motolko.help
Эксклюзіў
15 хв.

На русском языке: 7 битв, которыми может гордиться каждый беларус

8 верасня 1514 году ў Бітве пад Воршай аб’яднаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага разбілі ў тры разы большае войска маскоўскай дзяржавы. Тая перамога на многія гады спыніла маскоўскую экспансію на нашыя землі і дала магчымасць вызваліць значную частку ўсходніх зямель ВКЛ. Сёння Дзень воінскай славы Беларусі. І Ворша – гэта не адзінае бітва, дзе нашыя продкі перамаглі ворага, які значна пераўзыходзіў у колькасці нашых ваяроў.

Грунвальдская бітва
15 ліпеня 1410 г.

7 бітваў, якімі можа ганарыцца кожны беларус

«Грунвальдская бітва» (1878) / Ян Матэйка

Месца: в. Грунвальд, Польшча
Сілы бакоў:

  • ВКЛ і Польшча – 31 500 чалавек;
  • Тэўтонскі ордэн – 27 000 чалавек;

Аб’яднаныя сілы ВКЛ і Польшчы пад кіраўніцтвам Вітаўта і Ягайлы разграмілі крыжакоў Тэўтонскага ордэна, якімі кіраваў Ульрых фон Юнгінген. Паводле гісторыкаў у бітве бралі ўдзел жыхары Полацку, Віцебску, Горадні, Магілёву, літоўцы, палякі і ўкраінцы. У войску ВКЛ было 28 палкоў з сучасных беларускіх земляў, 4 літоўскіх і 8 украінскіх. 35 з 40 харугваў ішлі пад сцягамі «Пагоня».

Перамога пераламіла ход Вялікай вайны (1409–1411), была спынена нямецкая экспансія на прыбалтыйскія і ўсходнеславянскія землі, і пакладзены пачатак палітычнаму заняпаду Тэўтонскага ордэна.

Бітва пад Воршай
8 верасня 1514 г.

7 бітваў, якімі можа ганарыцца кожны беларус

Бітва пад Оршай / Ганс Крэль

Месца: Ворша, Беларусь
Сілы бакоў:

  • ВКЛ – 25 000 чалавек;
  • Маскоўская дзяржава – 75 000 чалавек;

Кіраваў войскам ВКЛ Вялікі гетман літоўскі Канстанцін Астрожскі. Лёгкую конніцу ўзначальваў адзін з багацейшых магнатаў княства Юрый Радзівіл, а польскіх коннікаў і пяхоту вялі ў бой Януш Свярчоўскі і Войцех Сампаліньскі.

Маскавіты былі разбітыя і ў паніцы кінуліся наўцёкі. Войскі ВКЛ страцілі толькі каля 4 000 байцоў, а «усходнія суседзі» у 10 разоў болей – 40 000. Перамога пад Воршай на шмат гадоў спыніла экспансію Масквы на нашыя землі, разбурыла саюз супраць ВКЛ паміж масковіяй і рымскай імперыяй. Таксама часткова былі вызваленыя ўсходнія землі ВКЛ.

Бітва пад Чашнікамі
26 студзеня 1564 г.

7 бітваў, якімі можа ганарыцца кожны беларус

Малюнак бітвы ў нямецкім «лятучым лістку» (1564 г.) / Филюшкин А. И.

Месца: аг. Іванск побач з р. Ула, Беларусь
Сілы бакоў:

  • ВКЛ – 4 000 – 10 000 чалавек;
  • Маскоўская дзяржава – 8 000-25 000 чалавек;

Вялікалітоўскае войска пад камандаваннем вялікага гетмана Мікалая Радзівіла Рудога перамагло большае войска маскавітаў у 25 000 чалавек на чале з Пятром Шуйскім, якое па загадзе маскоўскага цара Івана Жахлівага мусіла аб’яднацца з войскам князёў Сярэбраных і ісці ў глыб Літвы, каб рабаваць і забіваць насельніцтва.

У выніку, не чакаючы аб’яднання ворагаў, ліцвіны атакавалі войска Шуйскага, ён жа паранены быў вымушаны бегчы з поля бітвы. Як толькі перадавы маскоўскі полк быў разбіты, за ваяводам пабегла ўсё войска. Войскі ВКЛ страцілі ўсяго толькі 20 байцоў, а маскавіты – 9 000, і яшчэ столькі ж патанула ў вадзе р. Улы і яе прытоку Крывіцы.

Бітва пры Клушыне
4 ліпеня 1610 г.

7 бітваў, якімі можа ганарыцца кожны беларус

Бітва пры Клушыне / Шымон Багушовіч

Месца: в. Клушына, Расея
Сілы бакоў: 

  • Рэч Паспалітая  — 7 000 чалавек;
  • Руская дзяржава — 10 000 — 30 000 чалавек;
  • Швецыя — 5 000 чалавек;

Войскі Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам польскага гетмана Станіслава Жалкеўскага разграмілі руска-шведскае войска пад камандаваннем Дзмітрыя Шуйскага і Якаба Дэлагардзі. 

Перамога ў гэтай бітве прывяла да таго, што Маскоўская дзяржава на некаторы час увогуле пазбавілася дзяржаўнасці, Масква пэўны час апынулася пад уладай Рэчы Паспалітай.

Бітва пад Палонкай
28 чэрвеня 1660 г.

7 бітваў, якімі можа ганарыцца кожны беларус

Стэфан Чарнецкі падчас Трынаццацігадовай вайны (1654—1667)

Месца: в. Палонка, Беларусь
Сілы бакоў: 

  • Рэч Паспалітая  — 12 000 чалавек;
  • Маскоўская дзяржава — больш за 20 000 чалавек;

Адна з пераломных бітваў Трынаццацігадовай вайны (1654—1667), якая скончылася перамогай аб’яднаных сіл Рэчы Паспалітай над войскам Маскоўскай дзяржавы. У бой войска вялі Павел Ян Сапега і Стэфан Чарнецкі і ў выніку перамаглі. Гэтая бітва спыніла маскоўскую аблогу Ляхавіцкага замка і прывяла да вызвалення земляў Вялікага Княства Літоўскага па Дняпро на ўсходзе і Дзвіну на поўначы, а паводле некаторых даследчыкаў, таксама зарвала план наступу маскавітаў на Варшаву.

Больш за тое, бітва засведчыла пераход да Рэчы Паспалітай стратэгічнай ініцыятывы ў вайне. Нашыя ваяры згубілі каля 300 чалавек, а маскавіты – ад 2 да 3500, і яшчэ каля 700 палонных.

Бітва пад Мілавідамі
22 траўня 1863 г.

7 бітваў, якімі можа ганарыцца кожны беларус

Бой паўстанцаў. / Малюнак пачатку ХХ стагоддзя

Месца: в. Мілавіды, Беларусь
Сілы бакоў:

  • Паўстанцы Каліноўскага – 5 атрадаў (каля 900 чал.)
  • Расейская імперыя – 5 ротаў з гарматамі (каля 430 чал. + 4 гарматы)

22 траўня 1863 г. на лагер паўстанцаў Кастуся Каліноўскага пад в. Мілавіды, дзе знаходзіліся 5 паўстанцкіх атрадаў (Слонімскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Навагрудскі і Пружанскі), былі кінутыя войскі Расейскай Імперыі са Слоніму і Нясвіжу.

Паўстанцамі камандаваў падпалкоўнік Аляксандр Лянкевіч. Расейскія войскі на чале з падпалкоўнікам Булгарыным атакавалі пазіцыі каліноўцаў цягам усяго дня з дапамогай абстрэлаў гарматамі, але ж паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. У баях каліноўцы згубілі 18 чалавек, расейцы ж, страціўшы 50 чалавек забітымі і параненымі, вымушаныя былі адступіць. Поле бою засталося за паўстанцамі – яны перамаглі.

Баі пад Горкамі
5 і 9 траўня 1863 г.

7 бітваў, якімі можа ганарыцца кожны беларус

Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў / Пётр Сергіевіч

Месца: Горкі, Беларусь
Сілы бакоў:

  • Паўстанцы Каліноўскага – 200-400 чал.
  • Расейская імперія – 7 рот пяхоты (940 салдат, не менш 7 гармат,
    40 казакоў)

У адрозненні ад іншых, Баі пад Горкамі – гэта не адно, а шэраг узброеных сутыкненняў паміж беларускімі паўстанцамі Кастуся Каліноўскага і рэгулярнымі войскамі Расійскай імперыі, што адбыліся падчас паўстання 1863-64 гг. у наваколлях вёскі Горкі. Паўстанцкім атрадам кіраваў генерал Рамуальд Траўгут. Даведаўшыся пра стварэнне атраду, расейцы кінулі на паўстанцаў свае рэгулярныя войскі.

Раніцай 5 мая 1863 года ў раёне дамбы ў ваколіцах Горак з’явіўся першы атрад рэгулярных войскаў РІ агульным лікам у адну роту пяхоты (120 чалавек) і 40 казакоў пад камандаваннем паручніка Пракофʼева. Паўстанцам атрымалася зладзіць засаду на дамбе і атачыць рускія войскі. Падчас цяжкага бою тыя панеслі значныя страты ў 4 забітых і 20 параненых і былі змушаны паспешна адступіць за падмацаваннем. 5 траўня 1863 г. паўстанцы перамаглі.

Наступны бой быў 9 траўня 1863 г, расейцы пайшлі на каліноўцаў ужо не адным, а двума ротамі пяхоты (240 чалавек) з 3-я гарматамі пад камандаваннем палкоўніка Эрнберга. Падчас двухгадзіннага бою ў гушчы лесу расейцы страцілі 2 чалавека забітымі і 12 параненымі і былі змушаны зноў адступіць.

Дзве перамогі запар – гэта менавіта тое, чым мы можам ганарыцца за нашых продкаў, але ж расейцы зноў атакавалі лагер 13 мая 1863 года. Гэтым разам — адразу з двух бакоў абʼяднанымі сіламі, якія налічвалі 4 роты (480 салдат) пяхоты і не менш за 4 гарматы.

Падчас цяжкага трохгадзіннага бою паўстанцы былі падзелены, частцы з іх атрымалася прадрацца да рачной дамбы, аднак там яны былі акружаны і знішчаны або запалонены. Другая частка разам з Траўгутам вырвалася з акружэння і была змушана паспешна адступіць. На жаль, але вынікам трэцяга боесутыкнення стала поўнае знішчэнне атраду, які страціў больш за 70 чалавек забітымі і яшчэ каля 50 палоннымі, у тым ліку 20 вершнікаў. Рускія страты ў апошнім баі склалі 3 забітых і 10 параненых. Тым не менш, самому Траўгуту з купкай мяцежнікаў атрымалася пазбегнуць плянення.

Гэта далёка не ўсе перамогі беларусаў у баях, але гэтыя прыклады як нішто іншае паказваюць мужнасць і моц нашага народу. З Днём воінскай славы Беларусі!

Папярэдні матэрыял
У часы сталінскіх рэпрэсій пад Гомелем было расстраляна мінімум 5 000 чалавек. Зараз іх спрабуюць выдаць за ахвяр нацыстаў.
Наступны матэрыял
Як рэжым Лукашэнкі яшчэ больш можа ўвязацца ў вайну ва Украіне? Магчымыя сцэнары

Iншыя матэрыялы