На русском языке:
«Нашы грошы»: Будет как в 90-х? Нет, намного хуже
Тэлеграм-канал «Нашы грошы» апублікаваў пост, дзе згадвае крызісы, якія перажыла эканоміка Беларусі за апошнія 30 гадоў і аналізуе, што нас чакае на гэты раз.
Публікуем меркаванне без зменаў.
«Год народнага адзінства» ў Беларусі як ніколі раней раз’яднаў грамадства. «Год малой радзімы» — яшчэ больш павялічыў адставанне па ўзроўні жыцця паміж сталіцай і рэгіёнамі. Здавалася, складана прыдумаць, якой чарговай бядой абярнецца для нас «Год гістарычнай памяці», але зараз становіцца зразумела, што ён прымусіць нас успамінаць шматлікія ўрокі мінулага.
За 30 гадоў у Беларусі было шмат эканамічных крызісаў, частка з іх здарылася нядаўна, некаторыя пачалі ўжо забывацца. Але статыстыка памятае ўсё. Давайце ўспомнім і мы.
Крызісы Беларусі за апошнія 30 гадоў / Нашы грошы
Пачнём з канца. Крызіс 2020-га года — гэта крызіс сістэмны, ён здарыўся пасля выбараў. На яго наклаліся вельмі складаныя ўмовы, звязаныя з пандэміяй. Гэтыя ўзрушэнні каштавалі Беларусі ў кароткатэрміновай перспектыве падзення ВУП на $4 млрд.
У 2014 годзе быў крызіс фінансавы і валютны. Па сутнасці, ён адбыўся ў выніку таго, што абвалілася расійская эканоміка пасля далучэння Крыма. За два гады наш ВУП упаў з $79 млрд да $48 млрд. Вядома, мы тут павінны ўлічваць, што падлік вядзецца ў далярах, але з улікам таго, што беларуская эканоміка завязана на знешніх рынках нашмат шчыльней, чым расійская, для нас такі паказчык больш балючы. . Гэта значыць падзенне на 10% у далярах у іх і ў нас — гэта абсалютна розны маштаб катастрофы.
У той час ішло шмат размоваў: маўляў нічога страшнага, расійскія санкцыі беларускай эканоміцы не перашкода, нашыя тавары яшчэ большай плынню пойдуць на прылаўкі расійскіх крамаў і гэта выратуе становішча спраў. Як бачым — наогул не выратавала. Ад «крымнаш» мы так і не акрыялі, спрабуючы 8 гадоў вылезці з ямы, у якую ўвагнаў сваімі імперскімі амбіцыямі стратэгічны сусед.
Крызіс 2011-га быў адметны тым, што курс рубля з 3000 у пачатку года вырас да восені да 8350 рублёў. Гэта перыяд множных курсаў, поўнай валютнай блытаніны. На графіцы гэты крызіс не моцна выдзяляецца менавіта па паказчыках ВУП, нават ёсць пэўны рост. Але гэты рост быў з-за таго, што праблема ўзнікла выключна ўнутры краіны, а экспарту дэвальвацыя аказалася, наадварот, на руку. Нягледзячы на гэта, шмат хто прыгадвае 2011 год з жахам, людзі страцілі тады вялікія грошы.
Фінансавы крызіс 2008 года ўспамінаецца тым, што беларускі рубель абясцэніўся на 20%, пры гэтым ВУП краіны ўпаў на $12 млрд. Прычына — наступствы міжнароднага крызісу, на фоне гэтага Расія пачала прадаваць нам энерганосьбіты па цэнах, блізкіх да сусветных. Скончыўся надзьмуты нафтадалярамі «эканамічны цуд». З гэтага моманту мы пачынаем актыўна набіраць пазыкі. Для таго, каб вярнуцца да кропкі абвалу, пайшлі доўгія тры гады.
Перыяд з 2000 па 2008-ы — «тлустыя гады». Нафта даражэе, але Беларусь атрымлівае яе па максімальна льготных цэнах, што дазваляе нарасціць ВУП з нікчэмных $11 млрд да $63 млрд. Беларуская эканоміка прычапілася вагончыкам да лакаматыва эканомкі Расіі, які набірае абароты, і выдатна на гэтым выехала, адначасова ўсё больш цесна прывязваючыся да суседняй краіны.
Самае сумнае відовішча на графіцы — гады з 1994 па 2000. На працягу шасці гадоў ВУП краіны быў вельмі маленькім і прымудраўся пры гэтым зніжацца яшчэ. Самым сур’ёзным крызісам, які да гэтага часу з уздрыгам успамінаюць у Расіі, быў крызіс 1998 года, калі ў Расіі аб’явілі дэфолт. У нас ВУП упаў тады за два гады з $16 млрд да $11 млрд. Улічваючы, што падаць на той момант ужо было практычна няма куды — гэта вельмі значныя страты.
Узгадваючы перадумовы і наступствы крызісаў, якія мы толькі што назвалі, мы бачым, што тое, што адбываецца зараз, значна больш сур’ёзнае, чым усе праблемы, якія здараліся з нашай краінай за ўсе гэтыя гады. А значыць і наступствы будуць нашмат цяжэйшыя. Расейскі алігарх Алег Дзерыпаска, успамінаючы крызіс 1998 года, кажа, што цяперашні крызіс будзе ў тры разы цяжэй, чым той, што быў тады. Гэта значыць, Расію, а па датычнай і Беларусь, чакаюць не «ліхія 90-я», а нешта больш страшнае.
Напэўна, мы і гэта перажывём, але якім коштам?