Медыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч апублікаваў вынікі апытання BIPI, якое было праведзенае сярод беларускай інтэрнэт-аўдыторыі ў жніўні 2021 года.
Сярод 1208 рэспандэнтаў, ажно 32% паведамілі, што перанеслі COVID-19. Яшчэ 19% не змаглі адказаць на гэтае пытанне.
Было і пытанне пра гатоўнасць прайсці вакцынацыю, дзе толькі 36% далі станоўчы адказ.
Сярод тых, хто перахварэў, гатоўнасць прышчапіцца трохі вышэй, але нават у гэтай групе больш за палову (52% ) адказалі, што не гатовыя вакцынавацца.
Большасць не хоча прышчапляцца ніякай вакцынай. Беларусы крытычна ставяцца да ўсіх варыянтаў вакцын, адносна высокая лаяльнасць толькі да Спутніка.
У кожнага свае прычыны адмаўляцца ад вакцынацыі. Але трэба разумець, што эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі цяпер моцна пагоршылася. Таму мы ў чарговы раз нагадваем аб неабходнасці насіць маскі ў грамадскіх месцах і магчымасці вакцынацыі ад COVID-19.