9 ліпеня 2021 года ўступіў у сілу ўказ №154, які адмяняе два ўказы — №240 «Аб некаторых пытаннях у сферы валютнага рэгулявання» і №301 «Аб адмене абавязковага продажу замежнай валюты».
Цяпер Нацбанк сумесна з урадам можа ўводзіць «валютныя абмежаванні ў выпадках пагрозы эканамічнай бяспецы Беларусі і стабільнасці яе фінансавай сістэмы на тэрмін не больш за адзін год».
Такая магчымасць была і раней, але не было даклданых тэрмінаў.
— Што маецца на ўвазе пад валютнымі абмежаваннямі?
Па словах доктара эканамічных навук Аляксандра Чарнавалава, цяпер Нацбанк можа цалкам забараніць правядзенне валютных і валютна-абменных аперацый.
Былы дарадца Савета бяспекі па пытаннях эканамічнай бяспекі Яўген Буры яшчэ ў маі казаў, што ва ўмовах недахопу валюты ў банкаўскай сістэме можа быць выдадзены «ўказ прэзідэнта» аб выдачы валютных укладаў насельніцтву беларускімі рублямі па курсе.
— Што такое «пагрозы эканамічнай бяспецы», калі могуць ўвесці абмежаванні?
Да прыкладу, абставіны, пры якіх ажыццяўленне мер па паслабленні або адмене валютных абмежаванняў можа пацягнуць пагаршэнне эканамічнай і фінансавай сітуацыі ў краіне. Таксама пад гэта вызначэнне падпадае негатыўнае развіццё сітуацыі ў плацежным балансе, з-за чаго золатавалютныя рэзервы могуць знізіцца ніжэй за дапушчальны ўзровень.
Пад пагрозамі эканамічнай бяспекі маюцца на ўвазе і рэзкія ваганні курсу беларускага рубля.
Але ёсць і станоўчыя моманты ўступлення ў сілу ўказа: з учорашняга дня юрыдычныя асобы не павінны атрымліваць дазвол на адкрыццё рахункаў у замежных банках і атрымалі магчымасць самастойнага вызначэння тэрмінаў вяртання валютнай выручкі.