вырашана без праблем. На справе ж, ён вядзе гутарку так, што, задаючы вострыя пытанні, дае ёй дастаткова магчымасцяў выходзіць з іх з высока паднятай галавой.
І асобным пунктам у сувязі з апошнім адзначу, што адным банальным пытаннем «Чый Крым?» Ціханаўскую можна было вельмі выразна і востра секчы як палітыка. Таму што адказ «Украінскі» аўтаматычна закрываў бы для яе расейскі вектар палітыкі (такі не моцна адкрыты, але ў тэорыі, усё ж, яшчэ магчымы), а адказ «Расійскі» стаў бы моцным ударам па іміджы прынцыповага дэмакратычнага палітыка. Адыход ад адказу стаў бы найгоршым рашэннем з усіх бакоў. Аднак такога пытання не прагучала. І гэта можа шмат пра што казаць.
Асобна хочацца сказаць некалькі слоў аб паводзінах і адказах Ціханаўскай.
Прычапіцца, калі б хацелася, абсалютна няма да чаго. У адказ на выстаўленую рамку «Расія — такая і Крэмль — такі», яна выбудоўвае сваю прынцыповую рамку: «Ёсць інтарэсы Беларусі». Адначасова яна прагаворвае важны стратэгічны момант: «Мы нікуды адно ад аднаго не дзенемся». Ёй удаецца адсекчы ўсе магчымыя падазрэнні ў русафобіі, пераканаўча спасылаючыся на настроі беларускага грамадства, якія могуць быць недзе не вельмі прарасійскімі, але і антырасійскімі дакладна не з’яўляюцца. І на гэтым фоне пераканаўча гучыць галоўны яе мэсэдж, які ў інтэрв’ю быў і прамоўлены, і прыняты абодвума бакамі (гэта важна, таму што размова праходзіла не ў фармаце допыту ці апытання, а хутчэй у фармаце абмену думкамі): пры тым, што ў Беларусі няма русафобіі, што мы нікуды адзін ад аднаго не падзенемся, што ў абодвух бакоў ёсць інтарэсы — супрацоўніцтва ўсё роўна выйграе, таму што існуючы фармат — зусім не варыянт. Ён супярэчыць і інтарэсам беларускага народа, і інтарэсам Расіі, паколькі ніякія прынятыя зараз дамоўленасці беларусамі ў будучым прыняты не будуць.
Кароткае рэзюмэ. Калі сапраўды аднесці інтэрв’ю да жанру «медыйнай дыпламатыі», то яно ў відавочны плюс прыхільнікам перамен. Ціханаўскую не спрабавалі знішчыць, Ціханаўскай абмалявалі атрымальнікаў яе мэсэджа, перад Ціханаўскай паставілі шэраг стратэгічных і прынцыповых пытанняў.
Ціханоўская была на належным узроўні і здолела выйсці на дастаткова кампрамісную для абодвух бакоў рыторыку.
Пры мінімалістычным раскладзе, гэта быў проста сігнал афіцыйнаму Мінску, але нават калі так, гэта быў вельмі значны сігнал. Пры аптымістычным раскладзе, інтэрв’ю можна разглядаць нават як папярэднія «агледзіны» патэнцыйнага боку дыялогу.
Так што, як бачым, працэсы, як ні круці, ідуць.