Меркаванне. Ягор Лебядок пра нараду Лукашэнкі з сілавым блокам

Фота з асабістага архіву Ягора Лебядка
9 хв.

In English: Opinion. Yahor Lebiadok on Lukashenka’s meeting with the power bloc
На русском языке: Мнение. Егор Лебедок о совещании Лукашенко с силовым блоком

Аглядальнік Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале прааналізаваў нараду Аляксандра Лукашэнкі з сілавым блокам, якая прайшла 27 верасня. Прыводзім яго словы без зменаў.

На выхадных у камандзіроўцы ў Сочы быў старшыня ДПК Беларусі А. Лапо, хадзілі чуткі, што і борт №1 таксама лётаў у Сочы. За дзень да таго У.Пуцін правёў нараду з чальцамі Рады бяспекі РФ па пытаннях наступнага будаўніцтва так званай Саюзнай дзяржавы і гарантавання бяспекі дзвюх краін. А ўчора Лукашэнка абмяркоўваў з сілавым блокам сітуацыю на Дзяржаўнай мяжы. Пры гэтым абмяркоўвалася не толькі тое, што адбываецца з мігрантамі, але і «адкрыццё новага фронту» з Украінай. Лукашэнка заявіў: «Ва Украіну цягнуць натаўскія войскі. Пад выглядам навучальных цэнтраў яны ствараюць фактычна базы. Базы ЗША ствараюць ва Украіне. Мы з прэзідэнтам Расіі праводзілі і праводзім кансультацыі па гэтым пытанні і дамовіліся, што там трэба рабіць нейкія дзеянні. У адваротным выпадку мы заўтра будзем мець проста на мяжы Беларусі і Расіі непрымальную для нас сітуацыю. Аж да размяшчэння ракет адпаведнай далёкасці».

Калі гаварыць пра ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі для забеспячэння бяспекі на мяжы па заходнім напрамку, то трэба згадаць Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб сумесных намаганнях у ахове Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь ад 1995 года. Пад дзяржаўнай мяжой у ім маецца на ўвазе мяжа Рэспублікі Беларусь з Польшчай, Літвой і Латвіяй. У дагаворы ўказана, што ахова дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Памежнымі войскамі Рэспублікі Беларусь у супрацоўніцтве з Памежнымі войскамі Расійскай Федэрацыі. Для гэтых мэт стваралася аператыўная група памежных войскаў Расіі пры Галоўным упраўленні памежных войскаў Беларусі, прычым начальнік аператыўнай групы назначаецца на пасаду расійскім бокам па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Дагавор прадугледжвае пастаянны абмен інфармацыяй пра абстаноўку, якая складваецца на дзяржаўных межах бакоў, аказанне дапамогі Расіяй беларускаму боку ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні яе памежных войскаў, а таксама прадастаўленне беларускім бокам паветраным судам памежных войскаў Расіі права на бязвыплатнае карыстанне сваёй паветранай прасторай, аэрадромамі, атрыманне іншай інфармацыі.

Дагавор дзейнічае на працягу пяці гадоў, а затым аўтаматычна працягваецца на наступны пяцігадовы перыяд, калі ніводны з бакоў не заявіць пра сваё жаданне спыніць яго дзеянне. Гэтая дамова двойчы рабілася прадметам гандлю Лукашэнкі з Пуціным. У 2014 годзе першы раз у Парламент Беларусі быў унесены законапраект аб спыненні дзеяння Дагавора, другі раз ён унесены ў Парламент у чэрвені 2019 года. Але двойчы разгляд законапраекта быў спынены, г.зн. дагавор дзейнічае і зараз.

14 лістапада 2019 года на той час Дзяржсакратар Савета бяспекі С. Зась паведаміў, што «Беларусь ініцыюе ўнясенне змен у сумесную з Расіяй дамову аб узаемных намаганнях у ахове мяжы, якая дзейнічае з 1995 года. Такая задача пастаўлена сёння кіраўніком дзяржавы», але пра змены дамовы таксама нічога не чуваць.

Што тычыцца мяжы з Украінай, то ў межах узаемадзеяння з Расіяй гэтае пытанне прапрацоўваецца на аснове дагаворнай базы т.зв. Саюзнай дзяржавы. У прыватнасці, у праграме «Удасканаленне памежнай бяспекі Саюзнай дзяржавы» на перыяд 2017-2021, якая накіравана на добраўпарадкаванне беларуска-ўкраінскага ўчастка мяжы і прадугледжвае будаўніцтва двух комплексаў памежных застаў, двух інтэграваных сістэм ахоўнай сігналізацыі і відэаназірання, укамплектаванне падраздзяленняў аўтамабільнай і інжынернай тэхнікай, беспілотнымі лятальнымі апаратамі, сучаснымі сродкамі сувязі. Верагодна, Лапо ў Сочы абмяркоўваў у тым ліку і падобную праграму на наступныя гады. Таксама, верагодна, абмяркоўваў ён і пытанне бяспекі беларуска-расійскай мяжы на прадмет забароны перасячэння яе нелегальнымі мігрантамі.

Меркаванне. Ягор Лебядок пра нараду Лукашэнкі з сілавым блокам

Варта звярнуць увагу на склад удзельнікаў як на сустрэчы Пуціна, гэтак і Лукашэнкі. На паседжанні Савета бяспекі РФ па ўзаемадзеянні з Беларуссю адсутнічаў кіраўнік ФСБ Расіі, у якую ўваходзіць Памежная служба Расіі. Гэта кажа на карысць таго, што пытанне на Радзе Бяспекі РФ наўрад ці тычылася тэмы крызісу з мігрантамі на беларускім памежжы. Ды і наўрад ці Пуцін збіраў Савет бяспекі па такой мала значнай для яго тэме. Больш значная і актуальная – пашырэнне ваеннай прысутнасці ў Беларусі і кіраванне ваенна-палітычнымі адносінамі паміж Беларуссю і Украінай, пра што і казаў Лукашэнка пра «новы фронт».

Што да паседжання Лукашэнкі, некаторыя СМІ звярнулі ўвагу на прысутнасць Міністра ўнутраных спраў І. Кубракова. Цяпер яго з’яўленне на паседжаннях па мігрантах цалкам зразумела. Па-першае, унутраныя войскі МУС даўно ўжо прысутнічаюць на мяжы, па заявах, для перашкоды парушэння мяжы Беларусі мігрантамі, якіх выштурхваюць палякі і літоўцы. І ў цэлым у паўнамоцтвы МУС па законе аб Дзяржаўнай мяжы ўваходзіць аказанне садзейнічання дзейнасці па забеспячэнні пагранічнай бяспекі і яе ўзмацненню. Па-другое, МУС па тым жа законе арганізуе правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на супрацьдзеянне незаконнай міграцыі. Аналізуючы паведамленні ў групах мігрантаў і ў цэлым дынаміку працэсу, становіцца бачна, што з’яўляецца вельмі шмат самастойных арганізатараў нелегальнай перапраўкі мігрантаў (у тым ліку і ашуканцаў), г.зн. працэс патроху выходзіць з-пад кантролю.

Ускосна, на карысць гэтага кажуць і словы Лукашэнкі «і я ўжо не раз падкрэсліваў, што гэта міжнародная банда, якая адтуль людзей перавозіць не толькі праз Беларусь» і заявы Лапо і Лукашэнкі аб тым, што «сітуацыя пад кантролем» (што гэтая фраза ў вуснах чыноўнікаў азначае – беларусам расказваць не трэба, я думаю).

На паседжанні з Лукашэнкам, хаця ён і казаў пра абарону і рэакцыю ледзь не на размяшчэнне амерыканскіх ракет ва Украіне, адсутнічаў міністр абароны В.Хрэнін. Але адсутнасць Хрэніна не азначае, што на паседжанні пытанне абароны абмяркоўвалася толькі мімаходзь. Справа ў тым, што кіраваннем войскамі займаецца выхадзец з падручных войскаў Лукашэнкі – ССА – начальнік ГШ ВС Беларусі В. Гулевіч, абароннай палітыкай валодае дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі А. Вольфавіч, а Хрэнін усё больш становіцца нешта накшталт зіцстаршыні Фунта –фармальнае падпісанне загадаў, пагадненняў і да г.д.

Ваенна-палітычныя адносіны з Украінай за апошні год сур’ёзна сапсаваныя, хаця на дадзены момант яшчэ не абвостраныя. Абумоўлена гэта і мэтамі Расіі, і самім Лукашэнкам. Улічваючы імкненне Украіны поўнасцю выйсці са сферы ўплыву Расіі, што апошняй успрымаецца калі не як відавочная пагроза, то, як мінімум, патэнцыйная, і тым больш уступіць у НАТА, а таксама сумесную знешнюю і ваенную палітыку Беларусі і Расіі, ствараецца патэнцыйна небяспечны для Беларусі напрамак – з поўдня, пра што і казаў Лукашэнка. Прычым як у прамым канфлікце з Украінай, так і падчас магчымага канфлікту Беларусь + Расія супраць НАТА. У прыватнасці, адкрываецца дадатковы напрамак нанясення ракетных і авіяцыйных удараў па Беларусі. Не абавязкова самой Украінай, магчыма, напрыклад, нанясенне ўдараў з боку Чорнага мора сродкамі блока НАТА, прадастаўленне паветранай прасторы для вядзення авіяразведкі і г.д. У такіх умовах неабходна змяняць падыходы, у тым ліку і да арганізацыі СПА Беларусі.

Паколькі набыццё Беларуссю С-400 пакуль дастаткова сумнеўна, то з фразы Лукашэнкі «і мы [Пуцін і Лукашэнка] вялі якраз размову пра тое, што С-400 нам будзе да месца [для прыкрыцця мяжы з Украінай]» цалкам можа прытрымлівацца намер размяшчэння на нашых паўднёвых рубяжах С-400 Расійскай Федэрацыі, што, вядома, акажа на кіраўніцтва Украіны на парадак больш моцнае ўздзеянне, чым калі б гэта былі выелючна беларускія комплексы. Не выключаю, што расійскія С-400 з Гродна могуць быць перабазаваныя на паўднёвыя рубяжы Беларусі ў сувязі з гэтай заявай Лукашэнкі або пастаўлены новыя падраздзяленні Расіі. Магчымы варыянт і з захаваннем у Гродне расійскіх С-400, а на паўднёвыя рубяжы накіруюць, напрыклад, падраздзяленні гродзенскага 1-га зенітна-ракетнага палка.

Але, зразумела, што Расія будзе імкнуцца размясціць там свае комплексы для прадухілення палітычных манеўраў Лукашэнкі з Украінай. Паколькі размясці Лукашэнка свае сродкі СПА, ён жа іх мог бы і згарнуць аператыўна, што больш праблемна зрабіць з расійскімі.

Вядома, пры размяшчэнні расійскіх комплексаў СПА на поўдні Беларусі, адносіны паміж Украінай і Беларуссю перастануць ляжаць асабліва ў палітычнай плоскасці, а пяройдуць і ў ваенную. Калі раней падобныя заявы Лукашэнкі можна было б лічыць блефам ці своеасаблівай пагрозай для таго, каб дамагчыся згаворлівасці Украіны па шэрагу пытанняў (перш за ўсё па санкцыях), то зараз я б сказаў, што гаворка ідзе сапраўды пра перафарматаванне беларускай абароннай прасторы пры ўдзеле Расіі з улікам магчымага супрацьдзеяння Украіне. Вядома, пры размяшчэнні расійскіх падраздзяленняў на мяжы Беларусі і Украіны, апошняй давядзецца адказваць, што белпрапаганда будзе падаваць як агрэсіўныя дзеянні «амерыканскіх марыянетак» і выкарыстоўвае гэта ў мэтах большага нарошчвання страху ў белаўдыторыі для абгрунтавання ўтрымання ўлады ў Беларусі, а таксама ў інтарэсах Расіі.

Раней у СМІ былі ўкіды, што ў Беларусі могуць размясціць расійскія комплексы СПА С-500 «Праметэй». Пакуль яны яшчэ і на ўзбраенне ў Расіі не сталі. Натуральна, што Беларусі яны не будуць перададзеныя і прададзеныя ў любым выпадку (і з палітычных і з эканамічных меркаванняў). Гэта значыць у Беларусі яны могуць быць толькі як расійскае падраздзяленне (з перспектывай адзінай базы Расіі). Размяшчэнне такіх комплексаў у Беларусі выгадна для Расіі па трох прычынах. Па-першае, гэта дазволіць кантраляваць паветраную прастору ўсёй Прыбалтыкі, значнай часткі Польшчы, і паўночнай, і цэнтральнай частак Украіны. Па-другое, на думку расійскіх вайскоўцаў, на базах ПРА ў Румыніі і Польшчы могуць быць размешчаныя ўніверсальныя пускавыя ўстаноўкі, з якіх могуць ажыццяўляцца пускі не толькі супраць ракет, але і крылатых ракет сярэдняга радыусу дзеяння Tomahawk. Размяшчэнне С-500 (пры далёкасці ракеты каля 550 км) у раёне Баранавіч у прынцыпе дазваляе перакрыць абодва патэнцыйныя кірункі палётаў ракет з баз ПРА па Маскве. Па-трэцяе, калі заяўленыя тэхнічныя характарыстыкі С-500 – здольнасць збіваць нізкаарбітальныя спадарожнікі – дакладныя, то гэта дазваляе істотна прыслабіць выведвальныя магчымасці НАТА на нашым ТВД. Для прыкрыцця С-500 у Беларусі ёсць і комплексы СПА, і сухапутныя сілы, прасцей кажучы, усё беларускае войска будзе абараняць С-500 як стратэгічны аб’ект т.зв. Саюзнай дзяржавы.

Меркаванне. Ягор Лебядок пра нараду Лукашэнкі з сілавым блокам

На сустрэчы з сілавым блокам Лукашэнка заявіў: «Пад выглядам навучальных цэнтраў яны ствараюць фактычна базы. Базы ЗША ствараюць ва Украіне». Адзначу, што ва Украіне няма вучэбна-баявых цэнтраў, у іх выключна навучальныя, вучэбна-трэніровачныя і вучэбна-навуковыя цэнтры, у якіх знаходзяцца інструктары з краін НАТА, але без размяшчэння зброі, прынамсі такой, як размясціла Расія ў Беларусі – З-400 і Су-30СМ, і натаўскія вайскоўцы тамака не заступалі на баявое дзяжурства. На мінулым тыдні Карпянкоў заявіў, што «яны [Захад] спрабуюць пад выглядам нібыта, скажам так, вяртання да нас мігрантаў, якія нелегальна трапілі да іх, закідваць да нас тэрарыстаў сюды і экстрэмістаў. Па ўсёй Заходняй Еўропе збіраюць і ігілаўцаў, і ўсіх тых, хто ў іх сядзеў у следчых ізалятарах і пад следствам быў, закінуць сюды, у Рэспубліку Беларусь, для таго, каб дэстабілізаваць абстаноўку». Выпіхваюць у Беларусь толькі нелегальных мігрантаў, якія прыбылі толькі з Беларусі, і гэта не абвяргаюць ні ДПК ні белпрапаганда. Такія заявы, як і раней пра гвалт, фашызм у ЕС і г.д., некаторыя лічаць праявай псіхалагічных асаблівасцяў тых, хто гэта кажа, накшталт механізму псіхалагічнай абароны – праекцыі. Але ўсё ж гэтыя заявы, на мой погляд, з’яўляюцца сістэмнымі і дэманструюць стратэгічную лінію прапаганды Лукашэнкі па прынцыпе, выкладзеным Пуціным: «хто як абзываецца, той так і называецца».

Мэта такой прапаганды – змешванне падзей і вінаватых у іх у галовах нявызначаных, каб сфармавалася думка: усе яны там дрэнныя, але да нашага мы хаця б звыкліся, таму трэба падтрымліваць статус-кво.

Таксама гэта добра працуе на падсілкоўванне прыхільнікаў Лукашэнкі і Расіі, паколькі белпрапаганда ўсё больш сур’ёзна коціцца па расійскіх рэйках – і па наратывах і па метадах. Але ёсць у гэтым і плюс – такі прапагандысцкі падыход дазваляе вылучыць тыя тэмы, якія для Лукашэнкі і Ко, а таксама яго расійскіх патронаў, з’яўляюцца важнымі для супрацьдзеяння. У дадзеным выпадку мы бачым, напрыклад, што асвятленне расійскага навучальна-баявога цэнтра як фактычна ваеннай базы Расіі на тэрыторыі Беларусі для Лукашэнкі з’яўляецца негатыўным – зніжае яго рэйтынг як гаранта незалежнасці, таму і загаварыў аб цэнтрах ЗША ва Украіне. Словы Карпянкова адлюстроўваюць тэму асацыяцыі Лукашэнкі і тэрарызму для ЕС. Праўда ў выпадку Карпянкова варта дадаць, што гэта ў пэўнай меры і яго жаданне пазначыць сваю значнасць для начальніка – вядзе барацьбу з тэрарызмам (паўтаруся, унутраныя войскі на мяжы даўно), і гэтая ж тэма добрая для ідэалагічнай напампоўкі асабістага складу.

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. Леў Львоўскі адказвае праціўнікам санкцый
Наступны матэрыял
Меркаванне. «Міфалогія Беларусі» пра сутнасць новай канстытуцыі

Iншыя матэрыялы