На русском языке:
Обстоятельства депортации Смактуновича во многом не сходятся с тем, что говорит его жена, пограничники и даже он сам
Сёння раніцай выданне Most паведаміла, што беларуса Дзмітрыя Смактуновіча дэпартавалі з Польшчы з-за таго, што Літва анулявала яго ВНЖ. Гэтая інфармацыя была атрымана ад яго жонкі Наталлі, якая пасля паведамляла далейшыя падрабязнасці сітуацыі з Дзмітрыям. Адначасова з гэтым пачалі зʼяўляцца дадзеныя ад іншых крыніц, і чым далей, тым больш зʼяўлялася і разыходжанняў у інфармацыі ад розных асоб, а разам з тым узнікала і пытанняў.
Ці сапраўды мужчына быў дэпартаваны з Польшчы?
Жонка Дзмітрыя паведамляла, што яго затрымалі яшчэ раніцай 11 чэрвеня і вывезлі на мяжу з Беларуссю з далейшым рашэннем аб дэпартацыі з Польшчы.
Аднак гэта не стасуецца з каментаром прэс-сакратара Надбужанскага аддзела памежслужбы Польшчы Дарыюша Сеніцкага, які на пытанне выдання Zerkalo.io пра Дзмітрыя, які быў дэпартаваны з Польшчы і адмовіўся вяртацца ў Беларусь, адказаў:
«Не, гэты чалавек спрабаваў перайсці мяжу пешшу, ён прыбыў з тэрыторыі Беларусі. Але быў затрыманы памежнікамі яшчэ на ўваходзе ў пункт пропуску «Цярэспаль» і адпраўлены назад», – сказаў Сеніцкі.
У чым менавіта прычына выправаджэння з Польшчы?
Першапачаткова паведамлялася, што прычынай дэпартацыі можа быць тое, што ў мужчыны ануляваны літоўскі ВНЖ. Але ўжо пасля таго, як пра гэта напісала выданне Мост, высветліўся больш сур’ёзны аспект у біяграфіі — мужчына перавозіў нелегальных мігрантаў, якія ўязджаюць у Польшчу з беларускага боку. Аднак жонка паведаміла, што судзімасць пагашана.
Не ведаў, што перавозіць нелегальных мігрантаў супрацьзаконна, але дапамог узяць верхавіну?
Яшчэ адзін момант, на які трэба звярнуць увагу, прагучаў у інтэрвʼю жонкі выданню Zerkalo.io. Гаворачы аб перавозцы мігрантаў, Наталля паўтарыла, што Дзмітрый актыўна дапамагаў следству і дапамог узяць верхавіну.
Але ўжо ў наступным сказе гаворыцца, што Дзмітрый не ведаў, што гэта была нелегальная падпрацоўка. Яму яе прапанавалі «ў нейкім чаце, ён пагадзіўся. І на сваім асабістым аўтамабілі на беларускіх нумарах павёз гэтых мігрантаў. Адʼехаў ад мяжы на кіламетраў пяць, і ў лесе яго злавілі. А Дзіма на той момант думаў, што проста трэба давезці людзей».
Небяспечна вяртацца ў Беларусь з-за грамадзянскай пазіцыі
Гэты момант таксама быў агучаны ягонай жонкай у інтэрвʼю выданню «Мост». Яна паведаміла, што Дзмітрый актыўна каментаваў падзеі 2020 года ў сацсетках, а пасля апошняга адʼезду з Беларусі яму прыйшла позва з ваенкамата. Да яго маці прыходзілі людзі, якія цікавіліся мужчынам.
А потым з ім звязаліся знаёмыя «з органаў» і рэкамендавалі па магчымасці не прыязджаць у Беларусь, таму што на яго ёсць нейкія матэрыялы.
Невядома, ці праўда гэта, але Belpol паведамілі БГМ, што Дзмітрый не прыцягваўся да адміністрацыйнай альбо крымінальнай адказнасці па палітычных матывах у Беларусі. А BYPOL таксама паведамілі, што Дзмітрыя няма ў базе «Беспарадкі» на 2021 г., няма дадзеных пра ягоны ўдзел у пратэстах, і негатыўных каментароў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі не выяўлена.