Дзева Марыя, «Пагоня» і ключ. Гісторыя геральдыкі горада Менска

«Гняздо цноты…» (1578)
5 хв.

In English: Virgin Mary, Pahonia and the key. History of heraldry of the city of Miensk
На русском языке: Дева Мария, Погоня и ключ. История геральдики города Менска

Роўна 30 гадоў таму, 5 верасня 1991 года Мінскім гарадскім саветам народных дэпутатаў было прынята рашэнне №167, якое абвесціла вярнуць гораду яго гістарычны герб і гістарычную назву — «Менск».

На жаль, назву «Менск» не вярнулі, у Вярхоўным Савеце не хапіла 31 голасу «за», каб зацвердзіць гэтае рашэнне. А вось рашэнне аб вяртанні гораду яго гістарычнага герба 1591 года было прынята.

Дзева Марыя, «Пагоня» і ключ. Гісторыя геральдыкі горада Менска

Так выглядаў герб Мінска 1591-1790-х гадоў на пячатцы магістрата.
Фота: minsk-old-new

Тут варта сказаць, што сучасны герб Мінска злёгку адрозніваецца ад гістарычнага герба, які горад атрымаў 12 студзеня 1591 года згодна з пацвярджальным прывілеем караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III, якім ён пацвярджаў магдэбургскае права, дзе было сказана: «надаемъ имъ на гербъ до печати местъское на ратушъ фикгуру внебовзятья панъны Марыи». Як і на сучасным варыянце, там было намаляванае Ушэсце Панны Марыі, але акрамя гэтага знізу быў надпіс на лаціне: «sicilivm civitatis minscvnsis».

Дзева Марыя, «Пагоня» і ключ. Гісторыя геральдыкі горада Менска

Пячатка Мінска, 1770 год.
Фота: minsk-old-new

Доўгі час на пячатках горада адлюстроўваўся і іншы рэлігійны сюжэт, не Ушэсце Панны Марыі, а каранацыя Панны Марыі. Як прыклад — пячатка 1770 года, якая мела яшчэ і кругавы надпіс: «Пячатка Ушэсця ясным каралём Жыгімонтам Аўгустам гораду Менску ў 1552 годзе дараваная і ў 1770 годзе адноўленая».

У 1793 годзе ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай Менск адыходзіць да Расійскай Імперыі. У гэты перыяд гістарычны герб горада змяшчаюць на грудзях двухгаловага арла. Зроблена гэта было для абазначэння «далучэння і падданства краю да Расійскай Імперыі».

Дзева Марыя, «Пагоня» і ключ. Гісторыя геральдыкі горада Менска

Герб горада ў часы Расійскай Імперыі.
Фота: heraldicum

У апошнія дзесяцігоддзі XIX стагоддзя гарадскі герб амаль паўсюдна быў выціснуты гербам Мінскай губерніі, які кардынальна адрозніваўся ад гістарычнага. Дакладней, не меў з ім наогул нічога агульнага. Ён уяўляў сабой 3 хвалістыя блакітныя паласы на залатым шчыце.

Дзева Марыя, «Пагоня» і ключ. Гісторыя геральдыкі горада Менска

Герб Мінскай губерніі, зацверджаны ў 1878 годзе.
Фота: minsk-old-new

Гэтыя палосы пасля выкарыстоўваліся ў якасці гарадскога герба Мінска і ў СССР, можна меркаваць, што выкарыстоўвалі іх дзякуючы «палітычна карэктнаму зместу»: ні рэлігійнай сімволікі, ні манархічнай…

Але ёсць яшчэ адзін варыянт, пра які нельга не сказаць, ён наогул не выкарыстоўваўся, але згадаць пра яго варта. У 1968 годзе валгаградскі завод «Сувенір» выпусціў значок з выявай праекта герба Мінска, дзе на чырвоным полі адлюстроўваўся стылізаваны ключ і тры хвалі.

Дзева Марыя, «Пагоня» і ключ. Гісторыя геральдыкі горада Менска

Герб на турыстычных значках ў 1980-х гадах

Дзева Марыя, «Пагоня» і ключ. Гісторыя геральдыкі горада Менска

Значок з праектам герба горада ад завода «Сувенір»

А ці была гербам Мінска «Пагоня»?

Хутчэй за ўсё, так. У працы польскага гісторыка Барташа Папроцкага «Гняздо цноты…» (1578) прыводзіцца герб Мінскага ваяводства і асобна — герб Мінска, абодва з выявай нацыянальнага герба беларусаў — «Пагоні».

Дзева Марыя, «Пагоня» і ключ. Гісторыя геральдыкі горада Менска

Герб Мінскага ваяводства і Мінска ў працы
Барташа Папроцкага «Гняздо цноты…» (1578)

Таксама «Пагоня» прысутнічае на пячатцы апеляцыйных судоў горада 1791 года.

Дзева Марыя, «Пагоня» і ключ. Гісторыя геральдыкі горада Менска

Пячатка апеляцыйных судоў, 1791 год.

У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы з артыкула Уладзіміра Валожынскага «Гарадскі герб» і артыкул heraldicum пра гарадскі герб.

Папярэдні матэрыял
«Тут скралі мой голас». Так у Беларусі прайшоў Дзень ведаў
Наступны матэрыял
Хаб для перамяшчэння ў ЕС? Магчымы маршрут мігрантаў у Мінску

Iншыя матэрыялы