In English:
«Nashy Groshy» on why the purchase of currency by Belarusians may increase
На русском языке:
«Нашы грошы» о том, почему беларусы могут усилить покупку валюты
Тэлеграм-канал «Нашы грошы» апублікаваў пост, у якім аналізуе даныя Нацбанка аб куплі і продажы замежнай валюты на ўнутраным рынку. Прыводны пост без зменаў.
Нацбанк апублікаваў статыстыку пакупкі-продажу замежнай валюты на ўнутраным рынку за адзінаццаць месяцаў. З яе вынікае, што насельніцтва стала чыстым прадаўцом валюты (гэта значыць больш прадае яе, чым купляе), і мы ўжо пісалі, што гэта адбудзецца.
Што ж адбывалася?
Са студзеня па чэрвень насельніцтва стабільна больш купляла валюту, чым прадавала. За шэсць месяцаў чыстая пакупка склала 457,8 млн даляраў. З ліпеня сітуацыя памянялася і за пяць наступных месяцаў насельніцтва прадало на 479,6 млн. даляраў больш, чым купіла.
Ілюстрацыя: тэлеграм-канал «Нашы грошы»
Такім чынам за студзень-лістапад беларусы купілі $9808,4 млн, а прадалі — $9830,3 млн. Гэта значыць, чыстая купля сфармавалася, але яна нязначная ў маштабах дзяржавы — 21,8 млн даляраў.
Чаму так адбылося?
Можна меркаваць, што, бачачы складаныя эканамічныя абставіны ў краіне і баючыся, што ўсё стане яшчэ больш сумна, беларусы ў пачатку года стараліся максімальна папоўніць сваю падушку бяспекі. Аднак рэсурсы на жыццё вычэрпваліся, і вось надышоў час назапашанае прадаваць.
Ёсць і іншыя фактары. Адыграла сваю ролю, напрыклад, тое, што беларускі рубель сёлета ўмацаваўся адносна іншых валют. А яшчэ — рост коштаў, які цяпер у два разы апярэджвае мэтавы прагноз Нацбанка. Гэта таксама паўплывала на патрэбы насельніцтва ў нацыянальнай валюце.
Такі стан рэчаў іграе на руку Нацбанку. За кошт нізкага курса і патрэбы насельніцтва купляць беларускія рублі ён можа папаўняць золатавалютныя рэзервы. Хаця, вядома, гэта не вырашае ўсіх праблем ва ўмовах вельмі абмежаванага доступу да замежных пазыковых рэсурсаў і вялікай долі даўгоў, намінаваных у замежнай валюце.
Снежань можа паднесці сюрпрызы, і маятнік статыстыкі куплі-продажу замежнай валюты на ўнутраным рынку насельніцтвам можа зноў хіснуцца ў іншы бок. Нягледзячы на тое, што інфляцыя працягвае заставацца на высокім узроўні, перыяд таннага даляра, здаецца, сканчваецца. Насельніцтва можа вярнуцца да пакупкі валюты за кошт перадсвяточных заробкаў на фоне росту негатыўных чаканняў.