«Адкат на колах»: Алексін падарыў Лукашэнку 9 аўтамабіляў і матацыклаў коштам €1,5 млн

siena.lt
15 хв.

In English: «Payoff on wheels»: Oleksin presented Lukashenka with 9 cars and motorcycles worth €1.5 million
На русском языке: «Откат на колесах»: Олексин подарил Лукашенко 9 автомобилей и мотоциклов стоимостью €1,5 млн

Літоўскае выданне Siena, праграма «Давайце разбірацца» тэлеканала Белсат, Алесь Ярашэвіч, Аляксей Карпека (@menskdoldrums), Вольга Ратмірава і OCCRP выпусцілі сумеснае расследаванне, у якім дзякуючы злітым Кібер-Партызанамі дакументам з базы даных рэгістрацыі транспартных сродкаў Беларусі, стала вядома, што праўладны бізнэсмэн Аляксей Алексін падарыў службе асабістай аховы Лукашэнкі дзевяць аўтамабіляў і матацыклаў.

«Паслуга за паслугу». Як Лукашэнка зрабіў Алексіна «тытунёвым каралём»?

У жніўні 2018 года Лукашэнка даў Алексіну і яго кампаніі «Энерга-Ойл» эксклюзіўныя правы на аптовыя продажы ўсіх цыгарэт, якія вырабляюцца на Гродзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман». Кампанія «Энерга-Ойл» таксама атрымала права ўзяць на сябе кіраванне найбуйнейшай у краіне сеткай цыгарэтных кіёскаў (табакеркі) і атрымала рэдкую ліцэнзію на імпарт цыгарэт. Крыху пазней падтрымка пайшла далей і Лукашэнка перакроіў межы Мінска, каб Алексін мог пабудаваць цыгарэтную фабрыку за межамі афіцыйных межаў горада, «верагодна, з прычынаў, звязаных з ухіленнем ад выплаты падаткаў».

Такім чынам Лукашэнка фактычна перадаў адну з найбуйнейшых галін у краіне Аляксею Алексіну, які ніколі раней не працаваў у тытунёвым сектары. А неўзабаве пасля атрымання такой падтрымкі, у кастрычніку 2018 года, Алексін падарыў службе бяспекі Лукашэнку восем аўтамабіляў і матацыклаў, а месяцам пазней, яшчэ адзін.

Некаторыя з падораных аўтамабіляў уяўляюць адмысловую каштоўнасць сваёй унікальнасцю, сярод падарункаў былі:

  • BCC Vintage 2018 года выпуску;
  • Дзве мадэлі Maybach 62S коштам каля 500 000 даляраў кожная;
  • Chevrolet Impala 1958 коштам каля 100 000 еўра (113 000 даляраў);
  • Класічны ГАЗ-96 1967;
  • Renault Twizy 2013;
  • Harley-Davidson 2017 года;
  • Вінтажны матацыкл Jawa 350 1969;
  • Трыцыкл Spyder F3SM6 2015 года.

На публіцы Лукашэнка з’явіўся як мінімум з двума згаданымі аўтамабілямі. У гаражы адназначна стаіць Maybach 62S, а на ГАЗ-69 ён вазіў Уладзіміра Пуціна, калі 12 кастрычніка 2018 года зладзіў яму экскурсію па Александрыі.

«Адкат на колах»: Алексін падарыў Лукашэнку 9 аўтамабіляў і матацыклаў коштам €1,5 млн

Лукашэнка вязе Пуціна па Александрыі 12 кастрычніка 2018 года / Planetpix / Alamy Stock Photo

Варта асобна сказаць і пра аўтамабіль BCC Vintage 2018 года выпуску, які зрабіла маскоўская майстэрня Bilenkin Classic Cars, якая спецыялізуецца на рамонце і мадэрнізацыі вінтажных аўтамабіляў. Характэрна, што фота інтэр’еру гэтага аўтамабіля было размешчана ў instagram-акаўнце майстэрні. На ім выразна відаць Палац Незалежнасці і афіцыйны сцяг на пярэдняй панэлі. Аднак, пасля званка журналістаў, кампанія выдаліла гэтую фатаграфію.

«Адкат на колах»: Алексін падарыў Лукашэнку 9 аўтамабіляў і матацыклаў коштам €1,5 млн

Фота салона BCC Vintage 2018 г. у Instagram майстэрні Bilenkin Classic Cars / Instagram / BCC

Літоўскі палітолаг Нерыюс Малюкявічус, каментуючы гэтую інфармацыю, сказаў, што шчодрыя падарункі ствараюць бачнасць «паслугі за паслугу».

«Калі для палітычных дзеячаў ці арганізацый купляюцца раскошныя аўтамабілі, гэта нагадвае адкат у расійскім стылі […] Ва ўмовах дэмакратыі за гэтым ішлі б адстаўкі і скандалы. У Расіі ці Беларусі гэта звычайная справа», – сказаў Малюкявічус.

Расследавальнікі звярнуліся па каментар як да Алексіна, так і да Адміністрацыі Лукашэнкі. Першы ад каментароў адмовіўся, а адміністрацыя нават не адказала на запыт.

Па словах журналістаў, матацыклы цалкам маглі прызначацца для Віктара Лукашэнкі, які з’яўляецца заўзятым байкерам і энтузіястам Harley-Davidson. У 2019 годзе Алексін нават паехаў разам з ім на расійскі мотапрабег, арганізаваны Міжнародным байкерскім клубам Iron Birds, сузаснавальнікам якога з’яўляецца сын аўтарытарнага лідара.

Што ж тычыцца аўтамабіляў, то дырэктар літоўскага аўтасалона Deals on Wheels Лаўрынас Багушавічус, ацаніў іх на суму да 1,5 мільёна еўра (каля 1,7 мільёна даляраў). Па ягоных словах, два Maybach былі асабліва каштоўнымі і маглі нават каштаваць больш, чым паказаны кошт.

«Гэтыя аўтамабілі настолькі рэдкія і іх так мала, што іх кошт настолькі вялікі, наколькі жадае прадавец», – сказаў Багушавічус.

Здзелка на сотні мільёнаў даляраў?

Расследавальнікі выявілі, што паглынанне Алексіным аптовых продажаў фабрыкі «Нёман» у 2018 годзе супала з рэкордным ростам кантрабанды цыгарэт у Еўрапейскі Саюз праз Літву. Толькі за 2020 год літоўскія ўлады канфіскавалі 17,2 мільёна пачкаў кантрабандных беларускіх цыгарэт, для параўнання ў 2017 годзе іх колькасць складала 4,8 мільёна.

«У апошнія гады стала звычайнай з’явай выяўляць ад 1000 да 1500 скрынь [да 750 000 пачкаў] кантрабандных цыгарэт у адным грузавіку, што раней было выключнай з’явай», – сказаў Гедымінас Кулікаўскас, прадстаўнік Службы крымінальнага правасуддзя Літоўскай мытні.

Уся справа ў тым, што Беларусь вырабляе значна больш цыгарэт, чым можа паглынуць унутраны рынак краіны. Адна толькі фабрыка «Нёман» летась зрабіла больш за 30 мільярдаў цыгарэт, а спажыванне на ўнутраным рынку ацэньваецца ўсяго ў 16 мільярдаў (звесткі на 2018 год).

Прадпрыемствы Алексіна адыгрываюць ключавую ролю ў пастаўках цыгарэт, якія ў канчатковым выніку перапраўляюцца кантрабандай у ЕС. Аднак сам бізнэсмэн сваё дачыненне да кантрабанды катэгарычна адмаўляе.

«Гэта ўсяго толькі чуткі, і хтосьці іх распаўсюджвае», – сказаў ён OCCRP у кароткім тэлефонным інтэрв’ю ў пачатку гэтага года.

Дарэчы, у пачатку лістапада мы выпусцілі расследаванне, дзе распавялі, куды ідзе кантрабанда цыгарэт «Інтэр Табака», з чаго яны зроблены, а таксама высветлілі, што сёння на фабрыцы Алексіна з 7 ліній працуе толькі 3.

Папярэдні матэрыял
Лукашэнка хацеў купіць верталёт за $17 мільёнаў, але вытворца адмовіўся
Наступны матэрыял
Колькі каштуюць падораныя Лукашэнку аўтамабілі? Расследаванне BYPOL

Iншыя матэрыялы