На русском языке:
Тихановская нанесла визит в США и поговорила с Байденом
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам у Белым доме. Гэта галоўная падзея яе афіцыйнага візіту ў ЗША, які доўжыўся амаль два тыдні і падыходзіць да канца. Пра сустрэчу з Байдэнам і іншымі вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі ЗША, а таксама рэакцыі істэблішменту на візіт Ціханоўскай — у нашым матэрыяле.
«Я выходжу з Белага дома з упэўненасцю, што голас мільёнаў беларусаў быў пачуты», — заявіла Святлана Ціханоўская пасля сустрэчы.
Яна тэзісна прывяла пазіцыю беларускіх дэмакратычных сіл, якую даносіла прэзідэнту ЗША:
- Беларуская рэвалюцыя не звязаная з геапалітыкай. Гэта дэмакратычны выбар беларусаў, і маральны доўг ЗША — падтрымаць нас.
- Суверэнітэт Беларусі не падлягае абмеркаванню і гандлю. Любыя здзелкі, падпісаныя нелегітымным рэжымам, незаконныя.
- Рашэннем крызісу могуць стаць толькі новыя свабодныя выбары пад міжнародным кантролем. А ўсе зняволеныя па палітычных матывах павінны быць вызваленыя без усялякіх умоў.
- Крызіс у Беларусі павінен быць уключаны ў міжнародны парадак дня, у ААН і АБСЕ, а ўсе вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасці ў міжнародных судах.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з Ціханоўскай у сваім твітары:
«Я маю гонар сустрэцца з Ціханоўскай у Белым доме гэтай раніцай. ЗША працягвае падтрымліваць людзей у Беларусі на іх шляху да дэмакратыі і правоў чалавека».
I was honored to meet with @Tsihanouskaya at the White House this morning. The United States stands with the people of Belarus in their quest for democracy and universal human rights. pic.twitter.com/SdR6w4IBNZ
— President Biden (@POTUS) July 28, 2021
За час свайго візіту Святлана Ціханоўская таксама правяла перамовы: з дарадцам Байдэна па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам у Белым доме, з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, намеснікам дзяржсакратара Вікторыяй Нуланд, дарадцам Дзярждэпартамента ЗША Дэрэкам Шолле і многімі іншымі аўтарытэтнымі палітыкамі.
Істэблішмент ЗША пра візіт Ціханоўскай
Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс паведаміў, што ЗША працягвае разглядаць новыя санкцыі ў дачыненні да рэжыму ў Беларусі і заявіў, што ЗША будзе актыўна ўдзельнічаць у расследаванні леташніх выбараў, парушэнняў правоў чалавека і рэпрэсій.
«Узровень узаемадзеяння, які мы бачылі ўчора са спадарыняй Ціханоўскай, быў беспрэцэдэнтным узроўнем узаемадзеяння з беларускім лідарам у гэтым стагоддзі», — сказаў Прайс.
Старшыня Камітэта Сената ЗША па міжнародных адносінах Роберт Мэнэндэс заклікаў ЗША ўвесці сектаральныя санкцыі супраць беларускага рэжыму.
«Для мяне было вялікім гонарам сустрэцца з Ціханоўскай сёння ў Сенаце. ЗША мусіць аднавіць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і ўвесці сектаральныя санкцыі ў адказ на рэпрэсіі ўрада», — напісаў Мэнэндэс.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен пасля перамоваў са Святланай Ціханоўскай:
«Мы абмеркавалі выхад з палітычнага крызісу: вызваленне ўсіх палітвязняў, інклюзіўны дыялог і новыя выбары. Жыве Беларусь!», — напісаў Блінкен.
Афіцыйны прадстаўнік СНБ Эмілі Хорн пасля сустрэчы Святланы Ціханоўскай з дарадцам па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам напісала:
«Злучаныя Штаты разам з партнёрамі і саюзнікамі будуць працягваць прыцягваць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за свае дзеянні, у тым ліку шляхам увядзення санкцый», — паведаміла Хорн.
Ціханоўская заклікала ЗША:
- узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці — праваабаронцаў, рэгіянальных ініцыятываў, студэнцтва, сем'яў палітвязняў, медыя;
- узмацніць ціск на рэжым, у тым ліку — праз скаардынаваныя з ЕС санкцыі ў дачыненні да канкрэтных «кашалькоў» рэжыму і закрыццё шчылін для іх абыходу;
- тых, хто адказны за рэпрэсіі супраць беларусаў, — прыцягнуць да адказнасці. І паслаць у Крэмль сігнал з заклікам спыніць падтрымку нелегітымнага рэжыму;
- не весці ніякага супрацоўніцтва з рэжымам, у тым ліку праграмы Сусветнага банка, МВФ — у адпаведнасці з палітыкай Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які быў прыняты ў снежні 2020 года;
- падымаць пытанне Беларусі падчас міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўню і запрашаць да ўдзелу ў іх беларускія дэмакратычныя сілы.
Нагадаем, напярэдадні афіцыйнага візіту Святланы Ціханоўскай у ЗША выданне The Washington Post выпусціла калонку, у якой заклікала прэзідэнта ЗША Джо Байдэна неадкладна ўвесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.