Мігранты расказалі Reuters, як іх білі беларускія сілавікі і не пускалі назад

Юсэф Аталах з Сірыі. Фота: REUTERS / Marko Djurica
5 хв.

In English: Migrants told Reuters they were beaten by Belarusian security forces and not allowed going back
На русском языке: Мигранты рассказали Reuters, как их били беларусские силовики и не пускали обратно

Мігранты расказалі Reuters, што трапілі ў пастку паміж польскім і беларускім пагранпераходамі. Пакуль палякі не пускаюць іх на тэрыторыю Польшчы, беларускія памежнікі не дазваляюць вярнуцца ў Беларусь, транзітам праз якую яны прыбылі.

Юсэф Аталах баяўся, што памрэ ў лесе на мяжы з Польшчай, застаўшыся без ежы і вады на марозе. Па словах мігранта, пры спробе вярнуцца ў Беларусь на яго напаў беларускі сілавік, і з-за атрыманых траўмаў ён не мог дыхаць носам. Цяпер Юсеў знаходзіцца ў міграцыйным цэнтры ў Беластоку. Ён аказаўся адным з мігрантаў, заблакаваных у памежнай зоне беларускімі сілавікамі, якія раней дапамагалі мігрантам трапіць у Польшчу.

«Мы сказалі ім, што хочам вярнуцца ў Мінск, мы не жадаем працягваць гэтую паездку. Яны сказалі нам, што вам не вярнуцца ў Мінск. Проста едзьце ў Польшчу», – кажа Аталах.

Мігрант з Афганістана, які адмовіўся называць сваё імя, таксама распавёў Reuters пра свой досвед «жыцця» паміж Беларуссю і Польшчай, калі ён не мог павярнуць назад і адзіным выхадам было паспрабаваць зноў перасекчы мяжу з дапамогай беларускіх спецслужбаў.

«Самі беларускія салдаты прымушаюць і дапамагаюць мігрантам перасекчы мяжу», – сказаў ён.

Па словах афганца, беларускія сілавікі сказалі яму, што гэта загад ад дзяржавы.

Афганец, які ўцёк са сваёй радзімы пасля прыходу да ўлады ісламісцкіх баевікоў Талібана ў жніўні, апісаў, як кожную ноч беларускія вайскоўцы прыходзілі, забіралі групу з 30-40 мігрантаў з лагераў і штурхалі іх да мяжы.

«Яны глядзяць на мяжу і, калі там нікога няма, даюць балтарэз і прымушаюць прарэзаць плот з калючага дроту», – сказаў ён.

Нягледзячы на гэтае выпрабаванне, афганскі мігрант з аптымізмам глядзіць у будучыню, перабраўшыся на тэрыторыю ЕС.

«Цяпер я адчуваю сябе ў большай бяспецы. Я ўпэўнены, што пабудую тут добрую кар'еру і мой сын атрымае добрую адукацыю — яго будучыня будзе бяспечнай».

29-гадовы Тхэр Рэзк, мігрант з Сірыі, сказаў, што беларускія ахоўнікі часам прараблялі дзіркі ў агароджы, каб дапамагчы мігрантам трапіць у Польшчу ці Літву, а значыць, і ў Еўрапейскі Саюз.

Нагадаем, вось ужо чацвёрты дзень сама меней тысяча мігрантаў знаходзіцца ў прыгранічнай зоне паміж Беларуссю і Польшчай. Туды іх у панядзелак прывялі ўзброеныя беларускія сілавікі і не пусцілі на афіцыйны памежны пераход, праз які можна было легальна трапіць у Польшчу.

Мігранты разбілі намётавы лагер ля мяжы з Польшчай. Яны жадаюць трапіць туды для далейшага транзіту ў Германію. То штурмуюць мяжу, то выбачаюцца за гэта. Асаблівага выбару ў мігрантаў ужо няма: беларускія сілавікі не пускаюць іх назад, пачынаючы стральбу і ўжываючы сілу.

У ЕС лічаць, што беларускія ўлады штучна арганізавалі паток бежанцаў з Блізкага Усходу і называюць гэта гібрыднай агрэсіяй, закліканай пасеяць хаос на ўсходнім флангу блока НАТА.

Папярэдні матэрыял
«Цыгарэты PM рабіць перасталі, а кантрабанда ідзе ў РФ і Афганістан». Як ідуць справы ў тытунёвай кампаніі Алексіна «Інтэр Табака»?
Наступны матэрыял
«Стрэліць сабе ў абедзве нагі». Да чаго могуць прывесці пагрозы перакрыць нафту і газ

Iншыя матэрыялы