In English:
«Nashy Groshy» on the dynamics, taxes and future in the IT industry
На русском языке:
«Нашы грошы» о динамике, налогах и будущем в IT-индустрии
Тэлеграм-канал «Нашы грошы» апублікаваў пост, у якім суадносіць статыстычныя даныя з рэальнымі ўмовамі для працы IT у Беларусі. Прыводзім пост без зменаў.
Нядаўна мы расказвалі вам, чаму IT-індустрыя, нягледзячы на тое, што ўлады яе, мякка кажучы, недалюбліваюць, становіцца ўсё больш істотным драйверам эканомікі. Свежыя даныя дазваляюць выказаць здагадку, што гэты драйвер у апошні час не проста эфектыўна выкарыстоўваюць, яго інтэнсіўна дояць, толькі зрэдку аглядаючыся на наступствы.
У 2021 выраслі падаткі для IT – стаўкі падаходнага падатку паднялі з 9 да 13%, хоць першапачаткова ўмовы працы не меркавалі такіх зменаў. З такім падыходам прадстаўнікам высокатэхналагічнай сферы можна чакаць ад урада чаго заўгодна, і гэта тлумачыць цікавую дынаміку.
З аднаго боку, яна нібыта як пазітыўная і для IT-сектара, і для бюджэту. Паступленні падаткаў ад ПВТ у бюджэт значныя, адзін толькі другі квартал гэтага года – 200 млн рублёў (у два разы больш у параўнанні з аналагічным перыядам за мінулы год), трэці квартал – 180 млн. Традыцыйна другі і чацвёрты квартал года даюць вялікія паступленні.
Мяркуючы па ўсім, гэта нават больш, чым чакалі падатковыя. І гэта можа падштурхнуць іх да далейшых, яшчэ больш актыўных дзеянняў.
Ілюстрацыя: тэлеграм-канал «Нашы грошы»
Разуменне таго, што на драйвер росту звярнула ўвагу дзяржава (а ў нашай краіне гэта зусім не дадатная прыкмета), мяркуючы па ўсім, прыйшло і да прадстаўнікоў IT сферы. Гэта досыць хутка адбілася на некаторых іншых паказчыках, і яны ўжо не настолькі вясёлкавыя.
Па-першае, прыпыніўся рост колькасці рэзідэнтаў ПВТ. У мінулым годзе, нягледзячы на пандэмію і палітычныя падзеі, колькасць рэзідэнтаў вырасла з 734 у першым квартале да 962 у чацвёртым квартале – практычна на чвэрць. У гэтым годзе ў першым квартале колькасць рэзідэнтаў складала 1014, у другім яна знізілася да 1012, да трэцяга падрасла да 1049. Разам рост склаў 3,5%.
Чаму так адбываецца – зразумела. Крымінальныя справы, пераследы айцішнікаў, адкрытая рыторыка пра тое, што яны «зажэрліся», як і банкіры, і за іх час «брацца», не спрыяюць жаданню развіваць бізнэс у краіне. Праблема ў тым, што банкіраў прасцей груба і прымітыўна «прэсаваць». А з айцішнікамі ўсё нашмат складаней. Ім можна падняць падаткі, але толькі да таго часу, пакуль яны будуць цярпець. Калі перастануць – месяц, і яны ўпырхнулі ў іншыя краіны. Прычым часта дастаткова, каб яны зрабілі гэта віртуальна. Працаваць і плаціць падаткі ў іншай краіне, не знаходзячыся ў ёй фізічна, зараз цалкам рэальна.
Па-другое, бачна, што ў сярэднім паступленне падаткаў на адну IT-арганізацыю скарацілася ў 3 квартале ў параўнанні з другім на 12%. У мінулым годзе трэці квартал таксама прасядаў, але толькі на 9%. Гэта значыць, што, па-першае, новыя рэзідэнты – не буйныя кампаніі, а па-другое, тыя, што працуюць у краіне даўно, не моцна імкнуцца развіваць тут бізнэс (ці, хутчэй за ўсё, развіваюць яго недзе яшчэ).
Нядаўна было праведзена апытанне Belarus IT Companies Club, якое вельмі выразна паказвае, што ў беларускай IT-сферы шмат песімізму наконт лёсу галіны ў рамках краіны. 78% апытаных сутыкнуліся са скарачэннем рынку тэхнічных спецыялістаў, а 80% рэспандэнтаў лічаць, што ўмовы для ІТ бізнэсу пагоршацца. Хтосьці з’яжджае, аслабеў прыток новых кадраў, без задаволенага попыту на адмыслоўцаў бізнэс у краіне проста не зможа паўнавартасна развівацца.
Ці хопіць розуму ва ўрада заўважыць трывожныя сігналы і змяніць тактыку, адмовіўшыся ад агрэсіўнага «даення»? Цяжка ўявіць, што ў цяперашняй сітуацыі на такія крокі ў кагосьці хопіць волі. Хутчэй, ціск будзе нарастаць і прывядзе да сумных наступстваў. Пакуль гэтага не адбываецца ў поўнай меры толькі таму, што, мяркуючы па ўсім, у колах, блізкіх да ўрада, ёсць людзі, якія імкнуцца лабіраваць інтарэсы IT. Гэта зразумела, напрыклад, па тым, якія змены будуць унесеныя ў Падатковы кодэкс у наступным годзе. У папярэднім праекце не меркавалася захаванне «спрошчанай сістэмы падаткаабкладання» для ІП, занятых у IT, але ў апошняй рэдакцыі гэтую прэферэнцыю ўсё ж захавалі. Відаць, удалося данесці, што, адабраўшы «спрошчаную сістэму падаткаабкладання» у фрылансераў, дзяржава страціць нашмат больш, чым набудзе.