«Народны дэпутат» аб інцыдэнце ў Мачулішчах: Cваім маўчаннем рэжым сам падрывае ідэю стабільнасці

Google
6 хв.

На русском языке: «Народны дэпутат» об инциденте в Мачулищах: Cвоим молчанием режим сам подрывает идею стабильности

Тэлеграм-канал «Народны дэпутат» апублікаваў пост, у якім аўтар разважае пра маўчанне беларускіх уладаў пасля падрыву самалёта А-50 ПКС РФ на аэрадроме ў Мачулішчах. Чаму ні ўлады, ні дзяржСМІ не сказалі ні слова, і да чаго гэта можа прывесці? Прыводзім меркаванне аўтара без зменаў.

«Мачулішчы.

Калі ўспрымаць літаральна тое, што ёсць зараз, і гэта сапраўды падрыў расійскага самалёта-лакатара ў самым сэрцы Беларусі, то пахне падрывам усёй ідэі стабільнасці, пра якую заўсёды і ўсюды паўтарае беларуская ўлада. Усё роўна, хто і як гэта зрабіў, ці УСУ ці белпартызаны, ці робат, ці загадзя ўсталяваная выбухоўка, і ці была гэта дыверсія рускіх. Так, гэта акт тэрарызму, злачынства, дыверсія, без розніцы як гэта называць.

Вайна – тут і цяпер, няма і не можа быць ніякай эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай стабільнасці, перагорнутых старонак, калі на авіябазе за 10 км ад Мінска, якая ахоўваецца мацней за ўсё, падрываюць самалёт коштам больш за 300 млн долараў. Той, які вельмі моцна дапамагаў расійскай уладзе ў вайне. Падзеі 2020-га года ўсё мацней завязваюцца ў сімбіёз з вайной, раскручваючы махавік гвалту і непрадказальнасці. Ау, улада, гэта вам не студэнтаў лавіць па пад’ездах, гэта не зачыняць грамадскія арганізацыі, не граміць вобыскамі кватэры, не надзімаць масава шчокі на нарадах і ў дзяржСМІ аб тым, што ў вас усё пад кантролем.

Можна абвінаваціць тэрарыста ў тэракце, можна абвінаваціць апазіцыю, можна спаслацца на непатушаны недакурак і дэтанацыю, але гэта ўсё роўна. Бяспека на крытычна важным абʼекце не забяспечаная. Кропка.
Так, можа быць і такое, што ніякі самалёт не падарваны, узарвалася, умоўна, трансфарматарная станцыя на аэрадроме, з-за тэхнічнага збою.

Але! Вакол і каля Мачулішчаў, з гадзін 10 – 12 раніцы, у Гатава, Цэсіне, Міхайлавічы, Плябанцы, Дзергаі, Новы Двор – ДАІ, Страла, супрацоўнікі міліцыі ў бронекамізэльках і касках. А ўлада маўчыць у трубачку. Пакуль даішнікі і нейкія сяржанты абмяркоўваюць чорны пазадарожнік, «хахла з Крыма», што можа і не мець дачыненне да сітуацыі, грамадства ўжо напружылася.

Няма інфармацыі ні ад белты, ні ад СБ, асоб, якія лічаць сябе журналістамі ці палітыкамі, ні ад Мінабароны, якога-небудзь службоўца. Дык не, маўчаць, як заўсёды. Як у 86 пры Чарнобылі кінулі ўсіх сваім маўчаннем, як у 2020, калі трэці Мінска казалі, што можна піць ваду, якая насамрэч была небяспечнай для здароўя. Маглі б ужо напісаць хоць нейкі фэйк ці паўпраўду, што, маўляў, не хвалюйцеся, гэта манеўры, вучэнні, нязначны неваенны інцыдэнт і іншае. Дык не, маўчаць. І заўтра ўся краіна будзе ведаць (і падтрымліваць) той бок сітуацыі, які пададуць недзяржаўныя крыніцы.

Давер да ўлады разбураецца ўсё хутчэй, і такім маўчаннем улада пацвярджае, што яна не ўмее працаваць хутка, не ўмее рэагаваць на становішча, якое рэзка змяняецца, што насамрэч дзяржСМІ і інфармацыйнае супрацьдзеянне засталіся на ўзроўні 2020 года. Усё роўна ўсім усё трэба ўзгадняць, незалежных СМІ і журналістаў у краіне няма, і пакуль вертыкаль узгадняе тэксты і заявы сама з сабой – інфападстава абрастае і ўмацоўваецца. Трывога грамадзян расце, і ўжо заўтра людзі будуць ківаць у бок улады, якая ў чарговы раз думае пра сябе, а не пра людзей.

Ваш народны дэпутат».

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. «Нашы грошы»: Пасля $375 усё добра. Даведаліся, колькі «глыбіннаму беларусу» трэба для шчасця
Наступны матэрыял
Дзяржаве пляваць на людзей, і вайна ў Ізраілі - чарговае таму пацвярджэнне. Раней так ужо было і з кавідам

Iншыя матэрыялы