Лічыцца, што школа мусіць быць па-за палітыкай, але калі дзяржаўная палітыка пранікае ў саму тканіну жыцця і захоплівае ўсе слаі грамадства, даволі складана засцерагчы ад яе дзяцей. За апошні год Дзень ведаў стаў адным з самых палітызаваных святаў у календары беларуса. Адны дзеці ў гэты дзень маршыруюць па плошчы Перамогі з чырвона-зялёнымі сцягамі, іншыя пішуць адно і тое ж запаветнае жаданне на стыкерах — каб у краіне змяніўся прэзідэнт.
Многія школы да Дня ведаў упрыгожылі ўжо традыцыйныя надпісы «Тут скралі мой голас». Напамін аб фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў з’явіўся каля віцебскіх школ №45, №8, №28, №33, №5 і гімназіі №8.
У адной з мінскіх школ дзецям раздалі буклеты «Пра дзяўчынку Марусю, у якой мама і тата ў прафсаюзе». У буклеце дзецям у вершаванай форме распавядаюць, як выдатна жыць, калі бацькі ўступілі ў дзяржаўны прафсаюз: «А бацькам дае ён квоты на ўсялякія ільготы: у сацыяльным накірунку на лячэнне і на спорт, на турызм і на культуру, каб шчаслівым быў народ».
У некаторых раёнах Мінска ў гонар Дня ведаў з’явіліся пратэстныя сімвалы: бчб-сцяг узняўся над школай ў мікрараёне Лябяжы, на ўваходзе ў іншую школу з’явіўся намаляваны на тратуарнай плітцы бчб-сцяг з подпісам «Пахне чабор», што ў перакладзе з партызанскай мовы азначае «Жыве Беларусь!» Таксама бчб-сцяг з’явіўся напярэдадні Дня ведаў на высачэзнай будоўлі ў Грушаўцы.
У цэнтры Мінска на плошчы Перамогі быў заўважаны натоўп школьнікаў з дзяржаўнымі сцягамі. Пазней стала вядома, што гэта была патрыятычная акцыя «Мы на варце ў памяці стаім».
«У межах мерапрыемства была ўрачыста адкрыта ганаровая вахта памяці на Варце №1 горада-героя Мінска ў 2021/2022 навучальным годзе», — паведаміла агенцтва «Мінск-Навіны».
У акцыі, акрамя школьнікаў, удзельнічаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран, старшыня камітэта па адукацыі Наталля Праскурава і старшыня савета Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў Анатоль Адоньеў.
У гандлёвым цэнтры «Сталіца» 1-га верасня таксама не абышлося без афіцыёзу: у атрыуме павесілі велізарны дзяржаўны сцяг, пад якім хор выканаў гімн Рэспублікі Беларусь. Мабыць, гэта была алюзія на «Вольны хор», які выконваў у гандлёвых цэнтрах пратэстныя гімны — «Пагоню», «Магутны Божа», «Муры», рызыкуючы сесці за свае песні як мінімум на суткі, а то і па «крыміналцы».
У адной са школ сталіцы навучэнцаў малодшых класаў папрасілі напісаць запаветнае жаданне і павесіць на дошку. Перад вамі фота гэтай дошкі: на двух суседніх стыкерах дзеці просяць Сусвет, каб у краіне змяніўся прэзідэнт.