На русском языке:
Мнение. «Нашы грошы»: Номинальная средняя зарплата в стране выросла на 6 рублей, а реальный доход упал на 5,7%
Тэлеграм-канал «Нашы грошы» апублікаваў пост, дзе разважае, што не так з «ростам» заробкаў у Беларусі, пра які заяўляе прапаганда і аналізуе, што хаваецца за гэтымі лічбамі (спойлер: рэальны даход насельніцтва памяншаецца). Публікуем пост без зменаў:
Сёння мы пагаворым пра рэчы блізкія і зразумелыя кожнаму — намінальны налічаны сярэднямесячны заробак. Вядома, гэты паказчык не больш чым сярэдняя тэмпература па лякарні, ад галіны да галіны моцна плавае, але ўсё роўна, дзяржаўныя тэлеканалы з радасцю трубяць: па травеньскай статыстыцы сярэдняя намінальная заработная плата па краіне ў параўнанні з красавіком падрасла на 6 рублёў і склала 1573 рубля .
Рост ёсць? Ёсць, няхай нават невялікі. Але калі капнуць крыху глыбей і зразумець, што стаіць за гэтымі лічбамі, усё акажацца не так вясёлкава. Прычым не трэба нават чытаць паміж радкамі: сам Белстат адзначае, што з папраўкай на інфляцыю цяперашні сярэдні намінальны заробак у траўні аказаўся на 5,7% менш, чым летась.
Калі паглядзець на графік, мы ўбачым, што рэальныя заробкі падаюць ужо трэці месяц запар, акурат з сакавіка — першага поўнага месяца вайны ва Украіне. У лютым рост быў 10,7%, а ўжо ў сакавіку паваліўся да -0,7%. Таму вельмі важна разумець, што рост у намінале зусім не азначае рост у рэальным выражэнні.
Цяпер паглядзім падрабязныя даныя. Аказваецца, нават намінальна заработная плата расла не ва ўсіх абласцях краіны. Мінск у траўні (2197 рублёў) значна здаў у адносінах да красавіка (2245 рублёў). Модным зараз словам «адмоўны рост» можна ахарактарызаваць сітуацыю з сярэдняй зарплатай у Гродзенскай вобласці, дзе яна была ў красавіку 1396 рублёў, а ў маі стала 1383 рублі.
Мы неаднаразова казалі, што крызіс заўсёды закранае самыя перадавыя галіны эканомікі, і вось, пачаўшыся, ён найперш ударыў па сталіцы — у Мінску рэальны сярэдні заробак у траўні ў адносінах да мінулага года знізіўся на 9,3%. У Гродзенскай вобласці падзенне менш за іншыя рэгіёны — на 2,1%. Калі казаць пра астатнія галіны, то Брэсцкая рэальная зарплата ўпала на 2,7%, Гомельская — на 3,2%, Магілёўская — 4,3%, Віцебская — на 4,4%, Мінская — 5,9.
Цяпер некалькі слоў па галінах. Статыстыка кажа, што ў траўні заробкі ў горназдабыўной прамысловасці выраслі на 112 рублёў — з 2 786 рублёў да 2 898. Гэта дзіўна, бо зараз, пад санкцыямі, галіна павінна сябе адчуваць не так упэўнена. Можна меркаваць, што прычына росту — выплаты адпускных, бо лета ніхто пакуль не адмяняў. Так гэта ці не, мы ўбачым ужо ў бліжэйшыя месяцы.
Ёсць рост па зарплаце на 69 рублёў у галіне раслінаводства і жывёлагадоўлі — з 1 105 да 1 174 рублёў. Растлумачыць яго цалкам проста — у аграрыяў пачаўся гарачы сезон, падчас якога заробкі заўсёды раслі.
На трэцім месцы стаіць адукацыя. Сярэдні заробак у гэтай сферы падрос на 66 рублёў з 1088 рублёў да 1153. Але і тут можна меркаваць, што статыстыка выглядае так прыгожа дзякуючы шматлікім прэміям, прымеркаваным да іспытаў і ўступнай кампаніі. Плюс да гэтага — таксама маглі граць сваю ролю адпускныя.
А хто страціў? На трэцім месцы стаіць IT галіна, сярэдняя зарплата ў якой за месяц паменшылася роўна на 300 рублёў. Улічваючы, што ў красавіку яна была 6475, а ў траўні стала 6175 — за гэтыя страты сур’ёзна перажываць яшчэ рана. Да таго ж мог адыграць сваю ролю рубель, які ўмацаваўся, бо заробкі ў сферы высокіх тэхналогій часта прывязаны да замежных валют.
На другім месцы — паветраны транспарт. Тут усё зразумела — рынак авіяперавозак зменшыўся, і цяпер многія прадстаўнікі галіны сталі незапатрабаванымі. Красавіцкі сярэдні заробак у гэтай сферы быў 3 592, а ў траўні стаў 3 007 — страта 585 рублёў вельмі адчувальная!
На першым месцы стаіць сфера страхавання, сярэднія заробкі ў якой упалі адразу на 701 рубель. Прычым улічваючы і так не самыя высокія даходы, сітуацыю можна назваць вельмі балючай: у красавіку страхавальнікі атрымлівалі 2494 рубля, а ў траўні — 1792 рубля. Больш чым на траціну!